Выбрать главу

Каля свайго кіёска “Саюздруку” сустрэў Уладзіміра Ягоўдзіка. Ён адразу і з захапленнем пачаў гаварыць мне пра маю кнігу твораў С. Жаромскага. Сказаў, што прачытаў спярша аповесць “Верная рака”. Вельмі спадабалася – і сам твор, і пераклад: нават не адчуваеш, што гэта пераклад, думаеш, што так і было напісана па-беларуску. Пасля “праглынуў” і ўсю астатнюю кнігу, уражанне – цудоўнае.

Сёе-тое стаў распытваць у мяне, удакладняць. Я адчуў, што добра ведае кнігу. Развітваючыся, ён падзякаваў мне за “дасканалую працу”, пашкадаваў, што мала выдаём польскай літаратуры, што чамусьці з нечыяй лёгкай, а можа і важкай рукі, верх узяла цяпер балгарская кніга ў нашым перакладным свеце.

24 верасня 1987 году. Дзень, як любы дзень “савецкага чалавека”. У доме ўсё яшчэ няма гарачае вады. Абяцалі даць 18-га. Тут яны свае планы не перавыконваюць. “Савецкі чалавек” – цярплівы… Дождж. Халадэча.

Вырашылі аформіць падпіску на перыёдыку’88. Вось тут можна было і нагрэцца ад хвалявання і абурэння.

“Ніву” не выпісваюць – яна лімітаваная і ўжо ліміт “вычарпаны”. У Беластоку рэдакцыя зацікаўленая ў як найбольшай падпісцы, беларусы з БССР таксама хочуць яе выпісваць, а тут – на табе: забарона!

Газету “Московские новости” наогул не дазваляюць нікому выпісваць. Кажуць, толькі “у розніцу”. А гэтую “розніцу” я ведаю: у маіх суседніх кіёсках яе не бывае. У двух – наогул; у адным – пару экземпляраў даюць – кіяскёршы і каму-небудзь з яе знаёмых. Так і ў астатніх.

Вось табе і галоснасць, і адкрытасць, і абяцаная безлімітная падпіска! А замежныя, асабліва “капіталістычныя” выданні наогул размяркоўваюць сярод “важных” калектываў. А праўдзівей, аддаюць у адну ўстанову. “Амерыку”, напрыклад, “Англію” можна выпісаць у ЦК і ў гаркаме. І кіраўнікам Прэзідыума і Саўміна іх “даюць”. “Фота Японіі” на Мінск даюць 5 экземпляраў. А жадаючых – тысячы. Як і “Амерыкі”, як і “Англіі”, як і той самай “Нівы”.

“Амерыкі”, вядома, не дастану, а за “Ніву” паваюю. Трэба ж і заўтра неяк пагрэцца. Добра гэтай савецкай уладзе: грамадзяне грэюцца ў барацьбе з бясконцым прыгнётам іх – і духоўным, і фізічным, і матэрыяльным, і г.д.

1 кастрычніка 1987 году. Восемдзесят чатыры гадзіны чатырох апошніх дзён верасня мне пашанцавала правесці на плябаніі. На плябаніі дзейнай, жывой! Вось толькі не магу сказаць: побач са святаром. Павінен казаць: сярод святароў! Так, гэта вельмі не падобна да савецкіх умоваў. Але гэтак менавіта і было – я знаходзіўся сярод двух ксяндзоў. А часам вакол мяне іх было і яшчэ больш: у адзін вечар да нас заехаў знаёмы ксёндз з Гродзеншчыны, а ў дзень майго ад’езду мы ўтрох паехалі да суседняй парафіі, каб ён паказаў мне свой цікавы даволі касцёл.

Мабыць, мала хто з непасвячоных у справу і ведае, як цяжка, бо сумленна, працуе гэты спецыфічны атрад нашае інтэлігенцыі. Прынамсі ў СССР, дзе трэба яшчэ, апроч выканання чыста духоўных абавязкаў, пераадольваць неспрыяльныя ўмовы, што перашкаджаюць выкананню гэтых абавязкаў. Перш за ўсё ў дзікія ўмовы святароў (ды й вернікаў таксама!) ставіць само савецкае заканадаўства аб культах. А мясцовыя ўлады, як правіла, рэгламентуюць гэтую дзейнасць нават больш жорстка, чым сам закон яе абмежаваў і сціснуў. А сапраўдны святар усё-такі хоча па-сапраўднаму служыць Богу і сваёй пастве. І служыць! Але ж якою цаною?!

За тры з паловаю дні майго побыту ў знаёмага ксяндза прадстаўнікі савецкай улады двойчы яго штрафавалі за тое, што ён шчыры святар. Абодва разы “давалі” па 50 рублёў!

Усе пачынанні свайго маладога пастыра парафіяне ўхваляюць і падтрымліваюць. Значыць, савецкая ўлада ваюе са “сваім” насельніцтвам. У гэтым вялікім паселішчы, як рэдка дзе, амаль усе католікі, прытым, як піша “Правда”, “практыкуючыя”. І ні­чога ім больш не застаецца, як добраахвотна ісці на гэтыя шалёныя штрафы.

Вернікі тут раўніва ахоўваюць сваіх дзяцей ад бязбожжа, прывучаюць іх да касцёлу, вучаць рэлігіі. Усе хлопчыкі прагнуць быць міністрантамі і дасканала авалодалі міністрантурай. У нядзелі, вольныя ад заняткаў у школе, любімаму ксяндзу прыслужваюць адначасна дзесяткі(!) хлопчыкаў і хлопцаў у белых карункавых комжах. У тую нядзелю, калі прымаў удзел у набажэнстве, на прыступках алтара кленчыла роўна сорак гэтых мілых беленькіх галубкоў! Сярод іх выдзялялася дзесяць “кардынальчыкаў” – у доўгіх фіялетавых “сутанах” пад кароткімі белымі комжамі.