2-га чэрвеня. Адзначылі Дзень Нараджэння маёй Сонечнай, маёй Мудрай, суджанай мне Богам Ніны свет-Іванаўны. Маёй самаахвярнай заступніцы і абаронцы. Маёй выратавальніцы. Маёй незаменнай, непараўнальнай, нястомнай памочніцы — ва ўсім, у тым ліку і непасрэдна ў творчасці, не кажучы пра грамадскую чыннасць. Несумненна, яна заслугоўвала лепшага жыцця, чым тое, што ёй выпала. Як жонка, гаспадыня і памочніца яна ўзяла на сябе жыццёвы груз, якога хапіла б на дзесяцярых.
Божа моцны, ці ведаеш ты гэта? Калі ведаеш — зрабі, каб яе дні-гады на гэтым свеце былі доўгімі-доўгімі і супакойна-непакутлівымі. І даруй мне, грэшнаму!
3-га чэрвеня. Зноў думаў пра Ніну, пра яе долю. Вось з каго трэба пісаць абразы святых і яшчэ пры жыцці далучаць да Ефрасінні. Ні аднаго нявернага, нядобрага, не годнага Жанчыны кроку і паўкроку за жыццё не зрабіла! Учора запісаў словы ўдзячнасці (як жонцы і памочніцы) ад сябе асабіста — а колькі падзякі выказалі б ёй усе яе былыя студэнты! Яна — выдатны педагог, Настаўніца з вялікай літары, незаўважаная і неацэненая толькі таму, што мае маё прозвішча, што“ з адной хаты” са мною. У нас такое немагчыма, каб аддаць належнае яшчэ і ёй. Па-беларуску гэта ўжо будзе занадта. Думаю: а колькі б яна зрабіла як педагог і навуковец, калі б ёй лёс не падкінуў такі падаруначак, як паэт з роду апантаных?
Перадаў Сярэдзічу пяць палітычных вершаў. Прачытаў іх яму ў ягоным аўто. Ухваліў і паабяцаў паставіць у нумар за 13-га. “Раней ужо немагчыма”. Гэта значыць, праз 10 дзён. Такі верш — аж праз 10 дзён?
6-га чэрвеня. Выйшаў нарэшце “Круг” з маім эсэ “Воз сцялежыўся”. На месяц пазней, чым планаваўся. Прачытаў. Усё добра, ні слова, ні коскі не паправілі. І аднак жа больш справы з ім, гэтым “Кругам”, мець не буду. Коскі не паправілі, затое ў падзагаловак вынеслі, дакладней, упісалі ад сябе тое, што ў маім артыкуле ідзе толькі як прыватны момант — пра “славянскі фундаменталізм”. У мяне нават такога словазлучэння няма. У мяне галоўная ідэя — воз сцялежыўся: воз-дзяржава і воз-культура. Але выдаўцоў гэта цікавіць менш, чым ударыць па яднанню славян. Я — супроць шавіністычнага славянскага (расейскага!) фундаменталізму, бо гэта ёсць расізм і глупства, але ж мой артыкул не пра гэта, а пра тое, што воз сцялежыўся. Палітыка “Круга” — палітыка ПЭН-цэнтра, які, аказваецца, ёсць заснавальнікам і фундатарам газеты і да якога я, з ласкі сяброў, не маю дачынення. І ўжо не буду мець.
12-га чэрвеня. Сюрпрыз. Пазваніў Сярэдзічу, каб прапанаваць яму мой адкрыты ліст В. Распуціну, а ён і кажа: “На жаль, вашы вершы перанёс у наступны нумар, у гэты не хапіла месца.” Маленькі шок. “Але ж вы абяцалі, ды і лыжка к абеду…” — “Паглядзіце газету і скажыце, што я павінен быў зняць, каб паставіць вашы вершы…” Ну, такога я яшчэ ніколі ад рэдактароў газет не чуў. Кажу: “Там усяго 80 радкоў…” — “Там больш чым 80…” Кажу: добра, вершы я здымаю, давайце ўзамен апублікуем мой ліст Распуціну. Пачаў мяне пераконваць, што я павінен гэты ліст апублікаваць у “Рэспубліцы”, дзе было інтэрв’ю з Распуціным. Пайшлі спрэчкі, якія мяне ўсё больш прыніжалі, і я паклаў трубку.
13-га чэрвеня. Забраныя ў Сярэдзіча вершы аддаў Наркевічу. Пачытаў і сказаў: стаўлю ў наступны нумар, на суботу. “Не баіцеся?” — “Не. Гэта — паэзія, а не палітычны артыкул. Вы маеце права на свой погляд, на сваю думку”. Дадаў два вершы новыя, напісаныя ў апошнія дні.
15-га чэрвеня. Выйшла “Звязда” з вершамі, на трэцяй старонцы, на самым відным месцы, уверсе. Віншую вас, таварыш Сярэдзіч!
Днём — у Маладэчні, на фестывалі. Спецыяльная паэтычная сустрэча з Н.Г. У гарадскім парку. Усё, што чытаў, было ўспрынята найлепшым чынам, пад вельмі гарачыя воплескі і воклічы. Пачуў надзвычай высокія словы пахвалы. Бралі аўтографы на дарагіх кніжках (“Жаўраначка” — 35 тысяч!). Падарылі мне каштоўны вялікі кілім. Можна сказаць: жыві і радуйся, чалавеча! Але радасці няма. І пакуль што — не прадбачыцца.
17-га чэрвеня. Сітуацыя ў Расеі ўскладнілася. Ніхто не перамог. Двое амаль на роўных. Наконт Лебедзя я не памыліўся: заняў 3-е месца, з вялікім адрывам. Што будзе далей — адзін Бог-бацька ведае. Куды пахіснецца электарат Лебедзя, Яўлінскага, Клоуна?
Учора да 2-ой ночы глядзеў закрыццё Фестывалю ў Маладэчні — песенны канцэрт У. Някляева. Хай мне Бог даруе (і паэт таксама), але ва ўсім праспяваным я мала ўбачыў паэзіі, а яшчэ менш — адухоўленасці, высокасці, вернасці нашым, беларускім традыцыям. “Раз ды разочак”, “Гуляць дык гуляць” — дзе і калі вы жывеце, дарагі Уладзімір Пракопавіч? Гэта — па-першае. Па-другое: палавіна песень — на рускай мове. Г. зн., не належаць да беларускай паэзіі. Парушаны прынцып Фестывалю.