Выбрать главу

У канцы лютага-пачатку сакавіка пачаліся нашыя амарылісы. Iх было столькі, што рэзалі нават у букеты. За вокнамі - снег, трашчыць мароз, а дома бушуюць амарылісы. Мабыць, гэта і натхніла Галю напісаць цудоўны верш “Амарылісы”. Крышку пазней усцешылі нас і ружова-фіялетавыя званочкі глаксінняў. У самы пік цвіцення ад гэтых званочкаў не было відно ні раслінаў, ні вазонаў.

24 мая 1987 году. З 14-ці гадзінаў 40 хвілінаў глядзеў па Беларускім тэлебачанні праграму “Роднае слова”. Перадачу падрыхтаваў Вінцук Вячорка. Ён вадзіў гледачоў па адным з мінскіх універсамаў - “Гродна”. Гэта ўнікальнае гандлёвае прадпрыемства ў Мінску. Ды, мабыць, і ва ўсёй Беларусі: усе шыльды і шыльдачкі, аб’явы і этыкетачкі і г. д. напісаны... на бе-ла-рус-кай мове! Ці ж гэта не дзіва ў нас, у наш час, у краіне “з узорна вырашаным нацыянальным пытаннем”?!

Дзе мілы Вінцук знайшоў такое дзіва? А можа сам інспіраваў гэта? Як там бы ні было, а Вінцук заслугоўвае найвялікшай нашай падзякі і захаплення, найлепшага слова пра сябе. Колькі ён робіць, каб вярнуць гаротным белару- сам забраную ў іх мову! Бачыце, з тэлекамерай і мікрафонам дапяў нават да крамы. А колькі і як ён дзейнічае ва ўласцівых яму ўмовах, у інтылігенцкіх і маладзёжных аўдыторыях, ва ўстановах культуры.

Дай Божа, табе здароўя, дарагі Вінцук! Беражы цябе, Божа, ад падонкаў і свінней! Можа тое, што я паведаміў учора Вінцуку, будзе карысным у яго вялікай патрыятычнай дзейнасці.

А цяпер вось Цэнтральнае тэлебачанне хваліць нядаўніх “ворагаў савецкага народу” паэтаў Гумілёва і Севяраніна. Няхай жыве Адліга-2!

26 мая 1987 году. “Самая дэмакратычная” ў двухкоссі краіна СССР паволі, паволі вызваляецца ад ганебнага двухкосся:

Вярнуўся са шматгадовай ссылкі акадэмік Андрэй Сахараў. Больш за сто барацьбітоў за правы чалавека вызваленыя з турмаў, канцэнтрацыйных лагероў, з “псіхушак”, некаторым з іх дазволена выехаць на жыхарства за мяжу.

У часопісах пачалі публікаваць не толькі забароненыя творы прызнаных савецкіх пісьменнікаў, але таксама і творы былых “ворагаў народу”, гэта значыць, сапраўдных патрыётаў, з такім ярлыком рэпрэсаваных Леніным, Сталіным і іх паслядоўнікамі.

Друк, радыё, тэлебачанне патроху набіраюць нармальныя рысы нармальных сродкаў інфармацыі.

Рыхтуюцца адпаведныя законы-гарантыі правоў чалавека. Вось, напрыклад, толькі што апублікаваны парадак чарговай, сёмай, сесіі Вярхоўнага Савету СССР. Сярод пытанняў бачым і такія, як: “Аб праекце Закону СССР пра ўсенароднае аб- меркаванне важных пытанняў дзяржаўнага жыцця” і “Аб праекце Закону СССР пра парадак абскарджання неправамерных дзеянняў службовых асобаў, якія парушаюць правы грамадзянаў”. Вось без якіх нават законаў 70 гадоў абыходзіліся? Жах!!!

Скажам прама, што гэтага зусім нямала, калі ўлічыць, што “Адліга-2” аб- вешчаная Міхаілам Гарбачовым (дай Бог яму здароўя!) не так даўно. Калі захаваюцца гэтыя напрамкі дэмакратызацыі і цяперашнія яе тэмпы, калі гэты ачышчальны працэс ахопіць усе сферы культурнага, грамадскага, гаспадарчага і нацыянальнага жыцця краіны, то і сапраўды гадоў так праз дзясятак СССР, мабыць, можна будзе ўжо назваць дэмакратычнай дзяржавай.

Вось і цяпер стала вядома, што КДБ перастаў глушыць перадачы радыёстанцыі “Голас Амерыкі”. А крыху раней гэта зроблена і ў адносінах да перадач радыёстанцыі “Бі-бі-сі”.