Выбрать главу

Хутка пасьля знаёмства новенькі з нейкае прычыны расказаў мне пра адзін калгас у вёсцы Горы Магілёўскай вобласьці, дзе ён ня так даўно быў. Цікавы там старшыня. Герасімаў яго прозьвішча. Гадоў недзе 50 з нечым.. Каб затрымаць у калгасе моладзь, ён завёў добрыя парадкі. Вяртаецца, скажам, хлопец з войска, ён выпісвае яму 700 рублёў – без аддачы. Задумаў жаніцца гэты юнак – на табе ў падарунак яшчэ паўтары тысячы рублёў. Няма дзе жыць маладой сям’і – будуецца асобны дом коштам каля 16 тысячаў рублёў: 8 тысячаў пакрывае калгас, а 8 растэрміноўваецца на нейкі доўгі тэрмін. І хлопцы застаюцца. Цяпер Герасімаў бярэцца і за дзяўчат. Трэба думаць, што посьпех будзе і ў гэтым.

А як тут расьцьвітаюць і шматлікія дапаможныя галіны вытворчасьці – завод камбінаваных кармоў, завод травяной мукі. Альбо такі факт. Тут новую, атрыманую толькі што з заводаў, тэхніку, на поле адразу ня пусьцяць, бо выйдзе са строю. Кожны камбайн, трактар, касілка, сеялка і г. д. перарабляюцца. Гэта, між іншым, перш за ўсё папрок тым заводам, што іх выпускаюць, а ня “кемлівасьці” старшыні.

І вось дзіва. Нават ня дзіва, а заканамернасьць. Калгас гэты (імя Сьвярдлова) мяжуе з калгасам, які ўжо на тэрыторыі РСФСР. Значыць, ня толькі землі ў іх аднолькавыя, але і людзі тыя ж самыя. А вось вынікі гаспадарчыя – зусім іншыя. Беларускі калгас зьбірае ў сярэднім па 20 і больш цэнтнераў з гектару, а рускі – па 6-7 цэнтнераў. “Тут няма каму працаваць і няма чым працаваць,” – кажа родны брат нашага Герасімава, які дырэктарствуе таксама побач, у расейскім саўгасе.

…Сёньня серада – дзень наведваньняў. У мяне дома лазарэт, значыць, няма каму прыйсьці. Усяліўся нейкі вірус: перахварэла нібыта нечым прастудным Ірынка, ад яе – Галя; а вось цяпер – і сама наша цьвёрдакаменная маці. Цяжэй за ўсіх хварэе Галя. Яе вірус разгортваецца на фоне страшэннай алергіі. Вызначылі, што алергенам быў эрытраміцын. Яна ж не пераносіць антыбіётыкаў, а ёй ня хто-небудзь, а родная маці дала таблетку гэтага лякарства. Цяпер у дзяўчыны распух увесь твар, асабліва нос. А ёй жа трэба рыхтавацца да кандыдацкага экзамену па філасофіі – па прадмеце, якога яна да таго ж і ня любіць. Яго ж так савецкія “філосафы” палітызавалі, што, не чытаючы газеты “Правда”, не здасі. А можаш нічога не чытаць, апроч партыйных газетаў, і будзеш “ведаць” гэты прадмет!

Нядаўна і ў Ірынкі атрымалася трагедыя з аналагічным прадметам – навуковым камунізмам. Яна ішла на дыплом з адзнакай пры ўмове, што гэты, апошні дзяржаўны экзамен будзе здадзены на “выдатна”. Яна здала яго на “добра”. Таленавітая дзяўчына, і часу на падрыхтоўку хапала, а вось гэты, з дазволу сказаць, “навуковы” камунізм не ўпусьціла ў сваю сьветлую галаву. Як яна толькі на “4” яго выцягнула! Цяпер будзе дыплом звычайны. Нічога! Ад гэтага яе прыроднага і здабытага розуму не паменшала.

Аднак візіты да мяне былі: Мікола, Галя Капылова (сястра Марыі Дубянецкай – рэд.), Толя Кудраўцаў і Стась (брат М. Дубянецкага – рэд.).

Карынфар не вярнулі.

12 чэрвеня 1986 году. Ціхая сенсацыя: страляўся Пілатовіч!!! Страляўся ды няўдала – застаўся жыць ці мучыцца. Цяпер ён у 4-й гарадской бальніцы. Чаму ня тут? Каб менш людзей ведала пра гэтую падзею? Там жа яго ніхто ня ведае, хто ён такі. А быў жа і першым сакратаром абкаму партыі, і сакратаром ЦК КПБ, і надзвычайным і паўнамоцным паслом СССР у Польшчы. Перад пенсіяй, на якую яго нядаўна прагналі, ён займаў уведзеную сьпецыяльна для яго дадатковую пасаду намесьніка Старшыні Савету Міністраў БССР. Гэта сюды яго кінулі, калі Герэк паскардзіўся на яго Брэжневу, што занадта камандуе не сваёй краінай.

Пакуль вядома толькі, што страляўся ён з паляўнічай стрэльбы ў рот (ці ў падбародак). Дома не было нікога, пачулі суседзі і выклікалі міліцыю. З яе дапамогаю ён і быў дастаўлены ў бальніцу.

Дазнаўшыся пра гэта, мой новы сусед зьдзівіўся: “Чаго ж яму не хапала? 350 рублёў пенсіі меў, 30 гадзінаў машыннага часу і іншыя прывілеі”.

Усяго, вядома, хапала. Мабыць, узяў роздум, што не таму служыў. Альбо яшчэ горш: адчуў, нарэшце, і сваю віну перад народам. А людзі такога рангу – далёка не анёлы. Іх афіцыйныя пасады толькі служаць прыкрыцьцём іх асноўных, антынародных справаў.

Памяць падсунула і іншыя, аналагічныя пілатовічскаму, факты. Напрыклад, самазабойства былога рэктара Менскага політэхнічнага інстытуту Ткачова – з год, максімум два гады таму. Гэта быў зусім, як кажуць, “благополучный”, удачлівы і персьпектыўны “вучоны”. Усе навуковыя ступені і званьні сыпануліся на яго, як з таго славутага рога. Дасягнуў у свае маладыя гады усяго, чаго, як правіла, таксама ўдачлівыя дзеячы дасягаюць толькі напрыканцы сваёй кар’еры. А гэтаму “чаго не хапала?”