Выбрать главу

Я і цяпер з задавальненьнем праглядаў і сістэмазаваў іх. Зьвёў іх “толькі” у пятнаццаць групаў: геаграфічныя і палітыка-адміністрацыйныя карты сьвету, СССР, Беларусі і яе абласьцей і іншых рэгіёнаў Зямлі; вялікія, у адзін поўны аркуш ватмана, гэтак званыя “застаўкі” маёй галі, выкананыя ёю для насьценгазеты “Літаратар”; выдатныя людзі; мастацкія рэпрадукцыі; ватманская і іншая сьпецпапера; каляндары і г. д. некаторых групаў – цэлыя серыі, па некалькі рулонаў і папак. Вось разьдзел “Каляндары”. Якіх толькі выданьняў і твораў тут няма! Каляндары сербска-лужыцкія, беластоцка-беларускія, розныя тэматычныя, папяровыя, тканевыя, “ліставыя”, альбомныя, кішэнныя, насьценныя, адрыўныя, адкідныя і г. д. Багацьце цікавых зьвестак, хоць і пільна прасеяных савецкай цэнзураю! Ці ж можна выкінуць іх, каб пасьля не знайсьці ў дзяржаўнай бібліятэцы?

Дарэчы, учора, перад паўлаўскай абразаю калектыву, я быў у выдавецтве. У былым маім кабінеце застаў рэдкалегію “Беларускага каляндара на 1987 год”. Усе баяцца, што можа з ім стацца, як з той “Спадчынаю”. Тут пададзены быў некім і “рэцэпт”: гэта год юбілейны – 70-годдзе рэвалюцыі, ёй і прысьвяціць “тады будуць лады”. Усе прамаўчалі. Я ведаю зьмест календара – ён далёкі ад усхваленьня 25 кастрычніка 1917 году і яго вынікаў. Вера настаяла на невялікім фармаце ў чорна-белай “гаме”. “Інакш кажа, не пасьпеем”. Я кінуў думку, што лепш на месяц-другі спазьніцца, але ж выпусьціць шматколерным, не на беластоцкім паліграфічным узроўні. Ёсьць жа яшчэ спосаб “падложкі”…

6 красавіка 1986 году. Нядзеля. Пасьля дзесяці гадзінаў. Мы пасьнедалі ўжо. Надвор’е – ненадзейнае. Неяк няўтульна і журботна. Учора цэлы дзень займаўся сваёю бібліятэкай, дык нічога падобнага не адчуваў, было цікава. А сёньня… Можа, яшчэ не ўключыўся ў жыцьцё. Неўпрыкмет для сябе дакрануўся да кнопкі тэлевізара першай, “усесаюзнай” праграмы ЦТБ. Па першых жа кадрах здагадаўся, што ідзе традыцыйная перадача “Служу Савецкаму Саюзу” – прапаганда вайсковай “рамантыкі”. На экране зьяўляецца нейкі малады чалавек у марской форме, толькі без пагонаў. Прадставіўшы яго тэлегледачам, вядучы пытае:

– А ў вас якая найвялікшая мара ў жыцьці?

Нечакана для мяне на гэтае банальнае, але няпростае пытаньне прагучаў адказ паскуднейшы за тое надвор’е, што цяпер за маім акном.

– Вярнуцца зноў у Афганістан! – адрэзаў гэты яўна крэтын.

– А што вы там пакінулі? – лагічна паставіў сваё пытаньне тэлежурналіст. Крэтын нешта няўцямна прамямліў. Я з агідаю і абурэньнем выключыў гэты “міратворны” гарбачоўскі (!) рупар. Запякло ў грудзях і я пацягнуўся за нітрагліцэрынам. Цяпер, ведаю, доўга не супакоюся…

7 красавіка 1986 году. Зранку патэлефанаваў А. І. Бутэвіч. Папрасіў вельмі ветліва, калі маю час, завітаць да яго. Я з задавальненьнем даў згоду. Можа, ён пакуль і не прадчувае, што гэты візіт больш патрэбны мне, чым яму. Так званыя “справы” мне яму проста перадаць (дарэчы, мне іх ніхто не перадаваў). Але перш за ўсё трэба перадаць душу, дух выдавецкі, прышчапіць яму свае погляды на месца гэтай установы ў культурным жыцьці беларусаў, у літаратурным працэсе, свае “сакрэты” рэдактарскія. Не зашкодзіць адразу адкрыць яму і мае метады адносінаў да каманд і распараджэньняў “інстанцыяў” – што мусіў выконваць, а што на словах прымаць, у далейшым нават ствараць выгляд, што нешта робіцца, а на самай справе “зацягваць” выкананьне, каб ніколі і не былі выкананыя шкодныя для культуры “партыйна-савецкія” патрабаваньні”. А іх будзе ня так ужо і мала! Будуць каманды “Выдаць!”, Будуць і “Спыніць!” “И думать не моги!”

З такімі думкамі з такім настроем я пабег туды. Працавалі без пабочных перашкодаў (сакратарка сьпецыяльна была папярэджаная) да 19 гадзінаў вечару з адным толькі звычайнай даўжыні перапынкам на абед.

Мне цікава было ведаць яго адносіны да паўлаўскіх выпадаў супраць выдавецтва, да таго непрыхаванага хамства, што было прадэманстравана. Анатоль неяк сам выйшаў на гэта пытаньне, і, да маёй радасьці, асудзіў паводзіны свайго начальніка. Больш за тое, ён пасьпеў перадаць гэта іншым “уплывовым” асобам з ЦК КПБ – свайму непасрэднаму шэфу Сяргею Законьнікаву і намесьніцы Паўлава Ганьне лазоўскай.

Дзень гэты я лічу плённым. Анатоль вельмі тактоўна папрасіў мяне, каб я, “калі гэта магчыма”, падарыў яму і заўтрашні дзень. Я, натуральна, даў такую згоду…

8 красавіка 1986 году. Сёньня зноў цэлы раборчы дзень tet-a-tet правёў з Анатолем Іванавічам. Зноў круціліся вакол “забароненых”, значыць, антыпартыйных, антысавецкіх матэрыяў: магчымасьць выданьня Скарынаўскай “Бібліі” і астатняй яго спадчыны, а таксама “Мужыцкай праўды” Кастуся Каліноўскага, “Матчынага дару” Алеся Гаруна, зборніка твораў казіміра сваяка і іншага. Я даводзіў магчымасьць і неабходнасьць ажыцьцяўленьня гэтых выданьняў “любой цаною”. Сказаў, што я б выпусьціў усё гэта “легальна-нелегальна”. Убачыўшы яго зьдзіўленьне, я растлумачыў кожную частку-антыпод майго дуалістычнага тэрміну.