Выбрать главу

Я аж зарагатаў (у душы, канешне), калі мне прыйшоў у галаву такі магутны вобраз.: сапраўды адкрыцьцё: гэта ж своеасаблівая адухоўленая эмблема кожнай рэпрэсіўнай дзяржавы – ад фашысцкай дзяржавы і СССР да ўсіх цяперашніх камуністычных дзяржаваў тыпу прафашысцкіх ЮАР, Польшчы і Ко.

З пачуцьцём вынаходцы (люблю ў сабе гэтае пачуцьцё) я спусьціўся ў пераход “Банк--ГУМ” і , ня доўга думаючы, у газетным кіёску купіў два аркушы паштовых марак “М. А. Шолахаў” (5х5 і 5х6) і некалькі квартблокаў гэтых і іншых марак. Хоць я ўжо зьбіраюся неяк вызваліцца ад сваёй немалой філатэлічнай калекцыі, але няхай будуць пакуль і гэтыя. Яны не з найгоршых.

29 чэрвеня 1985 г. Субота. Цікавае мерапрыемства прапанавала сёньня Марыя: у якасьці прагулкі наведаць Камароўскі рынак і Дом мэблі, які побач з ім. Я з задавальненьнем пагадзіўся. Паставіў на нулі свой крокамер, які, паслухаўшыся ўрача, я нядаўна набыў, і мы пусьціліся ў дарогу.

Дом мэблі ў цэлым пакінуў у мяне добрае ўражаньне. Думаю, што ён адпавядае свайму прызначэньню – вядома, са ськідкаю на нізкую якасьць савецкіх вырабаў і высокія цэны на замежныя вырабы.

Сёньня ў Доме мэблі самы дарагі гарнітур каштаваў шэсьць тысячаў рублёў. Гэта “жылы пакой” з Фінляндыі “Кінгстон”. Бываюць і значна даражэйшыя камплекты. Неяк на выстаўцы-продажы непадалёку ад маёй кватэры я бачыў гарнітур цаною больш чым дзевяць тысячаў рублёў. Гэтая мэбля прапануецца народу. А сярэдні ж месячны заробак гэтага народу – недзе каля 150 рублёў на аднаго чалавека, які працуе і зарабляе. А на кожнага наогул – і старога, і малога – прыкладна адна трэць гэтай сумы. Хто ж можа дакупіцца да такой мэблі?

Кажуць, што праз гэты Дом мэблі прайшло два японскія камплекты па трыццаць чатыры, здаецца, тысячы рублёў. Праўда, гэта ўжо былі не “жылыя пакоі”, а цэлыя “кватэры”. Яны складаліся з абсталяваньня пярэдніх пакояў, да гасьцінных, спальняў, сталовых, кухняў. Прыходзь і жыві! Гэтыя “кватэры” быццам бы купілі сусьветнавядомая гімнастка Вольга Корбут і сьпявак Віктар Вуячыч, што жыць без эстрады ня можа, а эстрада без яго магла б, як казаў Рыгор Барадулін…

Адсюль мы накіраваліся на Камароўскі рынак. Непадалёку ад уваходу на рынак нашую ўвагу зьвярнула вялікая чарга. Наблізіўшыся да яе мы ўбачылі, што там прадаюцца “дзяржаўныя” гуркі – па 1 р. 30 к. за кілаграм. Гуркі гнілыя. Пакупнікі лаюцца, нярвуюцца, але ж стаяць. Яны перакананыя, што там, на рынку, значна даражэйшыя. Раптам падыходзіць да “хваста” чаргі маладая жанчына, і паказваючы сваю сумку, прыглушаным голасам кажа:

– Чаго ж тут стаяць за такім дзярмом. І там па рубель дваццаць кіло, але паглядзіце, што за тавар.

Чалавек восем, у тым ліку і я, нахіліліся над яе торбачкай. Адзін з іх голасна сказаў:

– Чым стаяць тут за дзяржаўным гнільлём, лепш у “прыватніка” ўзяць.

Апошнія словы вымаўляў гэты мужчына, ужо ідучы да рынка. За ім пайшлі ўсе тыя, хто глядзеў у тую торбачку. Мы пайшлі таксама.

Мая Марыя ня любіць бавіць час на рынку. Яна заўсёды хуценька купляе тое, што ёй трэба, і бяжыць дамоў. А мне падабаецца тут. Падабаецца глядзець на гэты рознакаляровы натоўп. Падабаецца гэтае рознагалосьсе, гэты шум, што віруе над усім навакольлем. Тут, на рынку, добра адчуваеш хісткасьць дзяржаўнай эканомікі, яе няздольнасьць забясьпечваць народ усім неабходным. А з другога боку, тут яскрава бачыш вялікую жыцьцёвую сілу прыватнай ініцыятывы. А ёй жа дзяржава ня толькі што не дапамагае, але пастаянна чыніць усялякія перашкоды.

У савецкай дзяржавы няма магчымасьці наладзіць сваю гаспадарку, затое хапае і магчымасьці, і кемлівасьці перашкаджаць “прыватніку”. Арсенал гэтых “магчымасьцяў” агромністы. У ім ня толькі такія сродкі, як падаткі, але і такія, як турмы і ссылкі. А ў прамежку паміж імі – ленінска-сталінскія законы, якія нікому не дазваляюць мець зямлю, уласную цяглавую сілу, машыны.

І ўсё-такі гэты “прыватнік” жыве! Жыве сам і памагае жыць іншым. Ён пасьпяхова канкурыруе з “магутнай” дзяржаўнай гаспадаркаю. Нярэдка свае тавары, вырабленыя ў жахліва неспрыяльных умовах, ён прадае па такой самай, альбо ніжэйшай, цане, чым у дзяржавы. Часьцей за ўсё, вядома, гэтыя цэны перавышаюць дзяржаўныя ў некалькі разоў. Спажывец пакутуе, але купляе, таму што іншага выйсьця ня бачыць і ня ведае. Нейкае грамадства пакутнікаў! Дзяржава пакутуе ад свайго няўменьня, няздольнасьці наладзіць справу. А яшчэ больш яна “пакутуе” маральна, бо гэтая яе няздольнасьць нараджае “капіталістычны” элемент прыватніка. “Прыватнік” пакутуе ад пастаяннага прыгнёту з боку дзяржавы. Пакутуе ён і маральна, што варункі вымушаюць яго абдзіраць свайго гаротнага бліжняга. А гэты “бліжні” толькі і ведае ў сваім жыцьці, што пакутаваць. Пакута – яго пастаянны жыцьцёвы стан. Усё астатняе – эпізоды на агульным манатонным бязрадасным фоне.