Выбрать главу

У суцэльным месiве льдзiнак i пылiнак, прыцягнутых вялiзнай масай каметы, Зыль вобмацкам дабраўся да ўваходнага адсека. Нерашуча, баючыся хуткай сустрэчы з нечым, вiдаць, страшным, можа нават са смерцю, увайшоў у шлюзавую камеру.

Прыборы працавалi спраўна. Зыль падышоў да ўвахода ва ўнутраныя памяшканнi карабля. Зялёны агеньчык сведчыў, што там нiчога небяспечнага няма. Зыль хацеў распрануць лёгкi ахоўны касцюм, але перадумаў. Адчынiўшы дзверы, ён увайшоў у галоўны калiдор. Няярка свяцiлi нябачныя плафоны. Так звычайна было, калi экiпаж пакiдаў зоркалёт.

Зыль нездарма рыхтаваў сябе да космасу, вывучаў будову розных касмiчных караблёў. Ён ведаў, што i дзе знаходзiцца, i прамым шляхам пайшоў да цэнтральнай рубкi.

Дзверы ў яе былi адчынены. Яркая пляма святла ляжала на парозе. Зыль яшчэ не зразумеў, у чым справа, а ногi самi паскорылi крокi.

Крыху аслеплены, Зыль спынiўся ля ўвахода. Рубка жыла як i мае быць на караблi, што iмчыць у прасторы. Памiргвалi iндыкатары, ледзь чутна шапацелi апараты, адказныя за ўнутраны парадак у зоркалёце. А ў крэсле, глыбокiм i адкiнутым, як ложак, напаўляжаў... чалавек.

Зыль з воклiчам кiнуўся да крэсла. Чалавек не зварухнуўся, не адкрыў вочы. Зыль углядаўся ў твар чалавека. Ён быў немалады ўжо, гэты касманаўт, глыбокiя маршчыны парэзалi твар i лоб, сiвiзна пабялiла некалi чорныя валасы. Ён ляжаў нерухомы i нейкi чужы ў гэтым акружэннi руху i энергii, якiмi поўнiлася ўсё наўкола. Зыль узяў касманаўта за руку, спрабуючы намацаць пульс. Яна была халодная, бязвольная. Зыль пачакаў хвiлiну, другую. Нiводная жылка не ўздрыгнула на руцэ гаспадара зоркалёта. Але Зыль мог паклясцiся, што гэтая нерухомасць - яшчэ не смерць. Бледны, схуднелы твар, сама фiгура чалавека, у якой адчувалася ледзь прыкметная напружанасць, - усё сведчыла хутчэй аб глыбокай непрытомнасцi. Яна нiбы напаткала чалавека раптоўна, у час работы каля пульта.

Зыль сеў на крэсла, што стаяла побач. Трэба было асэнсаваць становiшча, прыдумаць, чым даць рады.

Колькi часу прайшло з таго дня, калi астралётчык у апошнi раз правяраў паказаннi гэтых прыбораў? Напэўна, нямала, бо наўрад цi, знаходзячыся побач з Сонечнай сiстэмай, ён адважыўся б на сон, падобны на анабiёз. Касманаўт зрабiў гэта, напэўна, значна раней. Тады, вiдаць, i была запаволена хуткасць зоркалёта. Касманаўт баяўся, каб выпадкова не праскочыць мiма. Яго разлiкi, увогуле, апраўдалiся. Рухаючыся па iнерцыi, зоркалёт не мог не стаць здабычай аднаго з целаў Сонечнай сiстэмы. А потым ужо аўтаматы намацалi ў неабсяжнай прасторы Плутон i паслалi туды вестку.

Зыль, не адрываючыся, глядзеў на касманаўта. Ён шукаў у iм, чалавеку, чыё жыццё было для яго заўсёды недасягальнай марай, нейкiя незвычайныя адметныя рысы. Шукаў i не знаходзiў. Звычайны, як i ўсе людзi. А якi ён быў там, у прасторы?

На касмадроме Плутона час ад часу садзiлiся зоркалёты. Зыль сустракаў iх экiпажы, сачыў, каб былi захаваны каранцiнныя патрабаваннi. I часам шукаў выпадку блiжэй пазнаёмiцца з самiмi касманаўтамi, даведацца, што iм адкрылася там, ля чужых далёкiх зорак?

Касманаўты былi на дзiва негаваркiя. Спачатку Зыль крыўдаваў на iх, думаў, гэта ад фанабэрыi. Потым зразумеў, што крыўдуе дарэмна. Гэтыя людзi сталi скупыя на словы i пачуццi праз тыя выпрабаваннi, якiя выпалi на iх долю. Яны былi як бы над часам, бо належалi дзвюм эпохам - той, з якой выйшлi, i другой - у якую прыйшлi. Але нi адна з гэтых эпох не магла сказаць, што яны належаць менавiта ёй.

Гэтыя людзi, iх называлi рэлятывiстамi, належалi толькi планеце Зямля. Яны адпраўлялiся ў прастору i загадзя хавалi сваiх блiзкiх, асуджаючы сябе ў будучым на адзiноту. Яны вярталiся i вельмi часта не разумелi сваiх новых сучаснiкаў, як тыя не разумелi iх. Яны шмат бачылi, паспелi пераацанiць тое, што лiчылi важным некалi даўно, на Зямлi, у паўсядзённым жыццi. Гэта не праходзiла бясследна.

Цiкаўнасць Зыля - зусiм зямнога чалавека - яны проста не прымалi, цэнячы нешта сваё, адным iм вядомае i дарагое.

