Выбрать главу

Такім чынам “прадаў” і другую пару білетаў. А нас чакаў да апошняга званка на вуліцы. Добра, што нас там не надта затрымалі. А то “прадаваў” бы Віктар Антонавіч і нашы білеты.

Мне яшчэ ніколі не ўдавалася прайсці куды-небудзь за ім – ён абавязкова прымусіць ісці першым. Прапускае ўсіх і ў розных чэргах. І знаёмых, і незнаёмых! А калі ўлічыць, што такое савецкія чэргі…

Пасля Аксаны Бузук Віктар Антонавіч запрашаў яшчэ паглядзець у яго ў нумары амерыканскі кінафільм “Трыумфальная арка”. Так, паводле Э.-М. Рэмарка. Мы ветліва адмовіліся: хай адпачне гэты добры чалавек.

І ўсё-такі я паглядзеў названы фільм. Задаволены, што рашыўся на гэты ўчынак. Фільм нармальны, калі нармальнай бывае неадназначнасць. Добра бачны прагалы ў параўнанні з літаратурным творам. Рэмаркаўская рамантычнасць і мужнасць тут не раз пераўвасабляецца ў меладраматычнасць.

14 верасня 1988 года. Тое, што называецца ДТП “Кактэбель”, выходзіць усёй даўжынёю сваёй тэрыторыі на набярэжную. Самы рэспектабельны ўчастак якраз той, дзе мы бываем найчасцей – што ідзе праз ДТПэўскія сталоўку і пляж.

“Пляцоўка” перад сталоўкаю вечарамі ператвараецца ў цікавую сувенірную выстаўку – кірмаш. Чаго тут толькі не ўбачыш і што тут толькі не рэкламуецца. Найбольш, здаецца, акварэльных мініяцюр і “ювелірных” вырабаў з крымскіх самацветаў. І адно, і другое бывае самае размаітае.

Адны майстры выстаўляюць акварэлькі спакойныя, прыглушаныя, другія – пярэстыя, крыклівыя. Перад адным юным мастаком акуратненька ляжаць у беленькіх паспарту светленькія, напоеныя сонцам крымскія пейзажы, другі творца плён сваёй неўтаймаванай натуры – лісты штормаў, бур і навальніц – як папала параскідаў і парастаўляў вакол ядлоўцавага куста. На “спакойныя” эцюды спакойна глядзяць і адыходзяць, “бурлівыя” ж падоўгу і гучна абмяркоўваюць, даюць аўтару нейкія парады, якія той, не задумваючыся, адбівае як валан ракеткаю.

А вось жывапісныя мініяцюры ў драўляных чорных рамачках. Яны дэманструюцца прама ў тых самых фанерных “дыпламатах”, у якіх былі сюды прынесены. Расчынены на дзявяноста градусаў “дыпламат” утварае зручную вітрыну. На яго донцы ўтульна размясцілася да дваццаці рукатворных фрагменцікаў тутэйшай эфектнай прыроды. І на вечку размешчана столькі ж. Толькі што тут яны нібы вісяць на сцяне.

Аднак мастак не быў бы мастаком, каб пакінуў сваю вітрыну незавершанай, без “рэльефнай” дамінанты. У якасці такой на верхнюю планку вечка неяк пастаўлены дзве мініяцюры. Яны фарматам сваім не адрозніваюцца ад усіх астатніх. І тым не менш паспяхова выконваюць ролю кароны гэтае мікраэкспазіцыі.

Падобным чынам паказваюцца таксама і вырабы з самацветаў. Гэтых “крамак”, бадай што, найбольш. На любы густ, але не на любую кішэню. Здаецца, каменьчыка, таннейшага за 20 рублёў, тут не знойдзеш. 20 рублёў – гэта будзе каштаваць невялічкі кулончык да 1 см3. Куды даражэйшыя будуць завушніцы, бо гэта ўжо два каменьчыкі. Дый пярсцёнак цэніцца дорага з-за сваёй “грувасткай” аправы. Брошка недзе ў цане кулонаў. Каралі ўсякія, маністы – і не пытай, на іх жа пайшло па “цэлым піку”.

У апошні час “народныя ўмельцы” звярнулі ўвагу і на звычайную пляжную гальку. Яна таксама не без поспеху прапануецца гасцям з іншых земляў, як экзотыка. Праўда, камяні гэтыя і каменьчыкі папярэдне праходзяць пэўную апрацоўку і нават дапрацоўку. Мала таго, што сувенірную гальку трэба вышукваць у мірыядах звычайнага камення, да яе яшчэ трэба прыкласці рукі, уменне і розум. Падабраць экземпляры для парных вырабаў. Выдумаць, выкаваць, выплесці ім аправу. А паспрабуй пракалоць там на патрэбным месцы дзірку! Ці зашпакляваць непатрэбную шчыліну, выраўняць шчарбіну!

Апрача галькі “біжутэрнай” ёсць яшчэ на гэтым таржышчы і галька скульптурная, галька жывапісная. Вось камень у выглядзе дзіцячай ступні з амаль натуральнай выемкаю пасярэдзіне. Прадаецца, як попельніца. А вось прадаўгаваты, як сасіска, камень. Яго разамалявалі пад кракадзіла. Так і прадаецца ў якасці статуэткі “Кракадзіл Гена”. На плоскія рознаконтурныя каменьчыкі нанесены фарбамі пейзажныя карцінкі. Чым не памятка аб Крыме!

Прываблівае сваёй элегантнасцю вітрынка “Роспіс па перламутры”. Тут сапраўды налюбуешся мноствам тонка намаляваных шматзначных пейзажаў на малюпасенькай плошчы завушніц, падвесак, шпілек, кулонаў, пярсцёнкаў. Дэталі кожнай такой карцінкі пазначаны не сімваламі, не стылізаваны. Сапраўдны рэалістычны жывапіс старой рускай школы. Горы – дык горы. Дрэва – дык дрэва. Конь – дык конь. На твары пяціміліметровых чалавечкаў добра бачны вясёлая ці іранічная ўсмешка, сум. Як тут не пацікавіцца коштам такіх незвычайных вырабаў. “Ад 50-ці да 80-ці рублёў – гледзячы што” , – пачуеш у адказ.