Выбрать главу

…Цэлы месяц мой пісьмовы стол нагадвае алтарык у гонар ксяндза Ежы Папялушкі. 19 кастрычніка было тры гады як яго замучылі польскія кадэбісты. Для мяне гэты вобраз глыбока сімвалічны, улічваючы “тоўстае”, ці масіўнае, камуністычнае асяроддзе. Ён сімвалізуе па-першае, пастаянную гатоўнасць ахвяраваць сабою ў зацятай няспыннай барацьбе з антычалавечнасцю, па-другое, гэты вобраз не дае забываць, што вакол нас тыя, што таксама адрозніваюцца не меншым пастаянствам у барацьбе з намі, чым мы з імі.

Гэты алтар вянчае падабізна распяцця – выява помніка на магіле мучаніка. Пад гэтым крыжам – ягоная магіла. Над ёю – схілены Ян Павел ІІ. Здымак зроблены ў час Яго візіту ў Польшчу. І найбольш віднае месца на стале займае прыгожы партрэт святара. Усе выявы ў прыгожых дэкаратыўных рамках. На гэтым стале стаялі ў мяне ў свой час партрэты нябожчыкаў Міхася Стральцова, Улафа Пальмэ, Уладзіміра Караткевіча, Джона Кенэдзі, Яна ХХІІІ. Усе яны недзе і цяпер захоўваюцца ў бібліятэцы. Захоўваюцца з тымі ж жалобнымі стужкамі. І толькі гэты раз я не афармляў жалобай. Бо падзеі, звязаныя з Ежы Папялушкам уяўлялі і то толькі спачатку жалобу толькі для ягонай сям’і. А ў адносінах да ўсіх – гэта трыумф чалавека над сіламі зла.

26 лістапада 1987 году. Дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча. У Оршы ўжо маем вуліцу Яго імя. На гэтай вуліцы Ён і жыў пасля вайны. Яна ідзе паміж Дняпром і галоўнай вуліцай гораду (Ленінскай, вядома). Аднак хацелі “падставіць” нейкую маленькую вулічку з “мілагучнай” назваю Лагерная! Пасыпаліся ў гарвыканкам пратэсты. Дамагліся перайменавання вуліцы Касманаўтаў!

На ўрачыстасць ездзілі Наталля Сямёнаўна, Ул. Дамашэвіч, В. Ждановіч, М.Купава, Я. Янушкевіч (чаму з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў нікога не было?). Рускамоўную шыльду пра гэту падзею прымацавалі да канторы піўзаводу, што пачынае вуліцу. Заказалі і “імянныя” шыльды на дамы, на дзвюх мовах. З адной, аршанскай, моваю, нельга ж аніяк абысціся! А раптам тыя, хто ведае толькі літары “Короткевич”, не прачытаюць “Караткевіч”?

27 лістапада 1987 году. На сёння я быў запісаны на чарговы “сеанс” зубапратэзавання. Аднак учора папярэдзілі, каб не ішоў: яны не гатовы прыняць. Добра, што хоць папярэдзілі! Такое, на жаль, не так часта ў нас бывае.

Затое непрадбачаны быў выклік у выдавецтва – на справаздачна-выбарны сход. А кантралёраў найшло колькі! Сам Дзялец з Валынскім! З райкаму! З гаркаму! З Цэка!

За парадкам там сачыў, як звычайна, Пятро Шаўцоў. Ён і выказваўся супраць запрашэння на сход беспартыйных і выступіў з патрабаваннем, каб яны пакінулі сход пасля абмеркавання галоўнага пытання: на перавыбарах, маўляў, няма чаго ім рабіць. А “перавыбіралі”, дарэчы, мяне: я і не ведаў, што лічуся там членам бюро. Некалі выбралі, а пасля памяняўся парадак перавыбараў, так я і “застаўся” там. Папрасілі, каб я напісаў адпаведную заяву. Напісаў, задаволілі “просьбу”. Вылучылі і выбралі дырэктара выдавецтва. А яго папярэднік – Анатоль Бутэвіч – прадырэктарстваваў свой тэрмін, так у бюро і не трапіў. Месца было “заблакіравана” мною!

Той самы Пётр Шаўцоў пракаціўся на мой адрас у сваёй прамове. Сказаў, што з партыйнасцю цяпер у выдавецтве наладзіліся справы пасля дырэктара Дубянецкага. “А гэты пераважна і на працу ў выдавецтва браў беспартыйных і вылучаў усюды таксама іх – і на пасады, і да розных узнагародаў”.

Нездарма, я падумаў, большасць тэкстаў, што падсунулі тады мне ў ЦК, зводзілася якраз да гэтай партыйнасці і сярод супрацоўнікаў, і сярод аўтараў, і сярод рэцэнзентаў і г.д.!

1988 год

1 лютага 1988 года. Пашанцавала купіць перакідны настольны каляндар на гэты год. На беларускай мове. Укладальнік А. І. Раковіч. АТ 13692. Неяк выцягнулі яго аж на чатыры з паловаю ул.-выд. аркушаў, а ў ім нават не на кожны дзень ёсць радок падзей. Часта змест старонкі абмяжоўваецца толькі пазначэннем месяца, чысла, дня. Праўда, побач збоку дробненька стаіць усход і захад сонца, даўжыня дня, квадра месяца, а зверху чырвонымі літарамі набрана “71-ы год Вял. Кастр. сац. рэвалюцыі” (з 8. ХІ – 72-гі).

Хоць выданне беларускамоўнае, аднак беларускага тут менш чым мала. Затое “саюзныя” партыйна-палітычныя падзеі прадстаўлены раскошна. Напрыклад, дадзены дні адкрыцця ўсіх партыйных з’ездаў, нават калі яны і не прыпадаюць на “круглую” гадавіну. Хапае і “інтэрнацыяналізму”. У яго, вядома, прыярытэт перад нацыянальным. Вось на лістку “1 студзеня, пятніца” чытаем: “1959 – Перамога кубінскай рэвалюцыі. Дзень Вызвалення”. А ўжо ніжэй даецца: “1919 – Утварэнне Беларускай ССР.”