Выбрать главу

З другога боку, пад акампанемент гэтых падзей поўным ходам ідзе “будаўніцтва сацыялізму”. Поспехі неверагодныя! У Албаніі на нашых вачах адбываецца цуд – “павялічваюцца” сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Павялічваюцца, вядома, па шчупачынаму загаду! Праўда, не ціха-мірна, як у казцы, а з плачам, крыкам і слязьмі сялян, якіх выганяюць з іх дамоў, з іх вёсак у жалезабетонныя “аграрныя цэнтры”. Такім чынам тэарэтыкі сучаснага камунізму і вырашылі падарыць Албаніі новыя ўрадлівыя землі, што “марнелі” пад 9-ю тысячамі вёсак (!). А гэта ж сусветнае гора! Парушаюцца сувязі чалавека з прыродай! Чалавека з чалавекам! Дэфармуецца этнас! А там жа не толькі албанцы. Там столькі нацыянальных меншасцей! Усе яны пад смяротнай пагрозаю.

29-30 жніўня 1988 года. З тыдзень таму назад Г. А. Гаршкоў з Літфонду пра­панаваў мне дзве пуцёўкі ў Кактэбель. Я неяк, не раздумваючы доўга, адразу даў згоду. Праўда, сказаў, што мушу яшчэ параіцца з урачом, тым больш, што ўсё роўна трэба браць ў яго медыцынскую даведку.

Даведку з вялікай цяжкасцю атрымаў. Без указання месца адпачынку(!). Урач баіцца адпускаць, лічыць, што я яшчэ не гатовы ні да такой раптоўнай перамены клімату, ні да двухгадзіннага палёту ў самалёце. Выходзіць, бяру адказнасць на сябе. Ну што ж, зусім нармальна. Кожны павінен адказваць за сябе, за свае ўчынкі, за свае паводзіны і за сваё здароўе.

Запасся дастатковай колькасцю лекаў. Адно іх гучанне можа зваліць здаровага чалавека з ног: сустаніт, сіднафарм, кардафен! А ёсць яшчэ і “другарадныя” – трырэзід, анапрылін, цэланід, аспірын!

І гэта не ўсё. Не забудзем пра “хуткую дапамогу” – адэльфан, валідол, феназепам, кодэін, бромгексін, бісептол, дымедрол, фталазол, йод, нашатыр…

Асноўнае ва ўсіх гэтых трох групах – замежнае, значыць, дэфіцытнае, значыць, каштуе не столькі грошай, як нерваў і прыніжэння. Але ж хочаш жыць – “даставай”.

І падаставалі! Нават авіябілеты, заказ на якія афармляюць недзе за сорак пяць дзён да вылету! Своечасова, без мітусні, заехалі на замоўленым учора таксі на аўтавакзал (білеты на аўтобус куплены таксама загадзя). Адсюль за нейкую гадзіну дабраліся ў аэрапорт. Зарэгістравалі білеты.

Пакуль “ехалі” на сваёй уласнай арганізацыі і прадбачлівасці, усё было нармальна. Але ж, на жаль, без дзяржаўнага “сэрвісу” абысціся нельга. А дзе ён пачынаецца, там трэба развітвацца са сваёй аптымістычнай ураўнаважанасцю. Прытым мы маем дачыненне з савецкім сэрвісам, а гэта, як мая мама казала, горш за вайну, горш за халеру і чуму.

На білетах нашых былі пазначаны месцы – 9Б і 9В. значыць, нас будзе раздзяляць праход. Кепска, але ж пастараліся не ўзводзіць у ступень гэты “дробязны”, як на дзяржаўна-савецкі погляд, факт. Перад самалётам бортправаднік гучна абвяшчае: “У самалёце садзіцца на вольныя месцы!”. Пачаўся шум: “Што за ідыятызм?”, “У нас запісаны свае месцы!”. Праваднік “парыруе”: “А што ж вы хацелі, на самалёт падсаджваем пасажыраў з другога рэйса!”

Вядома, усе кінуліся ўжо не займаць свае, а захопліваць “свабодныя” месцы. А паколькі мы “не кінуліся”, дык і знайшлі іх не адразу. Спярша прыгледзелі непадалёк адно ад другога. Але ж тое “адно” было завалена клункамі нейкай цёткі, што галасіла над імі: “Як жа я іх давязу?!” (Цікава, як яе наогул пусцілі з такімі рэчамі ў самалёт?!). Саджуся на “другое”. Маша пайшла шукаць сабе. Праз некаторы час шляхам нейкага складанага абмену яна “завалодала” двума крэсламі ў 15-м радзе. На крыле. Нічога не ўбачыш ў нізе. Але затое разам.

У Сімферопалі, як звычайна, давялося доўга чакаць. У пякельна душную залу мы не пайшлі: я ўжо некалі самлеў раз у ёй. Прыселі на лавачцы сярод лужын і гразі ў суседнім скверы. Ён спрадвеку выконвае тут ролю “летняй пачакальні”, нават зімою. Але ж нікому дагэтуль не прыйшло ў галаву добраўпарадкаваць яго адпаведна гэтай яго функцыі!

У “Кактэбелі” нас адносна хутка аформілі – “прынялі”, паказалі корпус (4) і назвалі “нумар” (17). М. балюча расчаравалася, убачыўшы сваё будучае жыллё. Гэта фактычна камуналка. На пляцоўцы тры пакоі – на тры сям’і. Іх аб’ядноўвае санвузел – умывальная ракавіна з адной толькі халоднай вадою і ўнітаз за перагародкаю.

Жылы пакойчык невялічкі. Здаецца, што ён да краёў напоўнены разнашэрснай, рознакалібернай мэбляю, хоць яе тут самы мінімум. Уздоўж сцен стаяць два ложкі. Ёсць яшчэ пісьмовы мініяцюрны столік (а мы ж абодва збіраліся працаваць за сталом!), шафа, два крэслы і “трумо”. Усё гэта рыпіць, трашчыць, страляе. Ні да чаго нельга дакрануцца, каб не патурбаваць усіх насельнікаў “камуналкі”. Страляюць выключальнікі, страляюць дзверы. А “нашыя” дзверы адышлі ад вушака так, што вечарам гэта шчыліна асвятляе светлую агульную пляцоўку. Халера яго ведае, можа, усе гэтыя дэфекты рацыянальныя? Каб не спалі, а то загрызуць камары, якіх тут процьма…