Зыль яшчэ раз праверыў лiчбы. Памылкi ў iх не было. Яна была ў вывадах радыста. Яго апараты прынялi не адлюстраваны сiгнал. Мяркуючы па ўсяму, той прыйшоў аднекуль здалёк, прабiўшыся праз камету. Магчыма, гэта i сказiла яго. Не выключана i тое, што сiгнал належыць чужой цывiлiзацыi, i таму яго не здолелi расшыфраваць.
Урэшце, ламаць галаву над паходжаннем сiгнала - справа супрацоўнiкаў Iнстытута пазазямных цывiлiзацый. Зыль уздыхнуў. Яму стала сумна, нiбы ён зараз развiтаўся з нечым добрым. Ён разумеў, што гiсторыя з сiгналам не мела нiякага дачынення да Пялёстка, i разам з тым адчуваў, што, бадай, больш ужо не будзе аддаваць Пялёстку столькi ўвагi, як раней. Нiбыта той не апраўдаў нейкiх яго спадзяванняў.
Каб скончыць справу з каметай i сiгналам, Зыль вырашыў у блiжэйшы час падрыхтаваць справаздачу i адправiць яе на Зямлю. Ужо складваючы фатаграфii каметы, ён зноў звярнуў увагу на яе выцягнуты хвост. Машынальна зiрнуўшы на куток здымка, дзе стаяла дата, ён здзiвiўся: сiгнал быў прыняты як раз у гэты дзень. Зыль адзначыў: яшчэ адно супадзенне. Але матэрыялы не адправiў.
Да Пялёстка Зыль усё-такi вярнуўся. Гэта здарылася праз тры цi чатыры днi. Знаходзячыся ў абсерваторыi, ён не вытрымаў i накiраваў тэлескоп на камету. Яна па-ранейшаму холадна iскрылася чужым святлом. I толькi... Зыль аж чмыхнуў ад прыкрасцi. Зноў тут утварылася новая фiгура. Што за прычына? Вiдаць, камета захапiла нейкае цела са значнай масай, i яно... Зыль хутка зрабiў здымкi i пабег у лабараторыю, дзе знаходзiўся iх самы магутны павелiчальнiк.
Ён не памылiўся. Камета захапiла новае цела. Яно, напэўна, паспела ўжо абрасцi льдом i таму, вiдаць, страцiла сваю першапачатковую форму. Аднак Зыль быў перакананы ў гэтым, цела не было астэроiдам. Яно нагадвала... Зыль павялiчваў i павялiчваў здымак. I раптам у яго аж дух захапiла. Нягледзячы на напластаваннi, можна было прасачыць першапачатковую форму цела. Прадаўгаватае, з кальцом на канцы, яно было падобна на... зямны зоркалёт мiнулага стагоддзя.
Зыль выключыў павелiчальнiк. Ён выйшаў з лабараторыi, адчуваючы, як унутры палiць думка: а раптам гэта сапраўды зямны зоркалёт?
У бiблiятэцы ён доўга праглядаў фiльмы аб усiх зоркалётах, якiя калi-небудзь адпраўлялiся ў прастору. Частка з iх ужо вярнулася, некаторыя, як той самы з Капэлы, паведамiлi аб сабе, пра вяртанне iншых гаварыць пакуль рана, бо iх шлях вельмi доўгi.
Зыль ведаў, што аб сваiх назiраннях i роздуме ён павiнен паведамiць на Зямлю. I разумеў, што гэта ўрэшце нiчога iстотнага не дасць. Калi ён не вырашыць загадку тут, то на Зямлi яе тым больш не адгадаюць. Адтуль камету не ўгледзiш, а на перагаворы будзе патрачана некалькi дзён - лазераграма ад Плутона да Зямлi iдзе больш пяцi гадзiн. За гэты марна патрачаны час Пялёстак знiкне з поля зрочу Плутонавага тэлескопа.
