Выбрать главу

Стан паэткі можна вызначыць па першых ужо радках, дзе яна скардзіцца, што “прывід казкі... смокча сілы з душы без літасці...” і пытае сама сябе: “О, якую б замову вынайсці,/ Каб растала рухомая муць,/ Каб дазволіла ў квет зазірнуць?”

Мы хутка ўбачым, што замова такая знойдзена, паэтка зазірнула ў “квет” той шчымлівай казкі і ўбачанае перадала нам. Вось некалькі радкоў з тых лісткоў, што я застаў на сваім стале каля пішучай машынкі:

Вецер дужае, хвалі ўздымаюцца,

I блукаюць па небе агні.

Слухай, пан Акіян, досыць бавіцца,

Каханую мне вярні!

Ці замала сплаціў табе смутку я?

Быць пакорлівым сіл не стае.

Ты ж загубіш яе, танюткую,

Ты ж, няўрымслівы, зломіш яе -

Галінку маю міндалёвую...

Хіба ў моры квітнець міндалю?..

Хіба змогуць пялёстачкі кволыя

Шторм, які ці стрываць караблю?

Нарэшце, Акіян аддаў яму яго Анадыямену (так называецца, дарэчы, увесь твор). Ён хіліцца над ёю, непрытомнаю, шэпча ў адчаі, што яна быццам бы “аддала яму (Акіяну) ўсё дазвання”. Але “што ж ты пакінула мне? - пытае. I раптам:

Варухнуліся веі - і ззянне,

Бы вада праз густое трысцё.

- Ах, дзівача, табе - існаванне.

Зямное маё жыццё.

Пазаўчора, у суботу, калі напісаны быў гэты твор, мы мянялі ў доме кветкі. На змену пажухлым букетам бэзу і півоняў М. М. прывезла з дачы ахапак касачоў, стакротак, язміну і... дэкаратыўнай цыбулі. Учора ж ад “Шчадрынцаў” паступіў пекны букет ружаў. Ага, а ў пярэднім пакоі стаяць у вазе галінкі ўнікальнай смарагдавай мяккае елкі.

Я падумаў і нават сказаў М. М., што варта было б без усякіх намёкаў, а шчыра прэзентаваць хоць адзін букет Галі. За “Анадыямену”! Паводле метаду “амерыканкі” - хай выбірае (раз пазбавіла нас прыемнасці ведаць, чакаць і рыхтавацца). I яна, збянтэжылася, выбрала. Не ружы, а касачы.

Сёння мы з мамай паднеслі сваёй Галінцы сапраўдны сувенір - вялізны букет казачна цудоўных касачоў. Тыя, што ёй тады спадабаліся, - жоўтыя сярэдняй развітасці ці велічыні. А гэтыя - як і не з таго сямейства кветкі. Даўжынёю недзе каля метра. Ставячы ў вялізную крыштальную вазу, мы нямала іх падразалі. Рэдкай велічыні самі кветкі. Як кажуць, “размах крылаў” - пялёсткаў іх - до­брых дваццаць сантыметраў. Але перш за ўсё багаценная каляровая гама. Ну, скажам, сіні не такі ўжо рэдкі колер у гэтых кветак. Важна яшчэ, якія адценні. У нашым выпадку - незвычайна мяккія, тонкія. Прадстаўлены тут і больш рэдкі “касачоўскі” колер - ружовы. I ніяк не можа не здзівіць і не ўзрадаваць любога аматара кветак карычневы колер касачоў! Цёмны, ледзь не чорны!..

Галя - вельмі шчаслівая. А разам з ёю і ўсе мы.

Але ж гэта яшчэ не ўсё. Нам невыказна пашанцавала. Мы не толькі дасталі рэдкай прыгажосці букет, а і забяспечылі сябе пасадачным матэрыялам менавіта гэтых самых элітных раслінаў! Пачынаючы з наступнага году, мы кожны сезон будзем мець гэты цуд і ў сваім агародзе і ў сваёй кватэры!

23 чэрвеня 1987 году. Кватэра нашая не толькі расцвіла пекнымі касачамі. Цёмны яе інтэр’ер пасвятлеў ад прынесеных Iрынкаю партрэтаў маладога Язэпа Пушчы і ягонай жонкі. Гэта фынка збірае, дзе толькі можа, экспанаты для выстаўкі, якую рыхтуе іх музейнае аб’яднанне. Сёння яе ласкава прыняла Станіслава Шпакоўская-Плашчынская. Многа расказвала пра свайго Язэпа, пра яго амаль трыццацігадовы адрыў ад Радзімы - “хапун” паглынуў яго яшчэ ў 1931-м годзе і адпусціў назад толькі ў 1958-м!

Апроч партрэта, унесены ў дом першыя кнігі гэтага паэта, адзін ліст, некалькі іншых аўтографаў. Унесены і трывожны дух тых генацыдных часоў...

...Часта жонкі кідалі сваіх мужоў - “антысаветчыкаў”. Зрабіла гэта і жонка Уладзіміра Жылкі. Зрабіла жорстка, бесчалавечна: палітычны вязень Жылка ў гэты час змагаўся са сваёй смяротнай хваробаю.

Яшчэ перад арыштам Жылкі ён, ці яны з жонкаю, адвезлі маленькую да- чушку да бацькоў - у Мінску не было дзе з ёю жыць. Валодзю неўзабаве схапілі. “Вольная” жонка становіцца палюбоўніцаю энкавэдыста, канаючага мужа пазбаўляе нават маральнай падтрымкі.

Недзе пасля вайны ўжо ў адным з крымскіх санаторыяў з X. Мальцінскім і У. Мехавым пазнаёмілася нейкая асоба, якая сябе назвала “жонкаю беларускага пісьменніка Жылкі”. Была, вядома, узнагароджана шматдзённай курортнай увагай з боку гэтых кавалераў. Iхняя новая знаёмая ні разу ніколі і не заікнулася перад імі наконт сваёй дачкі, наконт сваёй сям’і. А высветлілася, што яна - жонка таго самага энкавэдыста. Жыве ў “белакаменнай”.