Выбрать главу

1-га верасня. А паўвосьмай пазваніла Макалёва жонка — ноччу памёр Пятрусь. На кватэры ў сябра мастака. Седзячы — сплючы — у крэсле. Днём пілі ў Макаля. Вечарам пайшлі працягваць да мастака. Апоўначы гаспадар пазваніў Галі: “Пятрусь спіць у крэсле, хай спіць; прыйдзе як праспіцца…” Яна супакоілася, да такога прывыкла. Не праспаўся і не прыйшоў.

Няшчасце Беларусі і беларускай літаратуры. Можа, ужо сотая смерць ад гарэлкі. Але ж і паказчык! Баюся, што ў Еўропе мы на першым месцы. Значыць, на апошнім па культуры.

Паўдня шукаў кіраўнікоў СП — каб сказаць пра Макаля. Ні аднаго ў Мінску.

2-га верасня. З раніцы — у ПТВ № 38, паліграфістаў, у сувязі з Днём пісьменства і культуры. Слухалі, але… У большасці — без жывінкі ў вачах. Хоць будуць рабіць кніжкі.

У 12 гадзін быў на юбілеі (25 гадоў працы ў музвучылішчы) А. Мурзіча. Пераканаўся, як яго шануюць і любяць. Педагог па прызванню.

4-га верасня. Быў на развітанні з Макалём. Хворы. На могілкі не паехаў. Усё думаю пра тое ж: пра наша пракляцце.

15-га верасня. Сёння многія паехалі на радзіму Драздовіча. А я не магу. Хварэю. А так хацелася пабыць там! Пакланіцца яго зямлі і яго магіле. На такіх непахісных і апантаных, як ён, мы трымаліся і трымаемся дагэтуль. І вытрымаем!

23-га верасня. Сустрэча ў Смалявічах, у школе. Арганізавала былая наша студэнтка Лук’янава (Белановіч) А.В. Быў В. Баркун — мой аднакурснік па педвучылішчы. Па друку за мною сочыць. Але — ні слова такога, каб… Больш, нават настойліва, пытаўся пра маю кватэру, дачу, пенсію… Была і К. Юша — як і ў студэнцтве, душа светлая і ўзнёслая. І беларуская. Сустрэча, на жаль, прайшла па “плану ўрока”, які вяла настаўніца. Ініцыятыва была не ў мяне. На жаль.

У Смалявічах беларускіх школ няма і беларусізацыя згортваецца. Як і амаль усюды.

24-га верасня. Вечарына Бураўкіна ў Музеі Купалы. Усё яшчэ грыміць юбілей. Цэлы месяц. Некалькі перадач па тэле, па радыё. Вечары і сустрэчы. Паглядзець — дык беларускую паэзію і цэняць, і шануюць. Куды ўжо лепш!.. У Музеі сказаў некалькі слоў і я. Перш за ўсё — аб яго песенным наробку.

26-га верасня. І ўчора, і сёння — у Музеі гісторыі літаратуры. Заўтра — адкрыццё выставы. Здаецца, дзяўчаты, як я іх заву, разам з мастаком Г. Чыстым, зрабілі ўсё магчымае і нават больш. І аднак жа — хвалююся. Яшчэ больш хвалюецца Л. В. Макарэвіч — галоўная аўтарка канцэпцыі выставы і наогул — галоўная ў ажыццяўленні гэтай “Тэрэзінай задумы”. А задума — так, намесніцы дырэктара Музея Тэрэзы Голуб.

27-га верасня. Адкрылася выстава. Людзей было багата. Паэтаў — зусім мала. Законнікаў, Пісьмянкоў, Дранько-Майсюк… Дудараў. Кампазітар Ханок. Пасол Балгарыі М. Ганчаў. Найдан — з бальніцы ўцёкшы. Дарадчык пасольства Украіны. І ні адной душы — з маіх равеснікаў, са старэйшых. На юбілейнай выставе народнага паэта Беларусі — тры паэты! Вось і ўся павага, і ўся ацэнка, і ўся любоў!.. Ад “ЛіМа” была Каржанеўская. Ад Міністэрства культуры — намеснік міністра Гедройц, — адзіная афіцыйная асоба. Быў Шушкевіч, выступіў. Быў акадэмік Гарэцкі. Было колькі старых калялітаратурных п’яніц (прыйшлі дзеля фуршэту). Упрыгожыла ўрачыстую частку дэлегацыя з Докшыцкага раёна — з хлебам-соллю, з журавінамі, з гусіным яйкам. Гэта сапраўды глядзелася і ўсіх узрушыла. Лепш за ўсіх з гасцей сказаў А. Пісьмянкоў (уражанне, што некаторыя проста не ведаюць, што пра Н. Гілевіча сказаць). Добра гаварылі “дзяўчаты” — Л. В. Макарэвіч і Т.С. Голуб. Таксама і Гедройц.

Фуршэт… пітва і закускі было ўдосталь. Уклад Ніны Іванаўны істотна падтрымаў Музей, дакладней — Л. Т. Хадкевіч.

30-га верасня. Прыйшлі павіншаваць: Матукоўскія, Бураўкіны (аднекуль заходам), Дударавы, Някляеў. Астатнія — свае, родзічы і сваякі. Пілі-елі, шмат рагаталі (інспірыравала смех, вядома ж, Ніна Іванаўна). Як і заўсёды: з палёгкай уздыхнуў, калі кончылася.

4-га кастрычніка. Вечарам быў на інаўгурацыі Універсітэта Культуры — па запрашэнню рэктара Я.Д. Грыгаровіч. Усё, што магу сказаць — прыгожая і здольная моладзь!..

8-га кастрычніка. Быў у выдавецтве, у Брылёўны (Н. І. Брыль-Семашкевіч). Знялі пытанні па карэктуры Першага тома Збору. Трачу апошнія надзеі, што патрымаю ў руках хоць Першы. Бо ўсё хіліцца да таго, што нацыяналістам ходу не дадуць. Пачнуць душыць. Бліжэйшы час пакажа.

12-га кастрычніка. У 12–30 — сустрэча ў Гуманітарным Ліцэі, па просьбе Л.Баршчэўскага. Вярнуўся з вельмі добрымі думкамі, у настроі. Моладзь не толькі прыгожая і здольная, але і Беларуская. Гонар і хвала выкладчыкам. Будзем жыць!