Што ж, хоць гэта i яўнае парушэнне правiл, ён паспрабуе выкарыстаць тыя нямногiя гадзiны, якiя дае яму камета. Ён паспрабуе сам дабрацца да iсцiны.
Зыль прыняў за аснову меркаванне, што гэта зямны зоркалёт. Яму было пакуль не так ужо важна, якi ён i адкуль вяртаўся. Галоўнае, што зоркалёт чамусьцi страцiў здольнасць да самастойнага руху ў прасторы i таму мае патрэбу ў дапамозе.
Гэта, бадай, крыху смелы вывад, але, як нi круцi, iншага не прыдумаеш. А за iм следаваў другi - абавязкова паведамiць на Зямлю.
Усё ўпiралася ў Зямлю.
Зыль уздыхнуў. Паслаўшы справаздачу, ён тым самым пазбаўляў сябе адказнасцi за наступны ход падзей. Ён жа толькi начальнiк касмадрома, i ў яго няма ў падначаленнi службы выратавання караблёў. Для гэтага iснуюць спецыяльныя атрады, якiя базiруюцца ў цэнтры Сонечнай сiстэмы. Яны, безумоўна, прыйдуць на дапамогу. Аднак тут ёсць невялiкiя няўвязкi. Першая час, якi спатрэбiцца караблям-выратавальнiкам, каб дабрацца да мэты, i другая - не выключана, што ён наогул памылiўся i гэта нiякi не зоркалёт.
I Зыль вырашыў зрабiць па-свойму, хай сабе гэта i будзе службовым парушэннем. Iншага выйсця ён не бачыў.
Праз гадзiну Зыль сабраў свой нешматлiкi калектыў. Пазнаёмiўшы таварышаў са становiшчам, ён сказаў намеснiку:
- Палячу я, падрыхтуй "Барса".
- Табе нельга, - запярэчыў намеснiк.
- Урачы? - з горыччу спытаў Зыль. - А ў тых, хто, магчыма, трапiў у пераплёт там, у прасторы, можа, здароўе яшчэ горшае. - I, быццам канчаючы размову, загадаў: - Я склаў усе матэрыялы. Паведамiце на Зямлю, калi стартую. Зоркалёт з Капэлы прымiце без мяне.
Пяцiмесны "Барс" быў адзiны карабель, што стаяў на ўсякi выпадак на касмадроме Плутона. Ён мог развiваць хуткасць крыху вышэйшую, чым унутрысiстэмныя планеталёты, але да гэтага часу яму нi разу не даводзiлася адрывацца ад Плутона. Зыль не меў дыплома пiлота. Кiраваць "Барсам", калi здарыцца выпадак, павiнен быў iншы. Але i на гэты раз Зыль парушыў правiлы, адправiўшыся адзiн. У свой час, пазбаўлены магчымасцi скончыць школу астралётчыкаў, ён усё-такi асвоiў спецыяльнасць пiлота самастойна. I пазней, ужо на Плутоне, нiбы прадбачачы гэты выпадак, часта забiраўся ў кабiну "Барса" i ўяўляў сябе яго капiтанам. Ён вельмi любiў космас.
Спяшаючыся, Зыль адразу даў вялiкае паскарэнне. Сiла перагрузкi прыцiснула яго да крэсла, зацягнула вочы туманам. Праз мутную чырванаватую заслону ён убачыў развiтальныя агнi стартавай пляцоўкi. Яны былi, як зоркi, толькi ў адрозненне ад iх памiргвалi, пералiваючыся рознакаляровымi iскаркамi. А мо ён ужо гэтага не бачыў, а толькi ўяўляў па памяцi. Разумеючы, што ўжо нестае сiлы адольваць гэтыя шматлiкiя "жы", ён апошнiм намаганнем перадаў кiраванне аўтаматам i пагрузiўся ў балючую i трывожную дрымоту.
