Выбрать главу

Ну, раз пра кветкі, дык не зашкодзіць яшчэ раз прыгадаць мае “юбілейныя” гваздзікі. Нядаўна яны пусцілі новыя пупышкі. Тры з іх вось-вось растуляцца і парадуюць нас вялікімі махровымі кветкамі! Гэта ж з сакавіка ўсё цвітуць! У якасці падзякі ім я ўмацаваў іх тэлевізійнай антэнай.

14 кастрычніка 1987 году. Адбыўся т. зв. арганізацыйны пленум ЦК КП Бела­русі. Яго склікалі тэрмінова, каб выбраць другога сакратара Цэка.

Генадзь Барташэвіч, які займаў гэтую пасаду, адкліканы ў Маскву і будзе прызначаны Надзвычайным і паўнамоцным паслом СССР у КНДР. Пакуль будзе апублікаваны ўказ пра гэту яго ганаровую ссылку, яго там некаторы час сяму-таму павучаць. У прыватнасці таму, як палачкамі есці рыс і як кланяцца “Светламу Сонцу Нацыі, Мудраму Бацьку, Цярпліваму Настаўніку, Самаму Паважанаму і Любімаму Правадыру Кім Ір Сену”.

З Барташэвічам сыгралі нядобры жарт. Яму прапаноўвалі такую пасаду ў Фінляндыі, а ён кінуўся ў амбіцыю, мабыць, хацеў у Крэмль. Тут яму і падкінулі гэты канцлагер, праўда, сацыялістычны і нават называецца “народна-дэмакратычны”.

У нечым, нават ува многім, лёс папярэднікаў Г. Барташэвіча нагадвае ягоны лёс: Аляксандр Аксёнаў з другога сакратара ЦК КПБ трапіў спярша прэм’ер-міністрам БССР, а адтуль – у такую ж ссылку, толькі ў Польшчу. Шлях апошняга дакладна паўтарыў Уладзімір Бровікаў, якога Барташэвіч мяняў у ЦК КПБ. Цяпер можам сказаць, што “ранг” пасла ў Польшчы прыбраў вагі: Бровікава там будзе мяняць зноў беларус, але ж ужо не “Прэм’ер”, а… “Прэзідэнт”, пяцідзесяцігадовы Георгій Таразевіч, дарэчы, самы таленавіты з цяперашніх беларускіх кіраўнікоў.За гэта і дамогся яму Яфрэм Сакалоў ссылкі.

Добра жывецца беларускім намеснікам: як толькі хто з найбліжэйшага яго акружэння перастане зазіраць яму ў рот, на ляту ловячы кожнае яго слова, тут такому “смеламу” і засвяціла Польшча.

Перад усімі названымі тут пасламі паняволі там пабываў будучы самазабойца Станіслаў Пілатовіч. Праўда, яго турнуў туды П. Машэраў з пасады свайго ідэалагічнага сакратара.

О колькі і цяпер з таго дома і з параднённых з ім дамоў такіх “дыпламатаў” таксама ў іншых краінах.

Аднак я моцна адхіліўся ад галоўнага. А галоўнае тут палягае якраз не ў тым, каго Паўночная Карэя ці Польшча атрымае ад СССР паслом, а ў тым, каго Беларусь атрымае, скажам, тым жа самым другім сакратаром. Дагэтуль, з нейкага часу заўсёды быў ім беларус. Цяпер жа, пры Гарбачоўскіх рэформах, спатрэбіўся… рускі. Ім стаў Николай Стефанович Игрунов – намеснік загадчыка аддзелу аргпартработы ЦК КПСС (!).

Робячы такія непажаданыя нацыянальныя змены ў галоўным органе “рэс­публікі”, Гарбачоў нават вырашыў нікога ад сябе не пасылаць, каб тут растлумачыць свой “ход”, дый прадставіць сваю кадру.

Значыць, цяпер з пяці сакратароў ЦК КПБ ужо непасрэдна рускіх двое – гэты і “прамыславік” Ляпёшкін. Цяпер возьмем першага, Сакалова: ён, магчыма, пішацца беларус, аднак гэта рускі з зацятай стараверскай закваскаю. Астатнія двое – русіфіцыраваныя “беларусы”.

Такога ахаўскага становішча бадай што больш у ніводнай “рэспубліцы” няма.

15 кастрычніка 1987 году. Тэлемост “Крэмль – Капітолій”, з савецкага боку В. Загладзін, І. Лапцеў. З амерыканскага – Д. Мойнікен, С. Хойер.

Цяжка даводзіцца вучыцца дэмакратыі! Столькі “накладак”, столькі няўпэў­ненасці ў сабе, а таму і злосці. Але ж нічога, “таварышы”, вучыцеся весці палеміку адкрыта!

10 лістапада 1987 году. Антырэлігійная прапаганда апошнім часам узмацнілася. Займацца ёю партыйныя органы прымушаюць не толькі розныя грамадскія ўстановы. Зноў, як у самыя цемрашальна-рэпрэсіўныя гады, за гэтую справу ўзяліся ўсякія дзяржаўныя інстытуты. Вось адзін з іх – Усесаюзны навукова-даследчы інстытут медыцынскіх праблем фармавання здаровага ладу жыцця насельніцтва.