Выбрать главу

Вось чаму атрымліваліся новая “затрымка” і стрэсавая сітуацыя ў выдавецтве і друкарні.

Удзельнікі ўрачыстасці выказаліся за вяртанне на зямлю Беларусі праху двух вялікіх яе сыноў – Максіма Багдановіча і Алеся Гаруна. Сакратар ЦК у гэты момант разгублена пляскаў у далоні…

23 лютага 1988 года. Быў Сяргей Шупа. Прынёс мне сёлетні першы нумар “Маладосці”. Там – усе сем вядомых нумароў “Мужыцкае праўды”. Крыху пасядзелі, паразмаўлялі пра нашы беларускія справы. У прыватнасці гаварылі – пра мэтазгоднасць адаптацыі на сучасную беларускую мову Скарынаўскай Бібліі, пра іншыя беларускія Бібліі (Станкевіча…). Паціху перакінуліся на мой пераклад “Quo vadis” Г. Сянкевіча. Я выказаў сумненне наконт неабходнасці яго завяршэння. Ёсць жа беларускі пераклад Пятра Татарыновіча.

Сяргей, аднак, “супакоіў”, сказаўшы: па-першае, што добры выдавецкі густ патрабуе выпускаць і выпускаць шэдэўры ўсё ў новых перакладах, як мы робім цяпер, дзякаваць Богу, з “Панам Тадэвушам” вялікага Міцкевіча; па-другое, трэба даць беларускаму чытачу “Quo vadis” на яго мове, бо П. Татарыновіч няведама калі трапіць у яго рукі.

Мне падабаецца гэты юнак, і я з задавальненнем прэзентаваў яму свайго С.Жэ­ромскага, з адпаведным подпісам.

29 лютага 1988 года. Атрымаў з Беластока часопіс “Kontrasty” Nr. 2 – 88 з маім інтэрв’ю Яну Чыквіну “Пра польскую літаратуру на Беларусі” (стр. 34 – 36).

Нарэшце цукровая эпапея завяршылася тым, чым і павінна была завяршыцца – увядзеннем картак. “Дамавая актывістка” Альбіна Рыгораўна Папачаніха выдала чатыры талоны на сакавік. Па кілаграму на кожнага члена сям’і. Кажуць, што так будзе да чэрвеня. А там нібыта падвояць норму з улікам сезонных патрэб. Дакаціліся бальшавічкі! А ў сябе на радзіме, там, у Расіі, яны ўжо даўно ўвялі карткі на шырокую наменклатуру харчовых прадуктаў і прамысловых тавараў.

Што ж, джына з бутэлькі выпусціла Расія. Ёй больш за ўсіх цяпер і да­стаецца.

2 сакавіка 1988 года. Сяргей Дубавец і Алег Бембель. Якія розныя людзі! Але ж розныя яны толькі знешне, як бы мовіць, стылёва.

Адзін – журналіст, глыбокі, арыгінальны літаратурны крытык. Другі – вучоны і паэт, арыгінальны і шчыры ў абедзвюх гэтых іпастасях.

Але ж яны паводле сваіх поглядаў і памкненняў – браты і аднадумцы. Кожны перад усім за сваю мэту лічыць беларусізацыю (Алег яшчэ і хрысціянізацыю) Беларусі. Кожны самааддана, выракаючыся ўласных выгод, змагаецца за гэту святую справу.

Абодва пакутуюць ад улады за сваю зацятасць. Сяргея, напрыклад, тры гады трымалі ў ссылцы ў гомельскай газеце, не дазволіўшы асесці ў Мінску пасля атрымання універсітэцкага дыплома. Толькі нядаўна ён выцярпеў сабе права вярнуцца сюды. Алега праследуюць даўно і жорстка: выкінулі з партыі, спярша пазбавілі статуса навукоўца, перавёўшы ў лабаранты, а пасля зусім прагналі з інстытута. З лістапада мінулага года – ён беспрацоўны. Каб не судзілі за гэтак званае “тунеядство”, ён пісьмова прапануе свае паслугі то Саюзу мастакоў, то Саюзу пісьменнікаў. Ні там, ні там не адгукаюцца.

Яны былі ў мяне сёння абодва. Адзін удзень, другі – пад вечар. Сяргей прынёс Ірынцы водгукі на яе радыёперадачу пра стан беларускай мовы ў школах Мінска. Ён браў іх у радыёрэдакцыі. Як старшыня гісторыка-мемарыяльнай камісіі Беларускага фонду культуры я прапанаваў яму членства ў гэтай інстытуцыі. Больш за тое, расказаў яму, што гэтая камісія ўсклала на сябе яшчэ адзін важны клопат, які не мае афіцыйнай падтрымкі – стварэнне аналагічнай камісіі па мове! Даў зразумець Сяргею, што ён можа далучыцца і сюды. Сяргей, думаю, зрабіў правільны выбар – гісторыка-мемарыяльную камісію. Я выдатна бачу яго неабходнасць і нават незаменнасць у гэтай камісіі. Праўда, і там ён быў бы вельмі дарэчы.

Алег пазнаёміў са сваімі злавеснымі “працоўнымі” справамі, а таксама з новымі паэтычнымі творамі. Гэта цудоўная паэзія! Але ж дзе яе можна надрукаваць? Я думаю ўключыць у праграму дзейнасці Камісіі і патрабаванне выдаваць мастацкую літаратуру, што выклікаецца да жыцця рэлігійнымі матывамі. А можа, сустрэцца з Мітрапалітам Філарэтам, разведаць перспектывы друкавання праз выдавецтва Маскоўскай Патрыярхіі такога роду літаратуры, падказаць яму, як гэтага можна дамагацца?

Я з задавальненнем заўважыў мой уплыў на Алегаву творчасць. У вялікім ягоным цыкле “Саната ростані” гэта выразна прыкметна. Ад безапеляцыйнага ўсхвалення Яго высокага праасвяшчэнства Філарэта і “беларускага” праваслаўя застаецца ўсе менш і менш. Замест гэтага, ці, праўдзівей кажучы, побач з гэтым, мы ўжо чытаем і вось такое: