18-га чэрвеня. Хмары згушчаюцца. Гэны выказаў радасць, што Ельцын не перамог. А ён яшчэ можа перамагчы. Прыхінуў да сябе Лебедзя — даў яму высокую пасаду. Думаю, кончыцца гэта тым, што праз год-два генерал яго адправіць на заслужаны адпачынак.
19-га чэрвеня. Шаленства набрыдзі і манкуртаў нарастае. У газетах — ветэраны-генералы заклікаюць да неадкладнай расправы з беларускімі нацыяналістамі. Гэта зразумела. А вось як зразумець паўсотні вучоных і дзеячаў мастацтва, якія заклікаюць ратаваць ад беларускіх “нацыянал-экстрэмістаў” гісторыю Беларусі, Энцыклапедыю гісторыі Беларусі, новае выданне агульнай энцыклапедыі і інш. Сярод падпісантаў гэтага ганебнага дакумента — ніводнага гісторыка! Адны фізікі, біёлагі, артысты. І — народны пісьменнік Беларусі — І. Шамякін. Якая ганьба! Якая несусветная ганьба! Міжволі ўспомніўся бліскучы памфлет І. Мележа “Парсюк”, апублікаваны пасля смерці аўтара, але рысы героя памфлета, помню, Іван Паўлавіч падкрэсліваў у размовах са мной неаднойчы.
20-га чэрвеня. Генрыху Далідовічу — 50. Ужо! А паглядзець — і 40 не дасі. Быў на ўрачыстасці і на вячэры ў Музеі Коласа. Быў там і Ш. На шчасце, размінуліся, бо рукі яму не падаў бы — пасля ўчарашняга. Зуёнак даў слова і мне. Апрача іншага, пахваліў Далідовіча за яго патрыятычную публіцыстыку.
22-га чэрвеня. Хадзіў — у беларускай калоне — да помніка Перамогі, усклаў ружы. Усё прайшло спакойна, без эксцэсаў. Так прайшло б і 26 красавіка, і 9 траўня, калі б не дурнота адных і подласць другіх, калі б не нянавісць да ідэі незалежнай Белпрусі іх усіх разам.
Бачыўся і гутарыў з Г. Карпенкам — падтрымаў яго жаданне выступіць на мітынгу. Пагутарыў і з М. Крукоўскім (шкадую, што рэдка бачымся).
У калоне бачыў некалькіх мастакоў, але — ніводнага пісьменніка, апрача Артура Вольскага, які прадстаўляў ветэранаў Вялікай Айчыннай, а не Саюз пісьменнікаў. Вось такая наша рэальнасць. Такая наша творчая інтэлігенцыя. Мне, старому і нездаровячаму, ёсць патрэба ісці ў калоне Адраджэння, у іх, маладых і здаровых, такой патрэбы няма.
26-га чэрвеня. У 11 гадзін у Доме Радыё, удзельнічаў у радые-мосце, прысвечаным сучаснай школе. Ад Расіі — У. Крупін, ад Грузіі — Г. Аміраджыбі, ад Малдовы — Н. Савосцінаў, ад Беларусі — я. Спроба збліжэння да супрацоўніцтва. Размова — несабраная, хаатычная. Інфармацыя з усплёскамі эмоцый. Агульны тон — трэба разам змагацца за школу, бо — загіне. Ішоў з Дома Радыё і думаў: а за якую школу змагацца? Рэч у тым, што ў кожнага свае праблемы. Мае беларускія праблемы тром астатнім — невядомы, там — усё іначай, нават у Малдове.
У 12 быў у Акадэміі навук, на Камітэце славістаў. Запісаўся дакладчыкам на чарговы з’езд (1998, Кракаў). Пасля трохі пасядзелі ў Каваленкі (Цыхун, Фядосік, Мальдзіс). Усыпалі (завочы, гэта мы ўмеем) Шамякіну за яго подпіс гнюснага пісьма супраць праўдзівай гісторыі Беларусі.
3-га ліпеня. “ЛГ” надрукавала (у нумары за 26.06) мой ліст В. Распуціну. Той, што не захацеў друкаваць Сярэдзіч. Газета ў Менск прыйшла толькі сёння. Пазванілі: Бураўкін. Пасля — Быкаў: вельмі задаволены, шчыра дзякаваў за абарону яго імя, яго пазіцыі. Пагаварылі — як у добрыя старыя часы. І ёсць жа пра што! Як і заўсёды — мне з ім — было пра што. Ах, Быкаў, Быкаў, Васіль, Васіль! І на што ж было табе!..
5-га ліпеня. Памёр Васіль Вітка, ад інсульту, у гадзін шэсць вечара. А раніцой, яшчэ да дзевяці, Я.П. Навуменка паклікала мяне, каб я памог урачу хуткай дапамогі падняць Цімоха Васільевіча з падлогі і пакласці на тахту. Быў без памяці. Памёр, так і не апрытомнеўшы. Яшчэ заўчора спытаў, пры сустрэчы, дачку, як, здароўе бацькі, маўляў, хачу зайсці пагутарыць. “Нічога, заходзьце, ён будзе рады”. На жаль, не зайшоў. Нешта перашкодзіла.
9-га ліпеня. На пахаванні Віткі. Пісьменнікаў было шмат. Ад Урада — ніхто не выступіў. А прысутнічалі невысокага рангу клеркі. Вось вам і старэйшына нацыянальнай дзіцячай літаратуры! Усе сённяшнія чыны вучылі ў школе яго вершы і казкі. А тав. З-ін — не вучыў. Затое прачытаў летась у “Звяздзе”, што напісаў Васіль Вітка пра рэферэндум (“У мяне гэта быў чорны дзень…”).
10-га ліпеня. У Сяргея нарадзіўся сын. Ніна падала мне тэлеграму — і заплакала. Сперажывалася. Вось і ўсё! Плакаць цяпер ужо — чаго? Будзем радавацца.
25-га ліпеня. Званіў Ю. В. Хадыка, прасіў выступіць 27-га на мітынгу каля Опернага. Сказаў, што павінен быць вельмі мнагалюдны мітынг. А я і сам збіраўся ўзяць слова. Тым лепш! Не забываюць, дзякаваць Богу. Патрэбен, яшчэ патрэбен стары паэт народу!.. Пайду і скажу. Галоўнае — каб не падалі духам.