Выбрать главу

Яны стаялi вакол, цягнулiся да яе рукамi: "Мiшэль Сiмон... Жувэ... Ах, сапраўды! Гэта ж трэба было паклапацiцца заказаць месцы загадзя... Бо потым нiякiх бiлетаў было не знайсцi, цi па нейкiх страшэнных цэнах, дый тое толькi ў ложы ды бенуары..." Яны трошкi сцiскалi повязь, мацней, але вельмi паволi, зусiм неўпрыкмет, каб не зрабiць балюча, напiналi, нацягвалi тонкую нiтку...

I паступова, патроху слабасць, млявасць, раптоўная патрэба падысцi блiжэй, быць iмi ўхваленаю прымушалi яе ўвайсцi ў iх кола. Яна адчувала, як цiха, пакорна (але, але... Мiшэль Сiмон... Жувэ...), вельмi пакорна, як добрая, паслухмяная маленькая дзяўчынка, яна падае iм руку i пачынае з iмi кружыцца.

Ах, ну вось мы нарэшце i разам, такiя цiхмяныя, добрыя, i робiм усё толькi тое, што ўхвалiлi б нашы бацькi, вось - стаiм тут, разам, i прыстойна, хорам спяваем песеньку, як мiлыя дзеткi пад наглядам нябачнай дарослай асобы, што мiла стаюць у танок i бяруць адно аднаго за вiльготныя сумныя ручкi.

XXIV

Яны рэдка бывалi на людзях, вечна сядзелi, зашыўшыся ў кватэрах, у глыбiнi сваiх цёмных пакояў, i заўсёды былi напагатоў.

Яны тэлефанавалi адзiн аднаму, выведвалi, прыпамiналi, накiдвалiся на найменшую прыкмету, на самы драбнюткi знак.

Некаторыя ўпiвалiся, выразаючы з асалодай аб'яву ў газеце, дзе гаварылася, што яго мацi патрэбна швачка за падзённую плату.

Яны памяталi ўсё i раўнiва за iм сачылi; яны абступалi яго, трымаючыся за рукi i злучыўшыся ў шчыльнае кола.

Iх паслужлiвае, пакорнае брацтва, з безаблiчнымi, сцёртымi тварамi карагодам вакол яго.

I калi яны бачылi, як ён, сарамлiва поўзаючы, спрабаваў праслiзнуць мiж iх, яны жвавенька, разам, сядалi на кукiшкi, апускаючы пераплеценыя рукi, i пiльна ўтароплiвалiся на яго пустымi i ўпартымi вачыма, усмiхаючыся амаль па-дзiцячы.