24-га лістапада. Схадзілі на выбарчы ўчастак. Дзеля Хадыкі. Аддалі яму галасы. А рэферэндумныя бюлетэні не бралі зусім. Вечарам пачулі, што Карпенка дэманстратыўна свой бюлетэнь парваў і кінуў у кош — на вачах у членаў камісіі. А тыя вынялі і склеілі…
25-га лістапада. У асэсара поўны трыумф. Нават больш, чым чакаўся. Хоць у “перамозе” сумненняў не было. Вось, што значыць бесхрыбетнасць і халуйства “таксамабеларусаў”! Не могуць іначай. Не могуць! Прыехаў з Масквы Дзяржымордзін “со товарищи” — і ўсё! Шарэцкія скапыціліся. Ну, цяпер трымайцеся!..
28-га лістапада. “Канстытуцыя” асэсара ўступіла ў сілу. Вярхоўны Савет распушчаны. Утворана Палата прадстаўнікоў. На чале — былы генсек Малафееў. Усплыў-такі! Але ж і грымеў блокамі суслаўскай палітграматы! Аж не верыцца.
У непрымірымых з разгонам ВС — пэўная разгубленасць. Іх ужо нават у будынак Дома Урада не пускаюць. А як загагакалі прадажнікі!.. Страх бачыць і слухаць! Апошнія дні, канешне ж, дажывае і Канстытуцыйны суд. Ах, шаноўны прафесар Ціхіня! У гісторыі спазняцца няможна. Імпічмент трэба было аб’яўляць у пятніцу. На аснове Канстытуцыі, якая мела сілу. Не хапіла духу? Ну, так, без духу не змагчы псяюху. Куды ж без духу? Толькі кветачкі падстрыгаць на дачы…
3-га снежня. У Лісабоне вялікі асэсар не аднойчы атрымаў поўху і апынуўся ў ізаляцыі. Але — як з гусі вада! Ані шманае! Відаць, да яго проста не даходзіць, што адбываецца. Не здольны зразумець.
Глядзеў у ДЛ фільм Жданоўскага “За Кушлянамі — снег” (па просьбе Жамойціна). Фільм зроблены прафесійна, глядзіцца (і слухаецца! Песні Жамойціна гучаць), але і прэтэнзій да яго нямала. Іх найлепш выказаў праф. Савіцкі М.І. Мне давялося крыху здыпламатнічаць — каб не засмучаць Алеся, ён, бачна, проста шчаслівы ад гэтай кінастужкі. Тым болей, што фільм не пераробіш. Алесь фактычна — герой фільма, — жывы, дзейны, а Багушэвіч — толькі як легенда, пра якую і клапоціцца ў Кушлянах шчыры і разумны нашчадак Францішка.
4-га снежня. Быў на сходзе дэмакратычнай апазіцыі ў ДЛ. Слова не браў, хоць узяць быў гатовы. Адрынутыя дэпутаты ХІІІ склікання апомніліся і пачынаюць дзейнічаць. Пакуль — прамовамі, жорсткай крытыкай, адозвамі-зваротамі да народа, да міжнароднай грамадскасці. Рашучасці і пафасу на сходзе было аж зашмат, нават з правакацыйнымі воклічамі.
У прэзідыуме сядзелі: Шарэцкі (вёў сход), Карпенка, Хадыка, Статкевіч, Р.Гарэцкі і Я. Брыль. Усе выступілі выдатна: Грыб, Шлындзікаў, Нікітчанка, Анцулевіч і іншыя. А лепш за ўсіх — сястра А. Майсені Л. І. Шлома. Напомніла пра галоўнае — пра тое, што фактычна пачаўся аншлюс Беларусі, і запатрабавала ўнесці гэта ў выніковы дакумент.
6-га снежня. У аўторак перадаў выдавецтву рукапіс 2-га тома, а сёння завёз і фотаздымкі для яго. Надзей, што дачакаюся, малавата. Званіў на паліграфкамбінат. Германаў у адпачынку, гаварыў з яго намеснікам Жардзецкай. Друкары чакаюць грошай ад выдавецтва. Атрымаюць грошы (доўг — 700 млн) — адразу ж будуць рабіць тыраж. А ці атрымаюць — ніхто не ведае.
Вечарам заходзіў У. М. Конан, забраў мае адказы на пытанні яго Лолы Утміраўны — для “ЛГ”. Сядзеў над гэтымі адказамі ў такім настроі, што, відаць, не надта ўзрадую “литературку”, і будзе шкада страчанага часу і сіл.
Ну а асэсар тым часам дзейнічае. КС ліквідаваны, часова яго ўзначаліў рэнегат В. (хто б падумаў! Як я сімпатызаваў яму ў ВС!..).
Прэса асэнсоўвае памылкі і пралікі дэмакратычнай апазіцыі. Ну так, усё называецца правільна. Але — без самага галоўнага. Пра што крычу і крычу, не змаўкаючы: станьма спачатку на грунт беларускай ідэі, панове, станьма беларусамі, зробім беларусамі бальшыню народа — і тады асэсар са сваёй хунтай будзе пераможаны! Гэта — прычына прычын паразы! Зразумейце ж, нарэшце!
7-га снежня. Учора хадзіў — праз не магу — у к/т “Масква”, каб паглядзець “На чорных лядах” (па настойлівай просьбе аўтара Панамарова, сам запрашэнне прынёс дадому). Схадзіў — і ні з чым вярнуўся: у дзвярах усмешлівая мадама сказала: “Фільм адмянілі. Не знайшлі кінастужку, паглядзіце Турава, раз ужо прыйшлі!..” А сёння ў “СН” вычытаў: адзіная копія “На чорных лядах” знікла. Знікла — і ўсё! Чаму і як — думай што хочаш.
8-га снежня. Званіў С. Запрудскі з “Нёмана”, угаварыў напісаць прадмову да публікацыі І. І. Насовіча “Воспоминания моей жизни”. Даў згоду, а цяпер шкадую: ці тое гэта, што я павінен рабіць? Колькі часу забярэ! Адно суцяшае, што матэрыял дае магчымасць пагаварыць аб русіфікацыі Беларусі ў 19-м стагоддзі, аб трагедыі беларускай інтэлігенцыі і ўсяго нашага народа.