Апрытомнеў Зыль не адразу. Спачатку ён адчуў, як раз-пораз на яго наплываюць нейкiя незвычайныя хвалi, несучы з сабой даўно забытую лёгкасць, нiбы ў дзiцячым сне, калi плывеш над зямлёй, як птушка. Прыйшлi на памяць трэнiроўкi ў час вучобы. Але чаму так баляць рукi i ногi? Расплюшчыўшы вочы, ён са здзiўленнем убачыў, што плавае ў паветры, а пад iм - i крэсла, да якога ён забыўся прышпiлiцца, i пульт з прыборамi, i iлюмiнатар, у якiм блiшчаць зорныя россыпы. I зараз жа прыйшоў боль: ламiла грудзi, цяжка пульсавала ў галаве.
З iронiяй адзначыў, што медыкi, вiдаць, не памылялiся. I тут жа адчуў радасць, што ён аказаўся мацнейшы, чым пра яго думалi. Не зважаючы на боль, ён апусцiўся ў крэсла, каб вызначыць месца свайго знаходжання ў прасторы.
"Барс" iмчаўся па зададзеным курсе, дасягнуўшы амаль мяжы сваёй хуткасцi. Але, каб дагнаць камету, гэтага было мала. Яна нiбы наўмысна заклала вiраж, робячы дзесяткi тысяч кiламетраў у гадзiну.
Мiналi гадзiны. Зыль правёў iх за карабельным тэлескопам. Пялёстак, здаецца, захоўваў першапачатковую адлегласць. Зыль ужо хацеў уключыць рухавiкi, каб павялiчыць хуткасць, як раптам успомнiў: гэта ж Пялёстак. I задаў праграму лiчыльнай машыне вызначыць "Барсу" новы курс.
Неўзабаве "Барс" пачаў паварот убок. Не, не дарэмна Зыль трацiў некалi час, вылiчваючы арбiту любiмай каметы. Як бы хутка яна нi ўцякала, у прасторы ўжо вызначана кропка, дзе "Барс" сустрэнецца з ёю.
I вось надышоў час, калi "Барс" i Пялёстак пачалi зблiжацца. Мiнула некалькi дзён, i Зыль заўважыў, што цела, якое ён палiчыў за касмiчны карабель, перамясцiлася - яшчэ блiжэй да ядра. Яно няўмольна прыцягвала яго, як магнiтам. На ўсякi выпадак Зыль паслаў да каметы лакатарны прамень. Ён вярнуўся. Цела, захопленае каметай, аказваецца, утрымлiвала метал.
За суткi да сустрэчы Зыль ужо не сумняваўся, што перад iм зоркалёт, якi нейкiм чынам стаў палоннiкам вялiкай каметы. I ў гэты ж час "Барс" пачаў манеўр па зблiжэнню, якi ўрэшце прывёў да стыкоўкi. Але памiж пачаткам i канцом стыкоўкi праляглi гадзiны напружанай працы, дакладных i небяспечных манеўраў.
Зыль пазнаў клас зоркалёта. Такiя караблi будавалi сапраўды ў мiнулым стагоддзi, ён не памылiўся тады, калi разглядаў яго з Плутона. Тры з iх адправiлiся за межы сiстэмы. Адзiн ужо вярнуўся - гадоў пятнаццаць назад. Зыль сам сустракаў яго на Плутоне. Два астатнiя чакалi значна пазней. Якi ж з iх так няўдала шукае дарогу дадому?
На бартах зоркалётаў не пiсалi нумароў або назваў. Напаткаць земляка ў Сусвеце было гэтак жа неверагодна, як чакаць, напрыклад, сустрэчы Месяца з Фобасам або Ганiмедам. А для iстот iншай цывiлiзацыi наша назва не мела нiякага значэння. Аднак i для Зыля гэта зараз не мела значэння. Хто б там нi быў у зоркалёце, ён, напэўна, чакаў дапамогi.