Выбрать главу

Аповесьць прысьвечаная жыцьцю беларускай вёскі ў часы Юзафа Пілсудскага. Твор адрозьніваецца шчырай сімпатыяй да беларускага селяніна, вельмі багаты на фрагменты і асобныя ўзоры беларускай вуснай народнай творчасьці. Экземпляр, што перада мною, з аўтографам E. Kunawicz, дадзеным у Вроцлаве “… droqiej dawnej uczenicy p. Ani Sushej-Marcionko”. “Пані” Марцыёнка мне добра знаёмая – сімпатычная паважаная жанчына, журналістка.

Прынёс мне гэтую кнігу прафесар Леанід Барысаглебскі. Я адчуваю, што ў яго мэта падбіць мяне на выданьне яе па-беларуску. Ну, паглядзім, як там будзе далей, а пакуль што мне цікава чытаць яе…

Сёньня ў касьцёле я зьвярнуў увагу на неблагую старую скульптуру з каменю. Гэта фігура сьвятой Барбары. Яе прывезьлі сюды з аднаго разбуранага храма. Пакуль што яна стаіць на падлозе без пастаменту. А пастамент так і просіцца пад яе. Скульптура зайграла б.

Трэба даведацца, хто і калі падарыў касьцёлу абраз айца Кольбэ. Здаецца, у беларускіх касьцёлах больш нідзе яго няма. Я нізка схіляю галаву перад гэтым сапраўды сьвятым Чалавекам! Сваім вялікім подзьвігам ён на вякі праславіў сьвятую сваю Царкву і таксама Чалавека.

Яшчэ да дванаццаці гадзінаў мы былі ўжо гатовыя пусьціцца на вялікую прагулку. Вырашылі пачаць з Марысінага парку. Ад мастка-дамбы пайшлі ўправа. Трапілі на нейкае балотца, а з яго выйшлі прама на гарадскую вуліцу, а праўдзівей, адразу на дзьве вуліцы – Паркавую і Горкага. Гэта значыць, што мы апынуліся перад домам, які стаіць на рагу гэтых вуліцаў. Перад гэтым домам, на тым месцы, дзе мог бы быць тратуар, прама на грудочку стаіць вялікая, у поўны рост, драўляная фігура нейкага казачнага дзеда. Перад ёю групка людзей – малады сімпатычны мужчына, з абодвух бакоў якога стаяла па дзіцяці і пажылая кабета. Стаяць і глядзяць на старога з кульбаю ў руцэ. Другая рука яго схавана пад паху гэтай. Я спытаў, хто аўтар. Малады сказаў, што ён. Пачаў агледзіны і я. Мы разгаварыліся. Ён у 1976 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Саша Літвінаў, як ён сказаў. Працуе ў Мікашэвічах. Сюды прыехаў да цешчы. Я параіў яму зацікавіць сваім мастацтвам галоўнага ўрача ці гарадскога “культурніка”. Можа, і сам я зраблю што-небудзь у гэтым напрамку. Хоць бы заказалі яму некалькі скульптураў для парку ці санаторыя. Нельга, каб такая дасканалая прыгажосьць падпірала плот чыёйсьці “хаты з краю”.

Мы ведаем, што на вуліцы Горкага, на рагу Азёрнай (№2), тая адзіная ў Нясьвіжы драўляная цэркаўка. Накіраваліся ў яе бок. Царква аказалася адчыненай. Мы зайшлі і трапілі на пачатак казаньня. Я адразу ж зарыентаваўся, што сёньня сьвята Ільлі прарока. Менавіта яму была прысьвечаная пропаведзь. Мы выслухалі яе да канца з вялікім задавальненьнем: Генрык атэставаў сьвяшчэньніка правільна – ён эрудыт. Выйшлі з царквы прыўзьнятымі, прасьветленымі і шчасьлівымі. Добра, што мы выбралі сёньня такі маршрут. Ён узбагаціў нас…

Мы вырашылі вярнуцца ў замак не з яго параднага боку, а з процілеглага яму таго самага Марысінага парку. Пахадзілі па яго вельмі запушчаных алеях, у тым ліку і “Дубовай”, прыблукалі да помніка-абеліска Марысі. На ім яшчэ не зусім зарос мохам глыбока высечаны надпіс: “Marysin”, а ніжэй, пасярэдзіне “1898”. За гэтым прыгожым высокім стройным абеліскам ніхто не глядзіць. Некалі, відаць, прыгожая палянка вакол яго зарасла пустазельлем. Яно лезе і на помнік, прабіваецца праз шчыліны ў п’едэстале, пагражаючы яму разбурэньнем. Нягледзячы, што спозьнімся на абед, усё-такі мы вырашылі з паўгадзінкі папрацаваць менавіта тут. Распрануліся. Пачалі з праполкі яго ад разбураючых граніт (!) імху і пустазельля. Прапалолі ўсе плоскасьці абеліску і масіўнага, зьверху квадратнага, п’едэсталу, адкрылі іх сонечным праменьням, яно павінна спыніць разбурэньне, высушыўшы непатрэбную вільгаць. Зрабілі праполку паляны вакол помніку – прыкладна паласу метровай шырыні і падмялі ўсё самаробнымі венікамі.

Сваё наведаньне легендарнага радавога помніка князёў Радзівілаў мы завяршылі, як і патрабуе добрая беларуская традыцыя. На пастамент мы ўсклалі вялікі прыгожы букет дзікарослых кветак, назьбіраных на даўно зьдзічэлых “нібы-клумбах”, паміж кустоў і зельля.