Выбрать главу

Непрыстойныя паводзіны савецкіх сродкаў масавай інфармацыі - змова маўчання - кампенсуецца замежнымі.

Лондан: Папа Рымскі сказаў журналістам (!), што Касцёл у Чылі павінен адыграць такую самую ролю, як і на Філіпінах; генерала Піначэта ён назваў дыктатарам.

Калі б Царква падтрымала Піначэта, дык гэта было б яе падзенне.

Папу папярэджвалі, каб не ехаў сюды, бо Піначэт захоча выкарыстаць гэта ў сваіх інтарэсах.

Папа сустрэўся з моладдзю на стадыёне, дзе не так даўно былі масавыя расстрэлы.

Піначэт пераконваў Папу, што Чылі - ахвяра міжнароднай змовы.

Вашынгтон: Учора ў час месы, якую цэлебраваў пад адкрытым небам у Сант’яга Папа Рымскі Ян Павел II, адбылася перастрэлка паліцыі з прысутнымі вернікамі. Ранена некалькі чалавек, у тым ліку два журналісты.

Папа не пацярпеў. Ён пакінуў парк у суправаджэнні моцнай аховы.

Зноў Лондан: Групы дэманстрантаў кідалі ў паліцэйскіх каменне. Паліцыя пусціла ў ход агнямёты, слёзацечныя газы. Газы падымаліся аж да трыбуны Яна Паўла II. Папа гаварыў пра дэмакратыю. “Гвалт - не ваш шлях, не шлях Чылі - настаў час прабачэння і прабачвання”, - казаў ён. Яго словы выклікалі бурныя воплескі, скандаванне антыпіначэтаўскіх шлягераў.

У бліжэйшы панядзелак Папа едзе ў Аргенціну.

Парыж: На стадыёне, дзе Папа Рымскі адпараўляў імшу, было паранена паліцыяй некалькі дзесяткаў чалавек.

Газета “Figaro” у артыкуле “Вузкі шлях” піша, што Святы Айцец паводзіць сябе ў Чылі спакойна і адважна, як у сваёй роднай Польшчы. Выступае за аб’яднанне народу. Гэта - адзін з самых рызыкоўных візітаў Яна Паўла II.

5 красавіка 1987 году. У газетах, што ідуць мне, - ні слова.

Парыж: Камуністы салідарызуюцца з Папаю. Папа прыняў левую апазіцыю. Папа асудзіў фізічныя катаванні. У час сутыкненняў насельніцтва з паліцыяй 267 чалавек было паранена. Учора Ян Павел II выляцеў у правінцыі.

Гэты візіт Папы прымеркаваны да 500-годдзя з часу евангелізацыі Амерыкі.

У Буэнас-Айрэсе для аховы Папы Рымскага мабілізавана 12 тысячаў палі- цэйскіх.

6 красавіка 1987 году. У ранішняй перадачы з Парыжу паведамлялася пра су- стрэчу Яна Паўла II “з прадстаўнікамі свету працы”, а таксама з дзеячамі Касцёлу. Святы Айцец цікавіўся асноўнымі праблемамі працоўных, жыццём іх сем’яў.

Некалькі здзівіла інфармацыя “Известий”: перададзена з Аргенціны, а даты- чыць выключна чылійскага этапу візіту Папы. На першай старонцы, называецца “Пралік дыктатара”. Маецца на ўвазе, што Піначэт спадзяваўся гэтым Візітам замацавацца, але не атрымалася. “Чылійцы не дазволілі Піначэту ператварыць паездку ў добра сыграны спектакль”, - гаворыць карэспандэнт В. Несцераў.

Ыфармацыя слабая. Шкада, што сёння не дастаў “Trybuny”.

8 красавіка 1987 году. Недзе апоўдні затэлефанаваў Толя Сідарэвіч, пацікавіўся, ці глядзеў я ўжо сённяшнюю “Лит. газ.” Быў здзіўлены, што яна яшчэ ляжыць у мяне ў паштовай скрынцы. “Там жа на сёмай старонцы, кажа, Рагойшавы артыкул пра Гаруна. Дзякаваць Богу, што ёсць у нас хоць Масква...”

Я зразумеў, што пад гэтай “падзякаю” мелася на ўвазе. 11 сакавіка было 100- годдзе з дня нараджэння Алеся Гаруна. У рэспубліцы “не заўважылі” гэтай падзеі. I вось Вячаслаў Рагойша прабіўся з ёю ў Маскву. I там, як бачым, зразумелі. Усё-такі сталічны кругагляд - не правінцыйны!

Вось з такім змешаным пачуццём бяру ў рукі паважаную газету. На той самай старонцы хораша завярстаны Рагойшаў артыкул “Лёс паэта”. Над ім, пад лінейку, надпіс: “Да 100-годдзя з дня нараджэння Алеся Гаруна”. Пад артыкулам, такса­ма ў чатыры калонкі, надрукавана некалькі Гаруновых вершаў у перакладзе на рускую мову - перакладчык Браніслаў Спрынчан. У цэлым публікацыя займае трэць “літгазетаўскай” немалой паласы.

Накінуўся, вядома, не на пераклады, якія тут іграюць, канечне ж, другарадную, дапаможную ролю, а на сам артыкул. Прачытаў на адным дыханні. Дарэчы, ён і напісаны - пераканаўча, з крыўдаю і болем за лёс выдатнага творцы.

Маладзец Вячаслаў! Шкада толькі, што “Лит.газ.” - не “Правда”. Каб гэта з’явілася на тых “дзяржаўных” старонках, дык гэта нашымі чыноўнымі правінцыяламі было б успрынята як рэабілітацыя Гаруна. А так давядзецца яшчэ некаторы час змагацца за яе. Што я і не спыняю рабіць. Дый не толькі я!

Цікавая паэзія Гаруна прадстаўлена трыма творамі. Усе тры дадзены тут безназоўнымі, хоць два з іх у аўтара маюць назвы. Гэта “Песня-звон”, “Паэту” і “... Хто сказаў: “і я з народам”. Вершу “Паэту” не пашанцавала найбольш: яго не толькі назвы пазбавілі, але ж і двух чатырохрадкоўяў. Зрабіўшы гэтыя заўвагі- назіранні, гледзячы на газету, я дастаў “Матчын дар”, каб пераканацца канчаткова, паглядзець на тое выкінутае і параўнаць пераклад з арыгіналам.