Што iм такое адкрывалася ў прасторы? Зыль лiчыў iх жыццё подзвiгам, а яны, пачуўшы гэта слова, звычайна недаўменна пацiскалi плячамi. А можа, прастора была для iх тым месцам, дзе яны хацелi знайсцi сваё цэлае?

I гэты касманаўт... Цi дасягнуў ён сваёй мары?

Зыль паглядзеў на яго i падумаў, што жыццё гэтага чалавека, прынамсi ў апошнi час, было нялёгкiм. Стома, заклапочанасць, нягледзячы нi на што, не сцерлiся з яго твару.

Трэба было нешта рабiць, дзейнiчаць. Зыль павярнуўся да пульта. Як сведчылi сiгнальныя агеньчыкi, толькi ў чатырох каютах былi людзi. Зыль па чарзе ўключаў сувязь. На экране кожны раз з'яўляўся ложак i чалавек, якi нерухома, як i гэты ў рубцы, ляжаў на iм. А куды дзелiся астатнiя?

Пад руку Зылю трапiла кнопка сiгналу агульнай трывогi, i ён нацiснуў яе. Непрыемны гул нiзкага тэмбру, здалося, папоўз на яго з усiх бакоў. Зыль сцепануўся, уявiўшы сабе, як дзейнiчала гэта, калi небяспека ўзнiкала на самай справе. I паспяшаўся выключыць сiгнал.

Нiчога наўкола не змянiлася, хаця Зыль у глыбiнi душы спадзяваўся, што нешта здарыцца. Касманаўты - i гэты, што быў побач з iм, i астатнiя, якiх ён зноў убачыў праз тэлесувязь, - на сiгнал трывогi не адрэагавалi. Зыль яшчэ раз зiрнуў на прыборы i падумаў, што трэба агледзець карабель. Ён падняўся з крэсла, зрабiў крок да дзвярэй i спынiўся. На парозе стаяў робат.

- Ты хто?.. - разгубiўся Зыль.

- Мефiстофель... - флегматычна адказаў робат.

Апамятаўшыся, Зыль засмяяўся: робат сапраўды быў вельмi падобны на свайго славутага цёзку: меў бараду i нарасцi над iлбом, якiя нагадвалi рогi.

- А ты хто? - пасля паўзы ў сваю чаргу спытаў робат, уважлiва гледзячы на Зыля.

- Зямлянiн.

Збоку гэтая размова магла здацца камiчнай. Але Зыль разумеў, што тут не да жартаў. Робат, магчыма, быў зараз адзiным сведкам усяго таго, што здарылася з зоркалётам i яго экiпажам.

- Я зямлянiн, - паўтарыў ён, - на Плутоне прынялi ваша паведамленне.

Робат маўчаў.

- Раскажы, хто вы i што з вамi здарылася, - дадаў Зыль. Размаўляць праз шлемафон было нязручна, i ён пачаў расшпiльваць гермашлем.

Флегматычны робат раптам страпянуўся i засцерагальна ўскiнуў руку.

- Скафандр скiдаць нельга, - пачуў Зыль у навушнiках нечакана рэзкi голас робата.

- Чаму? - запытаў ён.

- Атмасфера планеты Зялёнага сонца трапiла ўнутр карабля, - адказаў робат, супакоiўшыся зноў.

Гэта было ўжо нешта новае. Зыль сеў i загадаў:

- Як назва зоркалёта? Я чакаю!

Робат нарэшце пакiнуў месца ля дзвярэй i пакрочыў да края пульта, дзе размяшчалася мноства пераключальнiкаў i кнопак. Ён выбраў адну з iх. Нацiснуў.

- Я - "Салют", я - "Салют", - прагучала ў рубцы.

А Зыль успомнiў i зоркалёт, што меў гэту назву, i iмёны касманаўтаў, якiя адправiлiся на iмудалёкiя прасторы Сусвету.

- Наблiжаемся да пятай планеты Зялёнага сонца. Там ёсць разумнае жыццё...

Робат уключыў дзённiк карабля. Цiкава было б паслухаць усе запiсы. Аднак колькi для гэтага спатрэбiцца часу? Зылю ж трэба было зараз даведацца пра галоўнае: што здарылася з экiпажам. Ён устаў, выключыў дзённiк, павярнуўся да робата:

- Мефiстофель, я хачу паслухаць цябе.

Той павярнуўся да чалавека.

- Хто гэта? - спытаў Зыль, паказваючы на гаспадара рубкi.

- Ран, - адказаў Мефiстофель.

"Старшы пiлот", - успомнiў Зыль.

- У атмасферы планеты Зялёнага сонца раптам з'явiлася атрута. Для нас. Яе прынесла вывяржэнне вулканаў, - робат крыху ажывiўся, пачаў хутчэй вымаўляць словы: - Людзi з планеты не маглi дапамагчы. Яны гаварылi: вы будзеце доўга спаць.

- I ты? - здзiвiўся Зыль.

- Не - зямляне, - растлумачыў Мефiстофель. - Мне гаварыў Ран. У час вывяржэння ён адзiн быў на борце.

- Дзе астатнiя? - успомнiў Зыль пустыя каюты.

- Людзi планеты пакiнулi iх у сябе. Будуць спрабаваць выратаваць. Мефiстофель зноў намацаў нейкi тумблер, пстрыкнуў iм.

На сцяне засвяцiўся невялiкi экран, паказаўся твар чалавека. Зыль пазнаў Рана, толькi намнога маладзейшага за таго, якi зараз ляжаў у крэсле каля пульта. "Колькi ж год прайшло, калi нават у анабiёзе ён так прыкметна састарэў?" - падумалася Зылю.