Выбрать главу

Пераканаўшыся ў такой непавазе да беларускай зямлі, усе гледачы, акрамя мяне, пакінулі залу. І правільна зрабілі! Але ж і каб паказалі Беларусь у стылі ўсёй 6-й серыі, радасць была б невялікая.

10 чэрвеня 1988 года. Дамовіўся з Міхасём Чарняўскім, каб ён правёў 16 чэрвеня пасяджэнне нашай гісторыка-мемарыяльнай камісіі з пытаннем “Курапаты”! Ён узяўся за гэтую цяжкую справу з энтузіязмам, калі тут дарэчы гэтае слова…

З гэтага тэлефона я не мог усё сказаць яму, што нашу ў сабе. Вымушаны быў званіць двойчы, але ж галоўнае ўсё роўна са мною. Неяк трэба перадаць. Трэба ж абмеркаваць праблему сур’ёзна і прыняць нарэшце не ўмольную, а катэгарычную рэзалюцыю, з асуджэннем сталінска-чэкісцкіх злачынстваў на Беларусі.

Я параіў Камісіі прыняць удзел у мітынгу, што арганізоўваюць “Тутэйшыя”, можа, нават падрыхтаваць сумесную рэзалюцыю, апрача “рабочай” рэзалюцыі-пастановы Камісіі.

14 чэрвеня 1988 года. “Вячэрні Мінск” даў паведамленне “У Савеце Міністраў БССР” пра стварэнне ўрадавай камісіі па Курапатах. Раслякоў адгаворваў мяне ад правядзення паседжання нашай камісіі ў гэтай справе. А я лічу, што адступаць ад свайго намеру нам не трэба. Мы павінны націскаць на тую ўрадавую камісію, і каб варушыліся, і каб не звярнулі не туды.

Аднак яны баяцца якіх бы там ні было рухаў вакол гэтага пытання. Не далей, як сёння, гарвыканкам не дазволіў “Талацэ” склікаць мітынг на месцы трагедыі. Хлопцы наважыліся звяртацца ў Вярхоўны Савет, а калі гэты забароніць – да ХІХ партыйнай канферэнцыі…

Мой “ЛіМ” з Курапатамі зноў рвуць з рук па палатах. Узяў той самы Раслякоў. Прачыталі яго ўсе трое. У т.л. і чалавек, які ў свой час бачыў там у Зялёным Лузе сляды таго людажэрства.

Зацікавіўся матэрыялам і амаль зусім сляпы Пераверзеў. Мяне здзівіла, як жа ён прачытае. Адказаў, што наладзілі чытанне калектыўнае. Асабліва, кажа, трагедыя вывела з раўнавагі дырэктара Опернага тэатра з нашае палаты. Дарэчы, Пераверзеў жа мне і прынёс “Вячэрні Мінск” з урадавай весткаю.

15 чэрвеня 1988 года. Мяняць сваіх намераў наконт абмеркавання і жалобнага наведання Курапатаў не будзем. Зараз жа трэба звязацца з Міхасём Чарняўскім – сёння ён вернецца з экспедыцыі – і абгаварыць сітуацыю.

Прапаную дамагацца ўключэння пары чалавек у тую ўрадаўку ад нас. Уключыць таксама мусова абодвух аўтараў, некага ад Вітушкі. Пардон! А ад пісьменніцкай грамадскасці?! Гэта ж цяпер у Саюзе фермент (у нас, на жаль, не зусім так, хіба што за нязначным выключэннем).

Далей. Выпрацаваць наказ Урадавай камісіі, альбо, як мінімум, сваім будучым прадстаўнікам у ёй.

Сімвалічна пачаць збор сродкаў на мемарыял ужо на гэтым мітынгу. Хай хоць капейкамі. Хай мізэрная будзе сума, але ж ёю і распачаць рахунак у банку!

Абвясціць навекі ганебнымі на Беларусі імёны ўсёй той сталінскай хеўры (Малянкоў, Молатаў, Кагановіч, Варашылаў, Будзённы і інш., не кажучы ўжо пра асоб берыеўскай прафесіі), а таксама ўтвораныя ад іх некалі словы-ўзнагароды – сталінец, будзёнавец, варашылавец, а заадно і словы “чэкіст”, “энкавэдзіст”, “кадэбіст”.

Увага! Толькі што даведаўся, што Урадавая камісія ўжо запраграмавана “давесці”, што ўсё тое ў артыкуле пра Курапаты – лухта. Прынамсі, так ужо лічыць прысланы аднекуль пракурор рэспублікі (і яго жонка таксама перадае гэты настрой).

28 чэрвеня 1988 года. Гляджу па тэлебачанні адкрыццё ХІХ Усесаюзнай канферэнцыі КПСС. Сфарміраваны яшчэ ўчора і цяпер адзінагалосна, як і раней, ухвалены кіруючыя органы канферэнцыі.

Канферэнцыю адкрыў М. С. Гарбачоў. Пасля стырно яе ўзяў у свае рукі Я.Лігачоў. Ён “дафарміраваў” тыя ж органы, “ухваліў” парадак і рэгламент і даў слова для адзінага на абодва пытанні дакладу М. С. Гарбачову, якога зала сутрэла воплескамі, усе ўсталі пры гэтым.

І вось на трыбуне галоўны архітэктар перабудовы Міхаіл Гарбачоў. Я горача жадаю поспехаў гэтай яго нялёгкай справе.

Гаворыць пра харчовую “праграму” і праблему. Некаторы прырост прадуктаў, кажа, пайшоў на пакрыццё першачарговага недахопу, але ж не забяспечыў прырост насельніцтва. Першай названа Беларусь, дзе быццам бы ёсць поспехі ў вырашэнні прадуктовай праблемы.

Вёска знаходзіцца на нізкім узроўні. У грамадства вялікія даўгі перад ёю. Аднавіць эканамічныя сувязі паміж горадам і вёскаю.

Жыллёвая праблема. Тут мы пайшлі, кажа М. Г., на неардынарныя рашэнні, у т. л. дазволілі выкуп кватэр у дзяржавы прыватнымі асобамі і перадачу кватэр па спадчыне.

Крытыкуе адносіны да кааператываў. Правільна!

Б’е па “дзяржзаказе”, які выкарыстоўваюць супраць перабудовы.

На экране час ад часу доўга трымаюць пустое крэсла М. С. Гарбачова паміж Лігачовым і Грамыкам. Не дай Бог сесці ў яго цяпер некаму іншаму! Асабліва аднаму з гэтых двух…