Выбрать главу

Карынфар не вярнулі.

13 чэрвеня 1986 году. Неяк я зьвярнуў увагу, што ў руках “дасужых” людзей бачу кнігі ўсё больш з прачытаным пачаткам іх і рэдка калі дачытваемыя да канца. Так і цяпер. Андрэй Мікалаевіч пачынаў чытаць “Гарады і гады” К. Федзіна, Васіль Максімавіч прыкладна столькі ж прачытаў нейкай тоўстай палітычнай кнігі пра савецкую дыпламатыю. “Новенькі” Іван Фядосавіч прыйшоў з пачатай, праўда, прыкметна, кнігай А. Чакоўскага “Перамога”.

Гэтых усіх дзеячаў фармуе і адпаведная літаратура. А яна пішацца і “адпаведнымі” пісьменьнікамі, якія займаюць, дарэчы, пануючае становішча ў Саюзе пісьменьнікаў.

Цікавы яшчэ вось які мой вывад. “Гэтыя дзеячы” паміж сабою нярэдка так крытыкуюць савецкія парадкі, што “аж пух ляціць” з іх. Аднак да пэўнае мяжы! Напрыклад, учора наш “новенькі” накідаў мне ў дыскусіі столькі пасылак, што мне засталося толькі падвесьці рысу і сказаць: “Правільна сістэма не функцыянуе” (маецца на ўвазе савецкая “сацыялістычная”). Пры гэтых маіх словах мой апанент падхапіўся на сваім ложку і даволі злосна сказаў: “Вы што ж, прапануеце замяніць яе прыватна-ўласьніцкай сістэмаю?”. Я ўхільна адказаў: “Я толькі зрабіў лагічную выснову з вашых пасылак. Дарэчы, я падзяляю вашыя аргументы і назіраньні”. Ён застаўся задаволены, што я згодны з ім. Праз некаторы час ён вельмі насьцярожыўся, калі я пасьля яго салодкіх дыфірамбаў у адрас Леніна сказаў, што “Ленін ня менш памыляўся, чым і любы ня-Ленін: ён быў ча-ла-век, а не прышэлец з космасу.”

Сёньня Іван Фядосавіч, нарэшце, зрабіў свой важны вывад. Гаворку пра рэпрэсіі сталінскае пары ён “закругліў” “прадказаньнем”, што я абавязкова апынуўся б тады ў Сібіры ці ў турме. Я пахваліў яго за “праніклівасьць”.

І. Ф. спытаў мяне, што я думаю пра Рамана Мачульскага. Я сказаў на­ступ­нае.

– Які ён быў некалі партыйны і партызанскі кіраўнік, я не магу ведаць. Аднак крыху ўяўляю яго як чалавека і аўтара “найбольш грунтоўных” партызанскіх мемуараў. І не ў захапленьні ні ад яго чалавечых якасьцяў, ні ад яго літаратурнага таленту. Гэтага таленту проста зусім няма. Ёсьць настырнасьць і нахабства. Ёсьць моцнае і нічым не абгрунтаванае жаданьне праз “літаратуру” сьцьвердзіць, ці нават стварыць легенду пра сваю выключную ролю ў партызанскім руху. З дапамогаю гэтакзваных літзапісчыкаў яму гэта ўдалося. Ён цяпер у выдавецтвах і Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ найгалоўнейшы кансультант па партызанскіх праблемах. А праблемаў гэтых – хапае. Сам ён бачыць толькі адну з іх – пра ролю і месца таго ці іншага дзеяча ў гэтым інсцэніраваным руху: ніхто ня можа засланіць яго, Мачульскага асобу. Гістпарт у сваю чаргу бачыць іншую, больш істотную праблему – дазіраваць партызанскі “гераізм” у барацьбе з паліцыяй і астатнімі нямецкімі прыслужнікамі так, каб уся гэтая партызаншчына не выглядала як грамадзянская вайна ўнутры народу. А з “твораў” Мачульскага, Казлова, Лабанка, Захарава і іншых якраз так яно і ёсьць. Партызаны больш ваявалі супраць свайго народу, чым супраць акупантаў. І страты нанесьлі значна большыя яму, чым тым. Гэтую важную і нечаканую ўладамі асаблівасьць партызанскай “вайны” падхапілі і расьпісалі на Захадзе. Вось цяпер гістпартаўцы і круцяцца. Аднак справа зробленая і выпушчаныя “мемуары” партызанскіх генералаў існуюць. Цяпер выконваецца задача “згладжваць” справу ў перавыданьнях і сачыць пільна за рукапісамі новых прэтэндэнтаў. Я не кажу пра сьмяротную грызьню паміж усімі імі і наогул пра іх непрыстойнасьць.

Нечакана для мяне Іван Фядосавіч добра прыняў маю “лекцыю”. Больш за тое, ва ўнісон ён расказаў, як ня раз партызаны рабавалі яго сям’ю, у якой бацька і старэйшы сын былі ў Чырвонай Арміі, на фронце, а дома засталася “поўная печ” малечы.

– А яны, партызаны, – кажа мой субяседнік – усё ў нас забіралі – і прадукты, якія знойдуць, і адзеньне. І нават білі маці, калі тая не аддавала. І вось атрымлівалася, што ў дзень бойся немцаў, а ўначы – партызанаў. Не паважаю я з тых пор гэтых “ваякаў” і рады, што і вы ацэньваеце іх аб’ектыўна, па заслугах.

Невядома, што ў гэтай галаве робіцца, падумаў я адносна гэтага І. Ф. То ён Сталіна абвяшчае найвялікшым палкаводцам, “большым за Кутузава”, то ён Жукава бэсьціць як “унтэра Прышыбеева і дэспата”.

І. Ф. зноў спадабалася, калі я імкненьні шматлікіх Жукавых захапіць, напрыклад, любой цаною тую ці іншую высотку назваў кар’ерызмам. “Што ім значылі сотні і тысячы салдацкіх жыцьцяў? – казаў я. – Ім важна было пачапіць хутчэй чарговы ордэн на гімнасьцёрку ці чарговую зорку на пагоны”.