Выбрать главу

9-га снежня. Быў на вечары М. Багдановіча ў Доме Літаратара. Сказаў слова. Не забыўшы і пра яго магілу ў Ялце. Акцэнт жа зрабіў на адукаванасці і культуры Багдановіча — на тым, чаго так нестае ўсім нам. Добра сказалі пра Паэта Разанаў і Дранько-Майсюк, асабліва першы. Настрой сапсаваў С. Панізнік. Паказаў аб’ёмісты том вершаў і артыкулаў, прысвечаных Багдановічу, — толькі-толькі выйшаў з друку. І ў томе няма “Апошняй сустрэчы з Веранікай”, — верша, якім я па справядлівасці ганаруся. Вось так можна абыходзіцца з народным паэтам Беларусі. Не вытрымаў канкурэнцыі з дзясяткамі вершатворцаў, якія ў зборнік трапілі, — нават з пачаткоўцамі. Ну, што ж, праглыну і гэту жабу. Вось так — праз усё жыццё. Стаміўся…

10-га снежня. Засядаў прэзідыум Рады СПБ, на які па зразумелых прычынах не пайшоў. Вызвалілі ад пасады галоўнага рэдактара “ЛіМа” Міколу Гіля, рэкамендавалі Някляева. Зуёнак сказаў: іначай Камітэт не дасць грошай і “ЛіМ” перастане выходзіць. І ўсе пагадзіліся: а што зробіш! І прагаласавалі. Адзін падвыпіты В. Супрунчук — супраць. Сказаў: “Аслы!” і пайшоў з залы.

Так падымаем лапкі ўгору. Уявіў, як бы было ў Літве, у Арменіі, нават на Украіне… Во дзе няшчасце-пракляцце наша! Ну няхай бы Камітэт гвалтоўна мяняў рэдактара, няхай бы закрываў “ЛіМ” (хоць на гэта ён не пайшоў бы). А вы пастойце за сябе! За выдатную газету — адзіную сярод непрыватных мужную абаронцу Беларушчыны!

Беларускія га…нюкі і за…ранцы! — усё, што застаецца сказаць, сплюнуўшы.

11-га снежня. Быў на сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі БДЭУ. Арганізаваў праф. М. І. Савіцкі. Больш дзвюх гадзін чытаў вершы і адказваў на запіскі. Многія рэчы прымалі вельмі горача, перабівалі воплескамі. Пасля амаль гадзіну ставіў аўтографы на кнігах “Любоў-прасветлая”, “На высокім алтары” і “Талісман”. Вельмі хораша рэагавалі на вострыя публіцыстычныя вершы самыя маладыя ў зале — школьнікі з бліжэйшай СШ.

17-га снежня. Вечар Цёткі ў Доме Літаратара. Падрыхтаваны слабавата. Спалучылі з юбілеем В. Коўтун (яна ж была і гаспадыняй вечарыны), — і дарэмна: не дадалося ні той ні другой. Вечар В. К. трэба было зрабіць раней і асобна.

Калі нашы артысты пачнуць чытаць вершы на памяць — як у Маскве? Якая нелюбоў да паэзіі!..

А днём у мяне была сустрэча ў Педагагічным універсітэце, арганізаваная А.Рагулем і Я. Лецкам (апошні — каб прадаваць выдадзены ім “Талісман”). Тры гадзіны публіка не адпускала са сцэны. А тады яшчэ больш гадзіны падпісваў свае кнігі. Настрой у зале — вельмі і вельмі патрыятычны. Проста радасна было бачыць, як успрымалі вершы ў абарону Беларусі, беларускай мовы і — крытыку ў адрас адшчапенцаў.

18-га снежня. Сустрэча ў СШ № 213. Зусім не тое, што ў БДЭУ і Педагагічным універсітэце. Уражанне, што дзеля “птушачкі”. Прытым — ашукалі. Сказалі: будуць настаўнікі ўсяго раёна і трохі вучняў-старшакласнікаў. А былі ў асноўным дзеці, а настаўнікаў чалавек дзесяць — не болей. Падрыхтаваўся гаварыць з настаўнікамі і вершы чытаць для іх; давялося з ходу перакантаваць праграму; напачатку нават разгубіўся. Агульнае ўражанне аб школе невясёлае. А яшчэ статыстыка: летась было пяць першых беларускіх класаў, сёлета — 1. Усе другія — трэція — чацвёртыя вярнуліся на рускую мову. Іначай сказаць — вярнуліся на шлях нацыянальнай пагібелі.

21-га снежня. Пасяджэнне рады ТБМ. У памяшканні БНФ (упершыню быў там). Прыйшло чалавек 15 (адна чацвёртая ад усіх). Прынялі пастанову наконт “Нашага слова” — пашырыць круг заснавальнікаў, каб ацалець, бо датацыі ўжо не будзе. Рашылі ў канцы студзеня сабрацца зноў, каб абвясціць падрыхтоўку да з’езду.

На душы вельмі цяжка. Фактычна ТБМ як масавай арганізацыі няма. Адно фармальна значыцца. Яно было растворана ў БНФ — як я ні супраціўляўся гэтаму. Адносіны грамадства да БНФ перанесліся на ТБМ і паралізавалі яго дзейнасць. Да таго ж не пашанцавала з кадрамі ў штабах ТБМ, перш за ўсё — у Рэспубліканскім.

27-га снежня. Выйшаў апошні нумар “ЛіМа”, падпісаны Гілём. У нумары — яго развітальнае слова. Горкае — да слёз. Напісана бліскуча. Завяршылася гераічная эпоха ў гісторыі пісьменніцкай газеты. Пачнуцца шэранькія будні пад апекай хітраванцаў.

На развітанне М. Г. стукнуў дзвярыма: апублікаваў востра сатырычную паэму “Сказ аб незвычайнай эпідэміі ў старажытнай Тутэміі”. Няўжо праглынуць моўчкі — зробяць выгляд, што казачка іх не датычыць? Наўрад! Не тыя гіцалі, каб не сталі помсціць.

30-га снежня. Трэба ж! Такі падарунак мне да Новага года — першы даўгачаканы том Збору твораў! Цэлы дзень гартаю і радуюся як дзіця. Афармленнем і ў цэлым паліграфіяй — як на сённяшні дзень — магу быць задаволены.