Выбрать главу

На месца здарэньня паехаў старшыня парткамісіі КПБ Васіль Галаван. Чалавек ён, здаецца, прыстойны, аб’ектыўны. Але ці адважыцца Галаван назваць сапраўдных віноўнікаў гэтага самагубства?

Усім зразумела, што і тон чалавечнасьці, і тон бесчалавечнасьці задаюць у партыйных камітэтах іх першыя сакратары. Няпершыя для загадчыкаў аддзелаў не такое ўжо грознае начальства. Ва ўсякім разе на іх управу заўсёды можна знайсьці ў тых самых першых. А вось калі ўжо не дагадзіш першаму, – сьцеражыся. Мабыць тут і быў гэты самы выпадак. Карпечкін неяк даведаўся, што ў сераду на бюро абкаму зьбіраюцца здымаць яго з пасады, што падрыхтаваны ўжо і адпаведныя дакументы. Няшчасны папярэдзіў партыйную расправу над сабою…

20 лістапада 1986 году. Выдатная ілюстрацыя да “справы” амерыканскага эмігранта Локшына створана апошнім часам у Бел. н.-д. ін-це. санітарыі і гігіены.

У сувязі з Чарнобыльскай аварыяй у гэтым інстытуце зноў створаны аддзел радыяцыйнай гігіены. Кіраўніком “новага” навуковага падразьдзяленьня прызначылі кандыдата навук дактаранта Ліўшыца. Ён вельмі сур’ёзна ўзяўся за справу, некалькі разоў выязджаў у аварыйную зону і падоўгу там працаваў, рыхтаваў неабходныя дакументы, карацей, удыхнуў жыцьцё ў тэрмінова народжанае цела.

І раптам атрымаўся канфуз: органы дзяржбясьпекі не дапусьцілі Ліўшыца да пасады, якую ён ужо фактычна займаў з мая гэтага году. Прычына? Можна здагадацца – Ліўшыц яўрэй! Праўда, яму сказалі, што яго шкадуюць кідаць на гэты небясьпечны ўчастак(!?), што ад яго чакаюць хутчэй доктарскай дысертацыі (!?) і г. д.

Пакрыўджаны захварэў і некалькі дзён не паказваўся ў інстытуце. Цяпер ён зноў вернецца ў былую сваю лабараторыю ў аддзеле, здаецца, школьнай гігіены.

Дык пры чым тут Локшын? А вось пры чым. Днямі ён сказаў амерыканскім тэлегледачам, што за тры тыдні, якія пражыў са сваёй сям’ёй у СССР, ён ня бачыў тут антысемітызму.

Нічога, мілы, яшчэ адчуеш ты яго! А ў дадатак і іншыя “даброты” сацыялістычнага ладу будуць спадарожнікамі тваімі і тваёй сям’і. Аж пакуль вы не пакінеце гэты рай!..

Дарэчы, названая тэлеперадача адвярнула савецкіх тэлегледачоў ад сямейкі Локшынаў. Іх скаргі на нягоды амерыканскага жыцьця выдаліся нам мізэрнымі і непрыстойнымі. Падумаць толькі: здрадзіць бацькаўшчыне толькі таму, што нехта блытае вашыя рахункі ў банку! Ды тут, у СССР, і ніякіх рахункаў у банку вы ня будзеце мець – ня будзе чаго ўлічваць праз банк. Вы будзеце перабівацца на жабрацкіх заробках савецкіх вучоных, служачых. А можа вам будзе даплачваць той орган, які ў вас пакуль што зацікаўлены?

21 лістапада 1986 году. Сёньня ў “Правде”: 1. У матэрыяле “В Политбюро ЦК КПСС” сярод іншага чытаем: “Прынята пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР аб удасканальваньні арганізацыі рэканструкцыі і капітальнага рамонту жылых дамоў, аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэньня ў Расійскай Федэрацыі”.

Ня будзем кранаць рэдакцыю і “мілагучнасьць” прыведзенай назвы пастановы і сэнс самой пастановы. Гэта нам, як кажа мой знаёмы М. С Гарбачоў, да фені. Зьвернем увагу толькі на юрыдычны бок практыкі, якую дэманструе гэтая абвестка: Палітбюро камерна зацьвярджае пастановы ня толькі значна шырэйшага і вышэйшага свайго органа, якім зьяўляецца ЦК КПСС. Яно прымае таксама і пастановы, што павінны быць у кампетэнцыі Савету Міністраў, падмяняе Савет Міністраў, пазбаўляе яго ягоных правоў.

І яшчэ. Палітбюро настолькі зжылося са сваёю роляй “самага-самага”, што і не заўважыла, як само здрабнела. Пачало ўжо вырашаць справы ня толькі за Савет Міністраў СССР – орган больш-менш паралельны калі не з Палітбюро, дык з ЦК КПСС. Палітбюро штампуе ўжо рашэньні і ад імя інстанцыі, ніжэйшай за Савет Міністраў СССР, – за Савет Міністраў РСФСР.

2. Публікуецца “Закон Саюзу ССР “Аб індывідуальнай працоўнай дзейнасьці”. Гэта значыць, што партыя, урад і кадэбэ перад усім сьветам прызнаюцца, што сацыялістычны спосаб гаспадараньня зьяўляецца неэфектыўным. Што на дапамогу яму заклікаецца “індывідуаліст”, “прыватнік”, які і павінен выратаваць сацыялізм ад канчатковага краху.

У “Законе” пералічаныя ня толькі віды “індывідуальнай дзейнасьці”, якімі можна займацца, але ж і тыя, якімі не дазваляецца займацца.

Нельга, напрыклад, вырабляць: множыльныя апараты, капіравальныя апараты, штампы, штэмпелі, пячаткі, шрыфты.

Забараняецца арганізоўваць заняткі грамадзянаў “па прадметах і курсах, якія не ўваходзяць у вучэбныя планы агульнаадукацыйных школаў, прафесійна-тэхнічных, сярэдніх сьпецыяльных і вышэйшых навучальных установаў СССР”.

Не дапускаецца таксама прыватны промысел у сферы відовішчных мера­прыемст­ваў.