Выбрать главу

9 жніўня 1985 году. Сёньня мы “даём вячэру” ў гонар нашай мамы. Яна ж у нас юбілярка. Праўда, юбілей прыпаў на дні, калі мы былі ў Нясьвіжы. “Самі сабе” мы там адзначылі гэтую падзею. Нават прыязджалі дзеці. Але існуе яшчэ абавязак даваць “званыя абеды” ў некаторых выпадках. Дні нараджэньня, тым больш юбілейныя, якраз і зьяўляюцца такімі выпадкамі.

Сёньня высьветлілася раптам, што ня так проста ўжо цяпер склікаць гасьцей. Якія б ні былі госьці, і колькі б іх ні было, а нейкія гарэлкі, віно, наліўкі-настойкі павінны быць – незалежна ад гарбачоўскіх хістаньняў. І вось пайшла юбілярка ў магазін. Сёе-тое выбрала там. Падышла да касіра. Тая ўтаропіла вочы ў “пакупніцу” і кажа: “Вы хіба ня з Менску, што ня ведаеце: у адны рукі адпускаецца толькі адна бутэлька”. “Што ж мне рабіць, я ж гасьцей паклікала?” – кажа пакупніца. “А гэта вашая справа, што вам рабіць, – “параіла” касірка. – наступны!”

Я ўжо нямала чуў анекдотаў пра гэтую кампанію… Падходзіць у рэстаране міліцыянер да століка, за якім некалькі хлопцаў “выпіваюць” і пытае: “З якой прычыны, таварышы, вы балюеце?” “Адзначаем дзень нараджэньня Гарбачова”, – бадзёра адказаў адзін з застольнікаў. “Ну, ну!”—толькі і прамовіў міліцыянер і пайшоў ад стала. Хлопцы ўжо і забыліся пра гэта. Праз некалькі гадзінаў на выхадзе з рэстарану да іх наблізілася ўжо некалькі міліяцыянераў. “Дзень нара­джэньня Гарбачова адзначалі, а 30 рублёў на сувенір яшчэ ня ўнесьлі, калі ласка”, – сказаў “знаёмы” міліцыянер, пачынаючы запаўняць квітанцыі…

10 жніўня 1985 году. З нейкіх закуткоў кватэры, з розных гарызантальных плоскасьцяў вывернулі і паздымалі сёньня мноства ўсялякіх кніг, прасьпектаў, альбомаў. Тут і мастацкая літаратура, і краязнаўства, і навука, і палітыка, і выяўленчае мастацтва, рэклама.

Як усё гэта апынулася разам, думаю я? А зрэшты ж, не зусім разам, а па нейкай сістэме кожны “від” атрымліваў свой кут. А ўчора, у часе падрыхтоўкі кватэры да прыёму гасьцей, розныя “віды” скрыжаваліся. Цяпер яны зусім аб’ядналіся на вялікім стале, за якім я працую і куды пачалі часова складваць гэтае багацьце.

Перабіраю стос за стосам. Пераважна паэзія і проза. Пераважна беларускія аўтары, выдадзеныя па-беларуску і на Беларусі. Нямала ёсьць рускіх і украінскіх выданьняў, а таксама перакладзеных твораў на беларускую і рускую мовы з больш рэдкіх у нашых умовах прыбалтыйскіх, а то і замежных. Трапляецца сёе-тое і непасрэдна на гэтых “рэдкіх” мовах. Праглядаю ўважліва: усё цікавае, усё патрэбнае, багата сьвежых выданьняў, многа з цёплымі, шчырымі аўтографамі.

Вось раман у вершах Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”. Толькі што выдадзены. Цудоўнае афармленьне таленавітага, любімага мною мастака Уладзіміра Савіча… На кнізе цэнзарскае таўро “АТ 06655”. Хто хаваецца за гэтым нумарам?

Во, калі я натрапіў на разгадку пытаньня: “Што ж аб’ядноўвае гэтыя, ды й ня толькі гэтыя, а наогул усе савецкія кнігі?” Цэнзарскае таўро. Іх глабальная падцэнзурнасьць! Вось што!

Тады трэба ўважліва паглядзець на кнігі, што перада мною. А можа ўдасца вывесьці якую заканамернасьць галоўлітаўскую!

“Рыгор Барадулін. Выбраныя творы ў двух тамах. Том першы”. 1984 год выданьня. Раз выбранае з таго, што ўжо няраз друкавалася, значыць тут абышлося і бяз цэнзара. Эгэ-э-э! Няма дурных! За каго гэта я хацеў прыняць савецкую ўладу?! Яна не ратазейка пакуль яшчэ! Цэнзар ёсьць – АТ 06603!

Яны цяпер там, у Галоўліце, баяцца і перавыданьняў. Яшчэ асобны твор – так-сяк. А як трасянка з розных кніг? У кожнай жа з іх цэнзара мог у свой час выдавец і ўгаварыць, каб пакінуў што-небудзь “на развод”, каб ведалі ўсе савецкі дэмакратызм. І вось гэтае “што-небудзь”, як высьветлілася, можна ж пазводзіць у адзін том перавыданьня. Жах! Хіба можна не правяраць усялякія там выбраныя, усялякія паўторныя перадрукі?! Вось хацела ж выдавецтва з лёгкай рукі Дубянецкага і Бечыка выпусьціць без цэнзуры кнігу выбраных твораў Уладзіміра Маякоўскага. А што атрымалася? Цэнзар выклікаў карэктуру, паглядзеў на яе, і аж за галаву схапіўся! Чаго там толькі не было. Давялося чысьціць! Хоць гэта і Маякоўскі! Трыбун рэвалюцыі! Не Барадулін!

Дарэчы, тут і яшчэ, бачу ёсьць адзін Рыгор Барадулін. Выданьне 1971 году. “Няўрокам кажучы…”. Гэта эпіграмы, праілюстраваныя сяброўскімі шаржамі Міхася Лісоўскага. І цэнзар ёсьць: АТ 26348! Як жа без яго! Але, як звычайна бывае, недалёкі цэнзар. На тагачаснага намесьніка галоўнага рэдактара Беларускай Энцыклапедыі, колішняга галоўнага рэдактара выдавецтва “Беларусь” Янку Казеку ён “прамаргаў” вось такую эпіграму: “Крытычны позірк не аслаб // Праз акуляраў шыбы // Гляджу: не прапусьціць хаця б // Загібаў, перагібаў”. Нейкі АТ 26348 настолькі лічыць свае функцыі натуральнымі, што і выдавецкіх кіраўнікоў ён уважае толькі за сваіх памагатых. Гэтую эпіграму ён зразумеў як афіцыйнае прызнаньне службовай адпаведнасьці Я. Казекі. Цэнзар ня ўбачыў тут падвоху ў тым, што Я. Казеку якраз жорстка крытыкуюць за тое, што ён, выдавец і літаратурны крытык, пераўтварыўся ў цэнзара, у палітычнага жандара.