Выбрать главу

Так, яшчэ адзін “вядомы”, падумаў я, без уласнае хаты і нават бяз працы…

22 верасьня 1986 году. …Візіт урача (новая, маладая: замест Л. М., якая цяпер у адпачынку). Уважлівая, кемлівая, сьмелая. Апошнюю якасьць я вызначыў, калі яна выпісала мне анапрылін. Я сказаў, што падчас апошняга майго візіту да кардыёлага ён мне таксама выпісваў гэты сродак, аднак, парваў рэцэпт, з-за рэцэдыву бранхіту ў мяне (дазнаўся, гартаючы маю “гісторыю”). І ўсё-такі “мой” новы ўрач зрабіла па-свойму, што мне спадабалася. Яна, праўда, удакладніла, як у мяне справы наконт кашлю.

Апроч гэтага, выпісала яшчэ курантыл з прыёмнай дозаю 3 таблеткі па 3 разы ў дзень (!); панангін (1х3 разы). Прапісала 10 уколаў і для іх выпісала дэмідрол, ношпу і анальгін – усё ў ампулах.

Сёньня ж выкупілі сустак, што пакінула Л. М. Вельмі скупа далі яго: адну упаковачку фортэ і столькі ж мітэ. Гэта толькі на дзевяць дзён! А ці будзе ён пасьля?

На разьвітаньне ўрач запісала мне, што, калі і па колькі прымаць, сказала, каб у сераду яе зноў выклікаў, паабяцала заўтра прыслаць сястру, каб зрабіла электракардыяграму, а “ўколы, кажа, пачнём з сёньняшняга дня”.

З 16 да 17 гадзінаў 30 хвілінаў прымаў удзел у прэс-канферэнцыі з выпадку Дэкады літаратуры і мастацтва Эстонскай ССР на Беларусі. Канферэнцыя адбывалася ў гэтак званым Доме кіно – былым кафедральным касьцёле св. Сымона і Ганны. Мяне зьдзівіла, што на другім, імправізаваным, паверсе зусім глуха, ніхто нікога ня чуе. На першым паверсе я гэтага не заўважаў, здаецца. Гэта дзіўна! Тут жа павінна была быць выдатная акустыка! Можа парушылі вось гэтай самай антрэсольнай падлогаю, якая пакладзена праз увесь касьцёл. Ды й без падлогі хапіла тут розных пераробак, калі “падганялі” храм пад “культурную ўстанову”, як сказаў у свой час Машэраў Касыгіну, калі гэты раіў “аддаць касьцёл католікам, бо яны засыпаюць Савет Міністраў СССР і ЦК КПСС скаргамі і просьбамі з многімі тысячамі подпісаў”.

Я і цяпер лічу, што трэба вярнуць касьцёл яго сапраўдным гаспадарам! І зрабіць яго рэзідэнцыяй архіпастыра Беларусі. Якога і дагэтуль не дазваляюць мець католікам!

26 верасьня 1986 году. Днямі бюро ЦК КПБ “разгледзела пытаньне” пра “віцебскую справу”. Разгледзела і вырашыла інфармацыю ў друк пра яе не даваць. Яна адсутнічала нават у простым пераліку “пытаньняў” “парадку дня” гэтага пасяджэньня.

Сапраўды ёсьць што хаваць: уся справа – яскравае абвінавачаньне савецкага ладу, яго маралі, яго заканадаўства. Я, здаецца, неяк пісаў ужо, як у Полацку нейкі сексуальны маньяк задушыў больш за трыццаць маладых жанчын. Такі быў яго спосаб палавога задавальненьня.

Замест таго, каб як сьлед, без пасьпешлівасьці, разабрацца ва ўсім, юрысты выконвалі строга свае “праграмныя” ўстаноўкі: 1) дамагацца поўнага раскрыцьця ўсіх злачынстваў; 2) дамагацца прызнаньня злачынцамі сваёй віны; 3) дамагацца скарачэньня тэрмінаў “праходжаньня” справаў.

Як бачым, тут няма такога важнага прынцыпу, як шуканьне алібі для падсьледных і шуканьне абставінаў, якія памяншаюць віну вінаватых.

Юрысты “працавалі” элементарна проста – шукалі вінаватага на кожнае забойства. І цікава тут тое, што, прымяняючы стары, выпрабаваны савецкі метад дамагаюцца ў падазроных прызнаньня ў сваім злачынстве, сьледчыя хутка знаходзілі злачынцаў і атрымлівалі іх прызнаньне. На сёньня асудзілі ўжо 14 невінаватых чалавек, замест аднаго таго маньяка! Двух з іх асудзілі да расстрэлу! Дванаццаці чалавекам далі па дзесяць-пятнаццаць гадоў турэмнага зьняволеньня. А вінаваты трапіў на кручок толькі пасьля ўсіх тых “пасьпяховых” – бо з хуткім “раскрыцьцём” – працэсаў.

За справу цяпер узялася Пракуратура СССР. Займаюцца ёю і адпаведныя службы Менску і Віцебску. Выкрылі, што “прызнаньні” былі здабытыя ў Полацку катаваньнем падсьледных. Вось адзін з метадаў. Не прызнаецца, вядома, падсьледны ў прад’яўленым яму абвінавачаньні. Тады сьледчы паказвае яму на графін на стале і калодзеж за вакном і патрабуе схадзіць і прынесьці вады. Гэты ідзе. За дзьвярыма яго хапаюць здаровыя міліцыянеры-каты, валакуць у нейкае сьпецыяльнае памяшканьне і катуюць так, як, мабыць, ня ўмелі рабіць ня толькі ў сярэднія вякі, але і фашысты таксама. Катуюць да тых пор, пакуль “прызнаецца”.

Зразумела, што злачыннымі сувязямі паміж сабою тут, як і амаль паўсюдна ў аналагічных савецкіх установах, былі павязаныя ўсе сьледчыя, уся пракуратура, уся міліцыя і нават суддзя і суддзі! Цэлы крывавы камбінат! Краіну, значыць, пакрывае густая сетка такіх камбінатаў.