Выбрать главу

А Ран загаварыў з экрана:

"Няшчасны, не прадбачаны нiкiм выпадак спынiў наша знаёмства з гэтай цудоўнай планетай у самым пачатку. Жыхары называюць яе Iнзi. Мы ўстанавiлi кантакт, навучылiся разумець адзiн аднаго. Адбылася першая высадка. На жаль, яна аказалася апошняй. Небяспекi не чакалi нi яны, нi мы. Гэта атрута падзейнiчала толькi на <нас. Яна выклiкае ў чалавека стан, падобны на анабiёз - у шмат разоў замаруджваюцца ўсе працэсы ў арганiзме. Але ў адрозненне ад штучнага анабiёзу, з гэтага мы не ведаем, як выйсцi. Не ведаюць i жыхары Iнзi. Я адзiн быў у караблi, калi гэта здарылася. I мы дамовiлiся: палову экiпажа я павязу на Зямлю, каб паспрабаваць вярнуць да нармальнага жыцця. А астатнiх яны паспрабуюць выратаваць самi.

Дзеля чаго я згадзiўся на гэта? Зямля павiнна ўстанавiць кантакт з Iнзi. Памiж намi вельмi шмат агульнага. Але я не спадзяюся на свае сiлы. Напэўна, атрута крыху падзейнiчала i на мяне - я не закрыў люк, калi да нас наблiзiўся планеталёт iнзiйцаў. Думалася, у гэтым няма патрэбы. Я супрацiўляюся сну. Але раптам не давяду "Салют" да Зямлi? Тады загiне ўсё, пра што мы даведалiся. Вось таму i пакiнуў я сваiх сяброў на Iнзi. Калi iх выратуюць, яны прыляцяць з iнзiйцамi на iх зоркалёце. Калi не, то, знаходзячыся ў гэтым сне, яны змогуць дачакацца новай экспедыцыi. Мая адзiная надзея - Мефiстофель. Ён павiнен замянiць мяне..."

Мефiстофель пстрыкнуў тумблерам. Экран пагас. Зыль зiрнуў на робата, i яму здалося, што зараз Мефiстофель нiбы пабольшаў, расправiў свае металiчныя плечы, адчуваючы ўсю важнасць ускладзенай на яго задачы.

- Што было далей? - спытаў яго Зыль.

- Ран з кожным днём рабiўся ўсё больш вялы. У яго ледзьве хапала сiлы, каб даваць мне патрэбныя iнструкцыi. А потым ён мяне ўжо не выклiкаў да сябе.

Зыль зразумеў, што больш ад Мефiстофеля ён не даведаецца нiчога iстотнага. Што ж, цяпер усё зразумела. Перш-наперш трэба вяртацца на Плутон. Зыль прабег вачамi па цыферблатах. Палiва заставалася толькi на пасадку. Але i гэтага было дастаткова.

Бадай яшчэ нiколi Зыль так не чакаў сустрэчы са сваiм касмадромам. Быццам ён сам вяртаўся з далёкай зоркi праз шмат гадоў расстання.

Пасадку Зыль выканаў бездакорна. Калi асеў пыл, ён зiрнуў у iлюмiнатар. Яркiя агнi, здавалася, вiталi яго са шчаслiвым прыбыццём. Ён павёў позiркам уздоўж пляцоўкi, спадзеючыся ўбачыць усюдыходы таварышаў, i здзiвiўся. На краi ўзвышаўся зоркалёт, напэўна, той самы, з Капэлы. Зыль захваляваўся: ён ужо быў павiнен стартаваць на Зямлю, што з iм здарылася? Ён таропка збег па трапе, выкiнутаму з кабiны "Барса", i спынiўся, уражаны нечаканасцю.

Узняўшы рукi ў знак шчырага прывiтання, перад iм стаялi касманаўты зоркалёта, якi вярнуўся з Капэлы.