Выбрать главу

Не паразважаў у сувязі з гэтым пра безпадстаўную мемарыялізацыю на Беларусі шмат якіх не патрэбных ёй імёнаў і падзей, ці пра злоўжыванне “патрэбнымі”.

Не сказаў пра ігнараванне кіраўніцтвам Фонду Зянона Пазняка, які стварыў адну з самых плённых камісій пры БФК, выдатна кіруе ёю, але ж яна дагэтуль не зацвярджаецца; больш таго ўсяляк намагаюцца нават ліквідаваць гэтую камісію пад выглядам “аб’яднання” з іншай.

Не сказаў пра негатыўныя адносіны фондаўцаў да нашых намаганняў стварыць Грамадскі камітэт памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Пра ўсё гэта я збіраўся сказаць. Не дарма ж так баялася А. Багданава майго ўдзелу ў гэтай перадачы.

Апрача мяне ў гэтай скорагаворцы ўдзельнічалі І. Чыгрынаў, Я. Сахута (вёў), П. Садоўскі, І. Крук.

7 жніўня 1988 года. З прычыны перавыбараў Вільфрыда Мартэнса прэм’ер-міністрам Бельгіі ў 1987 годзе разгарэўся глыбокі амаль паўгадовы ўрадавы крызіс. Яго распаліла даведзенае да кульмінацыі абвастрэнне адносін паміж абшчы­намі валонаў і фламандцаў. Краіна і дагэтуль знаходзіцца ў стадыі лінгвістычных канфліктаў. Рыхтуецца канстытуцыйная рэформа з мэтаю канчатковага ператварэння Бельгіі ў федэральную дзяржаву.

Я ўпэўнены, што манархічная Бельгія хутчэй і лепш справіцца са сваімі лінгва­калізіямі, чым гэта здолее зрабіць Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэс­публік.

Лінгвістычныя адносіны ў савецкіх рэспубліках носяць антаганістычны характар. І тым не менш гэты антаганізм можна было б лёгка пераадолець. Варта толькі надаць дзяржаўнасць мовам асноўных народаў у кожнай рэспубліцы, у кожным нацыянальна аўтаномным рэгіёне. Менавіта гэта і баяцца рабіць камуністы, заклапочаныя перш за ўсё глабальнай русіфікацыяй усяго насельніцтва агромністай імперыі.

10 жніўня 1988 года. Шмат якія падзеі апошняга часу пацвярджаюць правамоцнасць людскіх спадзяванняў на трывалы мір у свеце. Зыходнымі пунктамі тут усё-такі трэба лічыць вывад савецкіх акупацыйна-карных войск з Афганістану і савецка-амерыканскую дамоўленасць пра ліквідацыю ўсіх 2400 ядзерных іх ракет “малой і сярэдняй далёкасці”. У гэтым месяцы пачалася ўжо практычная іх ліквідацыя пад пільным наглядам спецыялістаў другога боку.

1 жніўня 1988 г., апоўдні, падпалкоўнік Ігар Чайкоўскі на палігоне Сарыозек, што ў сотні кіламетраў ад Талды-Кургана, уключэннем узрыўнога прыстасавання знішчыў “звязку” такіх ракет з 4-х адзінак класа ОТР-22. Гэта пачатак новага часу – часу ядзернага раззбраення.

Сімвалічнае значэнне мае першы афіцыйны візіт міністра абароны ЗША ў Савецкі Саюз, які распачаўся таксама ў той дзень.

На працягу амаль чатырох дзён Фрэнка Карлучы знаёмілі з такімі сакрэтамі, да якіх дапускаюцца нават не ўсе савецкія афіцэры. Яго пазнаёмілі з Вайсковай акадэміяй Генеральнага штаба, мотастралковай Таманскай дывізіяй, авіягарнізонам у нейкай Кубінцы, ракетным крэйсерам “Слава” ў закрытым (!) горадзе Севастопалі. Усюды паказвалася баявая тэхніка, нават праводзіліся спецыяльныя манеўры.

Нейкае прасвятленне заблішчэла і на Кіпры, дзякуючы клопатам Генеральнага сакратара ААН Перэса дэ Куэльяра. 20 жніўня пад яго ж уздзеяннем спыняецца часова агонь паміж Іранам і Іракам, пачнуцца праз 5 дзён, і таксама пад яго эгідай, прамыя перагаворы бакоў аб спыненні і самой вайны, што за няпоўных 8 гадоў забрала больш мільёна чалавечых жыццяў.

Учора, 9 жніўня, у Луандзе, Гаване, Прэторыі і Вышынгтоне была абнародавана сумесная іх заява аб урэгуляванні становішча на поўдні Афрыкі. Гаворка ідзе аб спыненні ваенных дзеянняў, прадстаўленні незалежнасці Намібіі, вывадзе кубінскіх войск з Анголы.

Перагаворы прайшлі па ініцыятыве і пад эгідай Злучаных Штатаў Амерыкі. Мне часта прыходзіць у падобных сітуацыях думка, што свет яшчэ не можа назваць выпадку, каб дзе-небудзь і які-небудзь канфлікт быў уладжаны пры садзеянні Савецкага Саюза. Затое колькі можна назваць канфліктаў, у якіх СССР выступаў ці нават выступае падбухторшчыкам.

Вось толькі з прыходам М. Гарбачова здаецца, будзе, нарэшце, здадзена ў архіў сталінска-молатаўска-грамыкаўская “бескампрамісная” вузкалобая знешняя палітыка. Думаю, што датэрміновае вызваленне з ліфортаўскай турмы юнага М.Руста, таксама добра кладзецца і ў актыў М. Гарбачова і ў гэты аптымістычны рэестр, што я тут раблю.

З Богам!..

13 жніўня 1988 года. “Звязды” я сёлета не выпісаў, а часам яна патрэбна. Тады даводзіцца хадзіць па кіёсках і злавацца, бо, раз спатрэбілася мне, значыць, нехта таксама звярнуў на яе ўвагу. І ствараецца тыповая савецкая сітуацыя, трапна названая сёння ў гэтай жа газеце “сацыяльным праклёнам”. Гэта так кар. “Звязды” М. Кучко ахрысціў пачварныя савецкія чэргі, што спадарожнічаюць няшчасным грамадзянам “краіны Саветаў” усюды і на працягу ўсяго жыцця. “І жыццё нашае не што іншае, як чарга на той свет, дзе ўжо ніякіх чэргаў не будзе”, – на такой “аптымістычнай” нотцы завяршае сваё невясёлае даследаванне журналіст.