Выбрать главу

2. Ёсьць у пісьменьніцкай арганізацыі людзі, супраць якіх заўсёды падае надта багата галасоў. Тым ня менш іх кожны раз падсоўваюць у лідэры. Чэмпіёнамі паспалітай непапулярнасьці цяпер былі тыя самыя дзеячы, шо і на мінулым зьезь­дзе. Найбольшую колькасьць галасоў супраць сябе атрымалі: Б. Сачанка – 115; Н. Гілевіч – 108; І. Чыгрынаў – 104; Л. Гаўрылкін – 96; К. Кірыенка – 86.

Калі ўлічыць, што ўсяго галасавала 335 чалавек, дык такая колькасьць “чорных шароў” – незайздросны сімптом. Мінулы раз, праўда, ЦК КПБ цалкам праігнараваў волю зьезду, пакінуўшы на сваіх пасадах усіх пералічаных тут чатырох сакратароў. Сёлета пакінулі толькі аднаго Ніла Гілевіча з іх (Рыгор сказаў, выбягаючы з гэтага першага пленума, што Ніла трымае Быкаў), а астатніх замянілі. Замест Б.Сачанкі і І. Чыгрынава першы пасьлязьездаўскі пленум па прапанове таго самага ЦК выбраў Алеся Жука і Віктара Казько. Аргсакратара вырашылі не выбіраць, а прызначыць. Так што хто зьменіць Леаніда Гаўрылкіна яшчэ невядома. А, можа, і ня будуць мяняць. А зрэшты, што дадуць гэтыя замены?

27 красавіка 1986 году. Вольга Юльянаўна паведаміла, што у апошнім маскоўскім часопісе “Огонёк”, “што з Леніным”, як яна сказала, зьмешчаны вершы М. Гумілёва. Я падзякаваў за інфармацыю і пабег шукаць гэты “адыёз”. Знайшоў далёка ня ў першым-лепшым кіёску. Купіў тры экземпляры – адзін у “недатыкальны залаты фонд”, з двух астатніх, можа, зварганю самаробную кніжачку. А можа, давядзецца з некім падзяліцца? Рады буду паслужыць прапагандзе пакаранай рускай культуры. Мы не трымаем злосьці на ўсіх рускіх. Сапраўдныя рускія церпяць прыгнёт як і мы. Іх храмы разбураюць як і нашы. Іх найвялікшых пісьменьнікаў забараняюць, нават забіваюць, як і нашых. Нашыя нязьменныя і шчырыя сімпатыі на баку гэтай вялікай рэпрэсіраванай культуры.

Стаў хуценька, на хаду, гартаць часопіс. Вось той самы ленін на ўсю вокладку. Вось мільгаюць Гарбачовы – адзін, другі, трэці. Вось і пара Фідэляў Кастра. Пара? Чаму б гэта? Гляджу ўважліва. Цэлую старонку заняў, відаць, савецкі танк з узьнятай уверх руляю гарматы. З танка злазіць Кастра. Зьверху паведамляецца, што “19 красавіка 1961 году, на Плая-Хірон, кубінскі народ атрымаў перамогу над імпералістычнымі інтэрвентамі”. Ага, думаю, так цяпер назвалі ўжо выдатную дыпламатычную перамогу Джона Кенедзі, што 25 год таму назад выратаваў сьвет ад кастра-хрушчоўскага шаленства, ад ядзернай вайны… Кастра сярод сваіх міліцыянераў, а вось друз ад самалёту ЗША, зьбітага кубінскімі, трэба думаць савецкімі, зенітчыкамі… Вось старонка з ваеннымі лётчыкамі выпрабавальнікамі парашутаў (ва ўсіх Афганістанах патрэбны дэсант!)… Зноў Ленін – адзін, другі, трэці… Ленін зьмяняецца цыркам (некалі рэдактара расстралялі б за гэта), цырк – Георгіем Маркавым (!), Маркаў – футбалістамі, гэтыя – Эрнстам Тэльманам(!). І нарэшце, аж на 26-ай старонцы (усяго ў часопісе іх 32) – “К 100-летию со дня рождения Н. С. Гумилёва: Стихи разных лет”. Прадмова Уладзіміра Енішэрлова. Вялікі, сантыметраў 250 квадратных, фотапартрэт аўтара. Дома разгледзеў больш уважліва: фатаграфія М. Напельбаума. Гэта колішні прыдворны фатограф Леніна. Фатаграфія моцна павялічаная, што адбілася на яе выразнасьці. Але ж нічога! Выдатна! Даруем гэта “аганькоўцам” – яны ж рабілі, як найлепш! Публікацыя заняла дзьве вялікія аганькоўскія старонкі з пераходам на трэцюю – усяго 2 1/4 старонкі. Паэтычная нізка складаецца з васьмі твораў: “Волшебная скрипка”, “Андрей Рублёв”, “Капитаны”, “Орёл”, “Лес”, “Портрет мужчины” (“Картина в Лувре работы неизвестного”), “Жираф”, “…Когда из темной бездны жизни”.

Ні ў “Литературной России”, ні тут пра ўзаемаадносіны Гумілёва і савецкай улады ні слова не сказана. Прадмова в. Енішэрлава, напрыклад, канчаецца так: “Жизнь Н. С. Гумилёва трагически оборвалась в августе 1921 года. Прекрасный художник, он оставил интересное и значительное литературное наследие, оказал несомненное влияние на развитие советской поэзии. Его ученикам и последователям наряду с высоким романтизмом свойственно стремление к точности поэтической формы, так ценимой самим Гумилёвым, одним из лучших русских поэтов начала ХХ века”.

Вось так! Ні менш, ні больш!.. Адзін з лепшых! Які аказаў бясспрэчны ўплыў на разьвіцьцё савецкай паэзіі! У каго і дагэтуль ёсьць вучні і пасьлядоўнікі! Ці ж гэта не прысуд бальшавіцка-ленінскай рэвалюцыі – рэвалюцыі супраць культуры, супраць найлепшых яе прадстаўнікоў!!!