Выбрать главу

Але ж не сам гэты факт нарадзіў гэты запіс. Яго, напэўна ж, не было б, каб не назойлівае прыставанне журналісткі да старой літоўкі з той “самадзейнасці”.

- А скажыце, калі было лепш спяваць, - цяпер ці раней, - дапытваецца не зусім разумная тэлежурналістка, пад “раней” маючы на ўвазе Літву самастойную, дасавецкую.

Кабета, яўна неўпапад, сказала, што “вядома, раней”. Гэта абразіла “журналістку”

- яна чакала (!?) пачуць ухвалу савецкаму рэжыму. I як толькі яна не касабочыла сваё правакацыйнае пытанне! I колькі прыкрых “збояў” мела, аж нарэшце нешта нібы “аптымістычнае” пачула ад беднай “падследнай” і пакінула яе.

Гэтую перадачу змяніла праграма “Мир и молодость”. Рэзалі слых грубыя, на мяжы “нецэнзуршчыны” словы, што зрываліся з экрану і напаўнялі кватэру. Давялося шчыльней прыкрыць дзверы.

2 красавіка 1987 году. Папа Рымскі Ян Павел II зноў у Лацінскай Амерыцы. Сёння ён - у Чылі! Піначэт, як вынікае з замежнай інфармацыі, падрыхтаваўся моцна, каб не дапусціць да непажаданых свайму рэжыму эксцэсаў. Што датычыцца усяленскага Архіпастыра, то ўвесь свет добра ведае яго намаганні ўнесці магутны ўклад у справу якраз разбурэння гэтага дэспатычнага рэжыму.

Каталіцкая Царква Чылі ўвесь час, як вядома, знаходзіцца ў апазіцыі да крывавай піначэтаўскай дыктатуры. У апошні час гэтыя адносіны яшчэ больш абвастрыліся. Ян Павел II ужо некалькі разоў недвухсэнсоўна падтрымаў антыпіначэтаўска настроены Чылійскі Епіскап.

Я шчыра ўздыхаю да Усявышняга ў інтэнцыі шчаслівага завяршэння гэтага небяспечнага Святога Паломніцтва. Божа, захавай на доўгія гады прысвечанае па- шырэнню Тваёй славы падзвіжніцкае жыццё святога Пантыфіката Яна Паўла II.

Газета “Известия” дае трывожную інфармацыю пра становішча ў Сант’яга на ўчарашні дзень, гэта значыць, напярэдадні візіту. Там адбываюцца антыпіначэтаўскія дэманстрацыі, мітынгі бяздомных. Сям-там успыхваюць сутычкі паміж паліцыяй і дэманстрантамі. Поўна арыштаваных! Карацей, атмасфера накаляецца.

3 красавіка 1987 году. Асноўная мая ўвага засяроджаная цяпер на Чылі.

Учора вечарам Цэнтральнае тэлебачанне паказала некалькі кадраў аб прыездзе

Свяцейшага ў сталіцу няшчаснай краіны і яго афіцыйнай (!) сустрэчы. Выгляд у Папы стомлены. А можа, Яго раздражняе Піначэт?

Сёння “Известия” далі ўжо значна большую інфармацыю пра гэту выдатную падзею. Прыкладна 1800 знакаў, альбо машынапісную старонку. Прытым змясцілі на першай паласе пад падвойнай рубрыкай - “Паведамленні з-за мяжы” і дадат- ковая - “Прэс-служба “Известий”.

Дарэчы, учора “з тэлетайпнай залы “Известий” надрукавалі ўсяго толькі да сарака словаў пад назваю “Дэманстрацыя бяздомных”.

У гэтай краіне, значыцца, Ян Павел II прабудзе аж шэсць дзён. Як паведам- ляюць, сустрэча яго “вылілася ў масавую антыдыктатурскую дэманстрацыю... як толькі Папа апынуўся ў саборы, на чылійцаў абрынулі ўсю магутнасць вадамётных гарматаў, быў прыменены слёзатачывы газ. Пачаліся арышты людзей...”

Гэта ж толькі пачатак! Наперадзе яшчэ цэлых пяць даўжэзных небяспечных дзён. Хачу быць там! Хачу быць побач! Хачу прадухіліць любую прыкрасць Вялікаму. Вачыма сваёй душы я ўжо выразна бачу гэтую спакутаваную краіну, тыя дарогі, дзе ён будзе, тыя храмы, якія яго прымуць. Бачу натоўпы, што яго акружаюць. Вось сярод іх я растваруся і буду ўсюды ў гэтым натоўпе, спераду і з бакоў яго! Буду над ім! Я стану на гэты час мільёнавокім вартавым!

4 красавіка 1987 году. Сённяшнія газеты, якія я атрымліваю, прадмет майго шчымлівага клопату “не заўважылі” (!). Ніводная ні радочка не дала!

Схадзіў у кіёск “Саюздруку”, можа, будзе свежая “Trybuna Ludu” - тыя камуністы пакуль яшчэ вымушаныя хоць рабіць прыстойны выгляд; прымушае, вядома, уласны народ. “Trybuna” заўчарашняя. Бяру і думаю, каб, галоўнае, не прапусціць наступныя нумары з падзеямі ў Чылі. У гэтым выпуску пра Чылі толькі адзін сказ: учора а 16-ай гадзіне papiez прыбыў у Сант’яга, пачынаючы гэтым самым другі этап візіту.

Вось і ўсё. Тут больш яшчэ і не маглі даць. Гэты сказ са сваім загалоўкам “Wizyta w Chile” падвярсталі пад 56-радковую інфармацыю з Мантэвідэа “Jan Pawel II w Urugwaju”. З яе вынікае, што яшчэ ў самалёце, па дарозе ў Мантэвідэа, Папа Рымскі перад прыстаўленымі да яго журналістамі сказаў, што Касцёлу не- абходна стаць на абарону правоў чалавека ў Чылі. Журналісты дазналіся і пра папскі намер сустрэцца ў Сант’яга з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі.