Выбрать главу

Думаю, Лёня, я адказаў на тваё пытаньне. Варта хіба дадаць яшчэ такое, што мы часта тады ў школе па-сапраўднаму і шчыра маліліся то за галодных савецкіх дзяцей – нашых равесьнікаў, то “за сотні тысячаў савецкіх гвалтоўна асірацелых дзяцей”. Тады я вельмі цьмяна ўяўляў сабе сэнс гэтых малітваў. Зразумеў ужо толькі пасьля верасьня 1939 году, калі і ў маёй мясцовасьці пад кіраўніцтвам наехаўшых бальшавікоў заводзіліся савецкія парадкі з класавай барацьбою, з ворагамі народу, з арыштамі, турмамі і ссылкамі.

Я цешуся, Лёня, што ты ўжо змог цалкам скінуць з сябе паранджу і путы таталітарызму.

У гэты час мы стаялі на балконе. За сотню метраў ад нас павольненька прагульваўся Віталь Вольскі.

– Эх, хлопцы, каб падлабуніцца як-небудзь да гэтага Віталя Фрыдрыхавіча, улезьці ў давер і выведаць паціху ўсе яго сакрэты на тэму “беларуская культура і Чэка”. (Лёня мае на ўвазе адданую колішнюю службу В.Вольскага ў Чэка, яго сьпецінфармаванасьць і “кампетэнтнасьць”).

– Наўрад ці там нават Артуру што перапала, скрытны дзядок, – кажа Валодзя Някляеў. – А ведаеце што, – працягвае ён, – некалі я падлабуніўся, як Лёня кажа, да Ларысы Пампееўны Александроўскай. Падрадзіўся напісаць яе мемуары. Яна ўхапілася за гэтую ідэю, цікава ж пакінуць сьвету сваю кнігу. І вось аднаго разу да мяне зьявіўся “літаратуразнаўца” ў цывільным і сказаў, што “мы вам ня раім улазіць у мемуары Александроўскай. Яна старая і можа наплявузгаць ня тое, што трэба. Вінаваты будзеце вы”. Я разьвітаўся з прыгожаю марай пачэрпнуць з той крыніцы ведаў, якая ўжо практычна нікому недаступная, а вычарпаць яе вельмі было б карысна для гісторыі.

Мы цёпла разьвіталіся, і я пайшоў на вячэру. Есьці, праўда, мне не хацелася. Хлопцы сім-тым мяне частавалі, частаваў і я іх, але ж трэба паказацца за сталом.

Білетамі ў кіно я не забясьпечваў сябе – трэба ж занатаваць некалі свае ўражаньні. А адчуваю, што мог бы там адпачыць. Вывешаныя афішы на два дні. Сёньня дзьве серыі фільма пад назваю “Прыйшоў час любіць”, заўтра “падоўжаны”, як там напісана, фільм “Любі, любі, але не губляй галавы”. Абодва югаслаўскія.

Шкада, канешне, але трэба папрацаваць у палаце – нататкі, сьвежая карэспандэнцыя, літаратура.

9 мая 1985 г. Чацьвер. Але сказаць так, значыць, як кажуць, нічога не сказаць. Ня проста чацьвер, а Дзень Перамогі – чырвоны дзень календара. А сёньня дык і наогул “рубінавы” – 40-годдзе той перамогі. Дзякаваць Богу, можа скончыцца, нарэшце, гэтая траскатня ў эфіры, у прэсе, у вулічнай і іншай рэкламе. Дый час ужо спыніць такую масіраваную ваенную апрацоўку насельніцтва, распальваньне ваенных страсьцей.

А гэтае насельніцтва ў сваёй большасьці думае, што нехта на іх зьбіраецца напасьці. У мяне і наконт гэтага было ўжо бурнае тлумачэньне з маім суседам-пракурорам. Ён упэўнены, што Захад – агрэсіўны бок, а СССР са сваімі “краінамі” – міралюбівы. Цяжка было пераконваць, але сёе-тое, здаецца, пачаў разумець інакш, і прынамсі, так адназначна не выносіць канчатковае рашэньне.

Што я раблю? Даклад ні маскоўскі, ні менскі ня слухаў, парад маскоўскі і дэманстрацыю менскую таксама не гляджу. Усё ж гэта вядома ўжо да драбніцаў. Навошта траціць час?

Пад уплывам усёй гэтай балбатні я кажу свайму суседу:

– Ну і стварылі ж сабе рэлігію!

– Хто, якую? – пытае ён.

– Як хто? Савецкі Саюз, з вашага дазволу. Агромністы культ партыі, агромністы культ Леніна. Зафіксаваны, даўно ўхвалены, асьвечаны рытуал правядзеньня падобных мерапрыемстваў. Хіба гэта не рэлігія? Ёсьць сьпецыялісты забясьпечваць даклады “душещипательными” эфектнымі ўставачкамі – каб слухач рагатаў ці плакаў, ці абураўся – у залежнасьці ад таго, што трэба. А сусед маўчыць, адчуваю, што ён ніколі і ня чуў такога. Думаю, каб не інфарктнік, дык ён спрачаўся б са мною, а так баіцца падсадзіць сэрца. Між іншым, я часта думаю, каб ня выклікаць яго бурнай рэакцыі, ашчаджаю яго. Такім чынам ашчаджаю і самога сябе.

Дарэчы, жонка мяне наведала сёньня. І ў мяне было сьвята.

Каб супакоіць магчымых выпадковых маіх чытачоў-традыцыяналістаў, скажу, што Перамога над фашызмам для мяне вялікае Сьвята. Любая ідэалогія, якая ставіць сваёй мэтаю завалодаць сьветам, перавярнуць яго духоўна, эканамічна, этнаграфічна і г.д., для мяне ідэалогія не да ўспрыманьня, ідэалогія антычалавечая, а значыць, вартая зьнішчэньня. Адной з такіх ідэалогіяў у сучасным сьвеце быў фашызм. І, вядома, заслуга Савецкага Саюзу ў зьнішчэньні гэтай чумы – найвялікшая.