Выбрать главу

Даведаўся я сёньня ад сімпатычнага Андрэя Мікалаевіча і пра тое, як рабавалі і бурылі бальшавікі храмы на яго роднай Міншчыне, як абрабавалі і разбурылі яны ж цудоўны касьцёл у Заслаўі ўжо ў пяцідзясятыя гады нашага стагоддзя. “А гэтую сьвятыню трэба б адрэстаўраваць!”.

Сёньня субота. Дзень наведаньняў. У мяне былі Марыя (жонка М. Дубянецкага – рэд.) і Мікола (Шэляговіч – рэд.). Апошні, як я пераканаўся, ужо захапіўся індыйскай мудрасьцю жыцьця. Зьнікла рэзкасьць меркаваньняў, прарэзалася талерантнасьць у адносінах да іншадумцаў. Гатоў нават лабызацца і з камуністамі, і з фашыстамі. “Яны ж перакананыя, – кажа ён, – што ўсё, што яны робяць, робяць дзеля карысьці людзей, чалавецтва”. “Вучыў” мяне, як трэба мірыцца са сваімі праціўнікамі.

Думаю, што ў Міколы гэтая “філасофія” хутка пройдзе, як і не адна дагэтуль…

Карынфар не вярнулі.

9 чэрвеня 1986 году. Ад’язджае Андрэй Мікалаевіч у Аксакаўшчыну на 10 дзён. На разьвітаньне ён запрасіў мяне да сябе ў Заслаўе ў госьці. З замілаваньнем расказаў крыху пра сваё старое і сучаснае Заслаўе.

Гадоў дзесяць таму мясцовыя ўлады хацелі “схаваць” рэчку Чарніцу, перавесьці яе ў новае рэчышча. Сотні чалавек выйшлі з рыдлёўкамі і ня слухаючы начальства і міліцыі, засыпалі тое рэчышча, з зямлёю выраўнялі яго. Справа ў тым, што “перамяшчэньне” рэчкі пагражала яе поўным зьнішчэньнем. А яна ж – гістарычная, выцякае з-пад гары, на якой стаяў некалі манастыр, дзе чарніцаю была сама князёўна Рагнеда (адсюль і назва ракі “Чарніца”). На месцы таго манастыра цяпер, на той гары, атабарылася лясьніцтва.

Расказаў Андрэй Мікалаевіч і пра былое возера Рагнедзь, што зусім нядаўна высахла і было засыпанае. “А можна было б, – сказаў ён, – пачысьціць і выратаваць яго. А то зрабілі багну”.

Карынфар не вярнулі.

10 чэрвеня 1986 году. Сядзім на “галодным пайку”. З таго, што тады недадалі, нічога не вярнулі. Урач мой ужо трэці дзень не паказваецца. Кажуць, хварэе. Учора замест яе абход рабіла Ірына Аляксандраўна Аляшкевіч. Сёньня – Алена Сяргееўна. Абедзьве яны – цудоўныя мілыя жанчыны, добрыя сьпецыялісты. Але ж, здаецца, ва ўсякім разе патрэбен “свой”, адзін урач. Ну, што ж, урачы таксама, на жаль, хварэюць.

Сёньня Алена Сяргееўна намерала ў мяне аж 170/100. Адразу прыслала ўкол дэбазола. Сугучна дзівасілу. А ў гэтага, глядзі ты, якая назва – дзіўная сіла. Значыцца, некалі сапраўды ўся надзея была на яго.

Зараз па калідоры прабег журналіст Міхайлаў. На хаду падаў руку і выдыхнуў: “В чём дело?” Я ў унісон яму энергічна паказаў правай рукою на левую частку грудзей: сэрца, маўляў. “А-а!” – не спыняючы хады, – працягнуў ён і хутка апынуўся побач з жанчынаю, якая сядзіць са мною за адным сталом. Значыцца, прыйшоў да жонкі. Праўда, дзень сёньня “глухі”. Тым радасьней ім абодвум.

Міхайлаў наогул дзіўны чалавек. Выдатны журналіст і раптам – чыноўнік, памочнік Старшыні Савету Міністраў. Я доўга зьдзіўляўся такім паваротам яго кар’еры, пакуль не дазнаўся, што гэта яго так схаваў былы Ленінградскі дыктатар Раманаў, нейкі блізкі жончын сваяк, калі Міхайлаў злоўлены быў у Менску на непрыстойнай афёры. Хутка і Раманаў зьнік і той, хто ратаваў Міхайлава ў сваёй канцылярыі – Уладзімір Бровікаў – з жалем разьвітаўся са сваёй пасадай, а Міхайлаў перайшоў у спадчыну наступнаму “прэм’еру”. Ну што ж! Усе любяць “хлёсткія” прамовы. Журналіст Міхайлаў спатрэбіцца!

Карынфар не вярнулі.

11 чэрвеня 1986 году. З раніцы ўзялі кроў на згортваемасьць. Вынік: 3’-5’. Хутка ўкацілі і каляску ЭКГ. На абходзе Алена Сяргееўна сёньня запеленгавала зусім нармальны ціск: 130/80. Цікава, а чаму ж тады няспынна глытаю нітрагліцэрын? Кепска, што з раніцы гэтыя спазмы распаўсюдзіліся ўжо на ўвесь дзень. Учора, напрыклад, цэлы дзень яны мяне перасьледавалі, аж да паўночы. Прыступаў мо дзесяць было!

Гадзінаў у дзесяць прывялі ў палату “папаўненьне” – 56-ці (ці - ...чатырох)-гадовага пенсіянера рэспубліканскага значэньня, інваліда другой групы, які вырашыў крыху яшчэ папрацаваць. Уладкаваўся ён недзе на “лёгкую” працу і адпрацаваў… роўна адзін дзень. Кажа, што, калі па-харошаму, дык учора павінен быў бы выклікаць “хуткую дапамогу”, “але пасаромеўся”. Неяк жонка за ноч выхадзіла, а сёньня “бадзёра” пайшоў зноў “працаваць” і вось апынуўся на бальнічным ложку. Зваць яго Іван Фядосавіч Аўрамчык.