Выбрать главу

Мы не ведалі, як супакоіць Галю, бо бачылі, што за ёю Праўда. Я толькі зазначыў, што варта яшчэ папытаць Тычыну, ці ўдалося яму аберагчы Аліны творы ад дотыку чужой шкадлівай рукі; думаю і нават упэўнены, што не ўдалося.

Мне хочацца перапісаць той твор, што прынёс у наш дом столькі прыкрасці;

Вочы

Глядзяць з аднае істоты

Два змоўцы: стары і дзіця,

І бачаць ад свету ўпотай

Не тое, на што глядзяць.

Што ж вы ўбачылі вочы,

За змрокам вей маіх - штор?

Вір, дзе д’ябал рагоча?

Студню з адбіткамі зор?..

Вы чаго шукалі, вочы?

Гэта правільны варыянт верша. У друкаваным варыянце слова “чаго” у апошнім радку ў выдавецтве перайначылі на слова “гэта”. Такой “праўкі” Галя не прыняла.

5 студзеня 1987 году. Галя па ганарар у выдавецтва не хадзіла. Вечарам была спакойная. Пра вершы ніхто з членаў сям’і і не ўспамінаў. Ускосна толькі падчас вячэры яна сказала: “Калі гэта знікнуць тыя чалавечкі, што ўсё яшчэ дагэтуль здольныя псаваць нашыя справы, наш настрой. І жыццё...”

Ад такіх разважанняў мы непрыкметна падышлі да тэмы “Андрэй Сахараў”. Ой, як часта гэтае імя гучыць у нашай кватэры! Яно ж вельмі шматграннае. Перш за ўсё гэта прыклад грамадзянскай мужнасці. Адначасна яно і эквівалент савецкай дэмакратыі. Прынамсі той псеўдадэмакратыі, супраць якой падняў свой голас Сахараў.

6 студзеня 1987году. Алег (Бембель - рэд.) прынёс Ірынчыну дыпломную працу. Ён некалі папрасіў яе пачытаць, пасля прызнаўся, што пусціў яе па сяброўскіх руках. Перадаючы мне рукапіс, сказаў, што абавязкова трэба апублікаваць, што пра Караткевіча-рамантыка пакуль што толькі і ўспрымаюцца даследаванні, напісаныя ўзнёсла, рамантычна, з замілаваннем асобаю аўтара і яго твораў.

Алега нядаўна, 17 снежня, выклікалі ў Белакаменую на вышэйшы партыйны суд, якім з’яўляецца Камітэт партыйнага кантролю пры ЦК КПСС. У гэты час вярхоўнага партыйнага інквізітара М. С. Саломенцава ў Маскве не было. Ён тэрмінова паляцеў на пацыфікацыю Казахстану, што, як вядома, некалькі дзён таму атрымаў сабе ў правадыры чужынца-расейца Г. В. Колбіна замест скінутага Масквою з намесніцкага трону казаха Дзінмухамеда Кунаева. Тысячы казахаў, асабліва студэнцтва, моладзь, рашуча паўсталі супраць такой абразы ўсёй нацыі. Гэта крыху напалохала Маскву, але ж не настолькі, каб зусім адмовіцца ад свайго русіфікатарскага намеру, ці хаця б адтэрмінаваць яго.

Алегава справа роднасная, як ні дзіўна, казахскай. Яго выключылі з партыі, адлучылі ад навукі за тое, што выступіў супраць абразлівага стаўлення да бе- ларускай мовы, супраць глабальнага панавання на Беларусі расейскай мовы, расейсккай духоўнай і матэрыяльнай культуры.

Свой боль Алег выклаў у творы, які назваў: “Роднае слова і маральна-істэтычны прагрэс”. Рукапіс твору трапіў у Англію і там быў выдадзены ў арыгінале. Чуткі, а можа, і кніга, дайшлі да пільных вушэй-вачэй і палахлівых душ. З аўтарам расправіліся, разграмілі сектар сацыяльнай псіхалогіі і эстэтыкі Інстытуту філасофіі і права Акадэміі навук БССР. Пакаралі дырэктара Інстытуту доктара філасофіі Яўгена Бабосава, загадчыка сектару доктара філасофіі Уладзіміра Конана, са- кратара партбюро Арнольда Тарасенку і нават... загадчыцу акадэмічнага музею старажытнабеларускай культуры Вольгу Церашчатаву. Апошнюю за тое, што ў свой час дазволіла Бембелю расказаць пра сваю кнігу на семінары, да арганізацыі якога мела дачыненне.

Названая Алегава праца не была яго планавай у Інстытуце. Асноўнай яго тэмай, кандыдацкай дысертацыяй, была наступная: “Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў мастацкай культуры. На матэрыялах мастацкай культуры БССР”. Выкананая Алегам гэтая яго планавая праца была рэкамендаваная да абароны амаль дзесяць гадоў таму. Але пасля, як кажа Алег, блакіраваная гуманітарнай бюракратыяй. Інакш і не магло быць, паколькі ўсе разбуральнікі беларускай культуры пазналі сябе ў тэмпераментных, добра аргументаваных працах маладога навукоўца.

Даволі цікава Алег расказаў пра свае справы і асабліва пра Партыйны Тры- бунал у сваім новым дакуменце. Маю на ўвазе адкрыты ліст М. С. Гарбачову, дзеячам гуманітарнае культуры пад назваю “Некалькі словаў пра гуманітарныя канфлікты (На прыкладзе аднаго з іх)”.

Алег Бембель апавядае:

- Увайшоўшы ў раскошны кабінет, я ўбачыў стомленых старэчага ўзросту людзей (чалавек трыццаць, верагодна), якія сядзелі па абодва бакі доўгага стала і моўчкі, з выразнай недабразычлівасцю глядзелі на мяне. Мяне пасадзілі на вольнае месца ў адным канцы стала. Насупраць мяне, у другім канцы, сядзеў старшыня, як мне падалося спачатку, - мудры, кемлівы старац.