Паглядзеў выдадзеныя Ліцэем беларускія падручнікі. Яшчэ раз — гонар і хвала! Як прафесійна, як хораша, засведчылі, можна ўсё рабіць! Калі б не душылі невукі і манкурты.
16-га кастрычніка. 13 гадзін. Сустрэча ў Мінскім педвучылішчы, па запрашэнні Ж.Н. Прыйман (у БДУ — у студэнцтве — Ляпешка). Пытанняў было мала. Увогуле чакаў большага. Большай аддачы, ці што? Ці яны чакалі не такой паэзіі? А якой? Бардаўскай? Прымітыўнай?
Паспеў у СП на канец агульнага сходу, які заявіў НЕ лукашызму. Сарваў — чуць не прынялі — прапанову В. Бл. “паслаць рэзалюцыю і Усенароднаму сходу”. Яшчэ чаго не хапала!
18-га кастрычніка. Нацыянальны Кангрэс у абарону дэмакратыі — супроць дыктатуры. Выступіў у першай палавіне дня. Па напісанаму тэксту, які буду друкаваць (у “ЛіМе”? У “Народнай Волі”?). Лічу адным з лепшых сваіх публічных удараў па лукашызму і ўсіх іншых ворагах незалежнай Беларусі. Дзясяткі людзей падыходзілі павіншаваць і падзякаваць — “за ўсё, што вы робіце для выратавання Беларусі, за тое, што вы ёсць”. Нават з цалаваннем рукі, чаго я ўвогуле не цярплю.
Кангрэс прайшоў на ўзроўні.
19-га кастрычніка. Быў на мітынгу, каля Опернага. Не да самага канца. Відовішча — вельмі ўражлівае. А рыхтаваць мітынгі трэба лепш (каму даць слова, у якім парадку і г.д.).
22-га кастрычніка. Быў экскурсаводам на сваёй выставе — для тэлеперадачы “Беларускі дом”. Пасля — размова з наведнікамі і чытанне вершаў. Слухалі з сардэчнай увагай.
Вечарам з Вярцінскім былі ў Найдана ў гонар прыезду яго Мінкі. Размова цякла разнабойная і разнамоўная, таму былі нядоўга. Адвёз дадому Найдан, дзякаваць Богу, ён добра аздаравеў пасля аперацыі язвы.
31-га кастрычніка. Юбілей БДУ, у сценах якога — студэнтам і выкладчыкам — прадыхаў 35 гадоў (з 65 пражытых). На вечар не пайшоў. Глядзеў па тэлевізары. І добра, што не пайшоў. Не вытрымаў бы там ад сораму і ганьбы. Усякія былі дзівосы, але такога!.. У прэзідыуме — Гэны і Філарэт (а ўсяго — пяцёра). Філарэт — гонар беларускага нацыянальнага ўніверсітэта! Да чаго дакаціліся!
Між іншым, в. а. прэзідэнта АНБ А. Ганчарэнка ў сваім прывітальным слове сярод тых выпускнікоў (і не толькі), што стварылі свае школы, свае кірункі, назваў і Гілевіча. У прысутнасці асэсара, які дзесяць дзён таму ў дакладзе на Усебеларускім сходзе маё імя падаў у множным ліку — “гилевичи”. Дзякуй, Андрэй Маркавіч, за падтрымку!
19-га лістапада. На юбілейным вечары Э. Ханка (25-годдзе творчай дзейнасці) — пачалося! Тое, што я так рэзка асудзіў у нататках пра фестываль “Іграй, гармонік”. Там была адна прыпеўка ў гонар асэсара і ў выкананні местачковай маладзіцы, а тут — цэлая песня-гімн пра яго, і аўтар і першы выканаўца — народны, вядомы, маэстра Э. Ханок! Ах, Эдуард Сямёнавіч! Такою цаной здабываць рэгаліі? (Між іншым, калі сам Ханок заспяваў сваю песню ў гонар яго, Бураўкін шапнуў да мяне: “Цяпер ты разумееш, чаму ён атрымаў званне Народнага? Хоць быў варты і без гэтага.”).
Тут жа ў зале я адчуў, як прыцьмела ўсё маё супрацоўніцтва з таленавітым меладыстам.
І так, пачалося. Дакладней, вяртаецца. “Мы Сталіну роднаму ў песні…“ Агідна. Талент — і грамадзянін. Як гэта не часта супадае!
20-га лістапада. “Настаўніцкая” апублікавала маю размову ў Музеі. Ёсць у ёй і моманты прынцыпова важныя — аб будучыні нашай літаратуры, аб калабарантах… І ўсё ж у жанрах інтэрв’ю, размовы трэба быць больш асцярожным.
21-га лістапада. Сёння ў “Народнай Волі” змешчана — нарэшце! — маё выступленне на Кангрэсе — з невялікімі дапаўненнямі. Прачытаў — і зноў запаліўся. Ад свайго ж! І адчуў — што не сёння — заўтра напішу яшчэ нешта. Маўчаць не змагу. У Беларусі — чорт ведае што творыцца! Дакладней — што вытварае асэсар! Прыляцелі міратворцы з Масквы. Якая ганьба! Уяўляю, як плююцца і рагочуць з беларускіх ахламонаў у Літве, у маленькай Эстоніі і ў цэлым вялікім свеце.
У такім настроі адкрываў і вёў вечар, прысвечаны 90-годдзю першай публікацыі Якуба Коласа.
22-га лістапада. “ЛіМ” апублікаваў мае злосныя іранічныя вершы. “Ода”, па-мойму, атрымалася. А увогуле — стаміўся я ўжо і ад сваіх іроній (ад лірыкі — даўно). Стаміўся! У грудзях так цісне, што не дае дыхаць. Задыхаюся.
23-га лістапада. Палітычныя падзеі развіваюцца шалёным тэмпам. Зноў усё адкруцілася назад — як было да ночы з 21-га на 22-ое. Толькі яшчэ ў большую лютасць увайшоў асэсар. Пагражае знесці і змесці з дарогі да гітлераўскай пасады — усіх і ўсё. Заўтра, відаць, будзе адносна ціха, будуць галасаваць. Ну а 25-га, к вечару, ён сябе пакажа. Пачнецца!..