Выбрать главу

Такім чынам, на працягу некалькі тыдняў патрачана мною 34 гадзіны, а заказ так і застаўся не выкананы. Пры належнай арганізацыі справы дастаткова было б прыняць заказ па тэлефоне і спісаць з майго рахунку ў ашчаднай касе адпаведную суму за выкананне заказу. А так да гэтых 34 гадзінаў яшчэ ж трэба дабавіць тыя 14 на асіставанне іх работ і ўпарадкаванне тэрыторыі сваімі сіламі (гэта ж таксама яны самі маглі б рабіць!).

Гадзіны – гадзінамі. А колькі нерваў табе ўсё гэта каштуе! Колькі абразлівых і грубых словаў пачуеш за гэты час у свой адрас! Напрыклад, 19. VIII. паказваю на могілках свой талончык, каб узялі на ўлік, што я тут, заадно спытаў, ці аддаць яго ім. Адзін расхрыстаны, непаголены хам выгукнуў: “Дорым яго вам! Пастаўце ў сервант сабе. Ды на віднае месца! Ха-ха-ха”. У гэты ж дзень каля 17-ай гадзіны, знайшоўшы іх нарэшце, пытаю, калі ж дойдзе чарга да майго заказу, бо я тут бегаю за імі з 11-ай гадзіны раніцы. Чую ў адказ ад другога неахайнага, ужо вясёлага, хама: “Хо, насмяшыў: з 11-ці! А я, баця, цягаю ўжо гэтыя каменьчыкі з 8 гадзінаў. Дык што, табе горш ці мне?”

Учора Цэнтральнае тэлебачанне, а сёння Маскоўскае радыё абураліся, што 23. VIII. г.г. частка антысавецкі настроенага насельніцтва Літвы, Латвіі і Эстоніі выйшлі на вуліцы і пратэставалі супраць заключанага 48 гадоў таму назад пагаднення “Рыбентроп – Молатаў”, праўдзівей: “Гітлер – Сталін”, аб акупацыі Савецкім Саюзам гэтых дзяржаваў. А можа, гэтаму насельніцтву не хочацца пакутаваць у такім бязладным калгасе, дзе ўсе справы – вялікія і маленькія – робяцца так, як мой гэты заказ. Нават значна горш. Нас крыўдзяць і яшчэ вінавацяць, абражаюць, караюць, забіваюць!!!

15 верасня 1987 году. Вярнуўся з даволі прыстойнай “Іслачы”. Мінск сустрэў больш, чым непрыветліва – нейкай чорнай сімволікаю, якая перапляталася з дрэнным надвор’ем, з халоднаю кватэраю, з адсутнасцю вады.

Завялі юбілейныя гваздзікі. Хоць і цвілі яны з 4 сакавіка (!), а ўсё-такі шкада. Праўда, сцябліна моцная, разгалінаваная, можа, яшчэ будзе працягваць красаванне.

Прама з нашага дому пад траурныя гукі вынеслі нейкага нябожчыка. Усё-такі шкада, хоць не ведаю, напэўна, яго. Некаму ж яго будзе не хапаць!..

Хведар Жычка паведаміў, што нядаўна, ледзь не бяздомным, пахавалі Міколу Цімошыка. Стварыў ён у свой час некалькі сем’яў, меў дзяцей. Застаўся адзін. Жыў на дачы “Узгор’е – 1”. Пайшоў у М. Валоўшчыну па малако, трапіў пад нейкія колы. Вяскоўцы выклікалі міліцыю і адвезлі ў трупярню. Там недзе ў кішэні знайшлі і расшыфравалі зацёрты запіс на скамечаным маленькім шматочку паперы: нейкі тэлефон, шасцізначны, мінскі. Высветлілі, што гэта нумар выдавецтва “Беларусь”. Запрасілі адтуль некага ў морг для апазнання. Пазналі Міколу. На 6-ты дзень пасля смерці. А ўжо і хацелі хаваць, як бяздомнага, а пахавалі з трупярні за кошт выдавецтва. Значыць, “казённадомнага”, бессямейнага. А ёсць жа на свеце яго дзеці! Ёсць 24-гадовы сын Максім у Маскве!..

І яшчэ не ўся “сімволіка”.

На патрабавальныя тэлефонныя званкі падышоў да яго. Адтуль чую:

– Это т. Д.?

– Я.

– Вы ведаеце, што створана Усесаюзная арганізацыя ветэранаў вайны і працы?

– Ведаю, і прычым тут я?

– Як гэта “пры чым”. У нас ёсць указанне зверху…

– Ну і добра, што ў вас яно ёсць, а ў мяне яго няма і яно мне не патрэбна.

– Вы што гэта сказалі? Я вас правільна пачуў?

– У вас слых нармальны.

– Я ўжо 35 чалавек абзваніў і першага сустракаю такога, як вы.

– Было б сумна жыць, каб усе былі скроены на адзіна капыл. А так і вам жа весялей.

– Мне весялей, мне весялей, вы лепш не перашкаджайце мне працаваць…

– Цікава, вы мяне адцягнулі ад стала, і я ж яшчэ вам перашкаджаю. Нарэшце, з кім маю гонар так міла бавіць час?

– Я – Вайсман Іосіф Маркавіч, амаль ваш сусед, з 3-га дома, ветэран вайны і партыі, буду старшынёю савета ветэранаў пры ЖСК-1. Што вас яшчэ цікавіць?

– І мабыць вы ж і ветэран працы таксама?

– Не жартуйце. Мне патрэбны некаторыя вашыя дадзеныя. Пра вас і пра вашую жонку.

– Ніякіх “дадзеных” вам не будзе дадзена. Ні пра мяне, ні пра маю жонку. Мы не ўступаем у вашую арганізацыю.

– Як гэта не ўступаеце? Ёсць указанне…

– Я, здаецца, сказаў зразумела.

– Вы яшчэ пашкадуеце.

– Перажыву, таварыш Вайсман. Жадаю поспехаў.

Усё гэта чула сям’я. Дзеці рагаталі (я яго рэплікі голасна дубліраваў). Жонка напалохана вымавіла:

– А табе хочацца стаць вечным агітатарам ЖСК і папіхачом райкаму партыі? Гэта ж іх рэзерв, гэты Савет!

– Хадзіць па кватэрах у якасці агітатара – не жадаю.

– Вось бачыш, як я абараняў твае інтарэсы…

22 верасня 1987 году. Прыемна пачуць добрае слова пра сваю працу. Я ніколі не трачу зручнай магчымасці зрабіць гэта ў дачыненні тых, з кім кантактуюся. Прынамсі, стараюся. Сёння, амаль у канцы дужа нясмачнага, няўтульнага, зябкага дня, які я правёў у сваёй халоднай, усё яшчэ без гарачае вады кватэры, мне было адрасавана такое слова.