Выбрать главу

7 жніўня 1985 году. У сёньняшняй газеце “Знамя юности” зьвярнуў увагу на вялікі артыкул Ул. Бойкі “Читайте Адамовича”. Загаловак яўна пераклікаецца з назваю гучнага кінафільму “Иди и смотри”: “Идите и смотрите” , “Берите и читайте”. Нешта накшталт гэтага і сказаў зусім нядаўна Бойка перад тэлеэкранам у перадачы, прысьвечанай Арлену Кашкурэвічу.

Перадачы тады не атрымалася. Галоўным у ёй быў якраз Уладзімір Бойка, ён жа і “сапсаваў” яе, ператварыўшы ў дыскусію з Алесем Адамовічам. Так яны і “выйшлі” на прыгаданы фільм, забыўшы зусім пра тэму перадачы, пра Арлена.

І гэтая праца Бойкава мне не спадабалася. Вельмі ж ён “расьсеянай” зрабіў яе – як, зрэшты, усё, што робіць – неканкрэтна, безсістэмна і незразумела. Аднак сам жа па сабе Валодзя хлопец добры, цікавы і, здаецца, сумленны.

У Бойкавай публікацыі была нейкая спасылка на “зусім нядаўні артыкул Алеся Адамовіча ў “Правде”. Я не чытаў тую “Правду”, хоць пра перададзены туды яшчэ ў красавіку артыкул ведаю.

“Правда” “не зьбіралася” доўга трымаць Алесеў артыкул. Там яго падрыхтавалі да друку больш-менш хутка. Гранкі будучай публікацыі выслалі ў Менск свайму карэспандэнту Івану Новікаму. А гэты барацьбіт за чысьціню партыйнай лініі схапіў пад паху прысланыя яму толькі для перадачы аўтару гранкі і павалок іх… у Цэка! Ведаючы адносіны цэкоўцаў да Адамовіча, можам сабе ўявіць, што там было. Так публікацыю артыкулу і затрымалі на доўгія месяцы.

Я знайшоў тую “Правду” з артыкулам. Гэта было 22 ліпеня. Артыкул называецца “Логика ядерной эры. Заметки писателя”. Чатыры скразныя слупкі. Гэта ледзь не палова шостай старонкі “Мир восьмидесятых”. Кажу “ледзь не палова” таму, што пад артыкулам падвярсталі маленькую заметку “Восеньская песьня” з падзагалоўкам ці рубрыкаю “Мастацтва за мяжою”. “Восеньская песьня – гэта патрыятычны алжырскі кінафільм “прагрэсіўнага” рэжысёра Мерзьяна Яла. Гэта, само сабою зразумела, пра сілы дабра і зла. Сілы дабра – партызаны, сілы зла – французскія каланізатары і заможныя каланісты.

А як артыкул? Ён цікавы, задзірысты. У ім не хапае таго пацыфізму, за які ў асноўным і б’юць аўтара. Але ж з Адамовічам можна і трэба спрачацца.

Па-першае, ці трэба так рашуча патрабаваць ад усіх-усіх-усіх пісьменьнікаў, каб кінулі свае тэмы і пачалі неадкладна “змагацца” за мір? А раз такая лінія паво­дзінаў прапануецца пісьменьнікам, значыць, астатнія “чалавеказнаўцы” таксама не павінны “спаць у шапку”, а “змагацца”. А што рабіць “простаму чалавеку”, якога ўсе так горача і гучна абараняюць? Мабыць, трэба кінуць працу дзеля дабрабыту сваёй сям’і і хоць з большага рэагаваць на гэтую барацьбу – чытаць пра ваенную пагрозу, хадзіць на выстаўкі мірапатрабавальных твораў, на адпаведныя мітынгі, у кіно і тэатры, удзельнічаць у розных міратворчых акцыях, карацей, падтрымліваць напал усеагульнага псіхозу.

Але ж уся справа ў тым, дарагі (не жартую!) Алесь Міхайлавіч, што ў нашай дарагой (іранізую) дзяржаве паўнацэннай гульні ня можа быць. Як і ў Вашым артыкуле, гэта будзе і ёсьць гульня ў адны вароты: больш ці менш доказна, больш ці менш гучна, больш ці менш рашуча выступаць супраць “Рэйгана і Ко”, падбухторваць іх грамадзянаў на “рашучыя меры” супраць іх “чорных задумаў”.

А дзе ж другія вароты? А гэтыя “другія”, між іншым, больш грозныя і больш непрыступныя, бо яны засакрэчаныя. Ніхто ў нас, у тым ліку і наш слаўны Алесь, пакуль не адважыўся падняць голас пратэсту супраць шалёнай гонкі ядзерных узбраеньняў у СССР, не крытыкуе ўрад за яго цьвёрдалобую бескампраміс­насьць у дачыненьні да ўсіх вялікіх дзяржаваў, за падбухторваньне народаў усіх без выключэньня капіталістычных краінаў супраць сваіх урадаў. Чаму б Алесю ня выступіць з патрабаваньнем ачысьціць, скажам, нашую родную Беларусь ад ракетаў і абвясьціць яе бязядзернай дзяржавай? Чаму б ня выступіць супраць разьмяшчэньня савецкіх ракетаў у іншых краінах?

Калі ў “рэдакцыі “Праўды” і ў галоўліце выкінулі асноўныя “пацыфісцкія” думкі Адамовіча, што зусім магчыма, тады і будзем лічыць яго артыкул пакалечаны цэнзураю. А калі сам Адамовіч біў толькі ў “дальнія” вароты, а ў “бліжэйшыя” і не зьбіраўся загнаць ой як патрэбны гол?..

Я скарыстаў гэтае шматкроп’е і пачаў званіць Адамовічу. Хацеў павіншаваць з публікацыяй у такім органе, ну і, перш за ўсё, правесьці неабходнае “сьледства”, зьмераць глыбіню ягонага пацыфізму. На жаль, тэлефон маўчыць.