Выбрать главу

А можа, гэты АТ 26348 і зусім не “недалёкі”, а наадварот, хітры, праніклівы? Можа, ён сьпецыяльна блаславіў крамольны куплецік, каб паказаць, ці хаця б прыгадаць, што ролю палітычнага жандара ў літаратуры выконвае не Галоўліт ці, прынамсі, не адзін толькі Галоўліт, а і выдавецтва?

Не магу так проста разьвітацца з гэтым даволі сімпатычным выданьнем. Я люблю чытаць кожную кнігу там, дзе ўжо ніхто яе не чытае, альбо чытаюць толькі вузкія сьпецыялісты. І заўсёды што-небудзь “вычытваю”. Вось, напрыклад, уважліва зірнуў на так званыя выходныя зьвесткі і ў гэтай “Няўрокам кажучы…”: яна была здадзеная ў набор 11 сьнежня 1969 году, падпісаная да друку толькі праз два гады. Але ж ня гэта я тут “угледзеў”. Два гады, улічваючы складанасьць і шматколернасьць выданьня, на той час для Менскага паліграфкамбінату і не такі ўжо вялікі тэрмін. І цяпер яшчэ некаторыя выданьні “рыхтуюцца” там па некалькі гадоў, як, напрыклад, “мой” “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча, Язэпа Семяжона і Васіля Шаранговіча. Упэўнены, што гэты шэдэўр упершыню ў сьвеце прыпісваецца так сьмела такому вялікаму калектыву, а ня толькі аднаму генію Міцкевіча. Калі ўлічыць падсавецкія нашыя варункі, дык тое, чаго я дамогся ад гэтага выданьня, дае мне такое права. Варта толькі прыгадаць усю гісторыю беларускага “Пана Тадэвуша”. Нягледзячы на шматлікія перашкоды (недасканаласьць паліграфбазы ня самая галоўная з іх), здаецца, я дамогся доўгачаканага эфекту. І сьледам за гэтым маім выданьнем я запускаю гэты самы твор у “новым” перакладзе, які быў зроблены Пятром Бітэлем у савецкім канцэнтрацыйным лагеры. Ніхто за 30 гадоў не асьмеліўся зрабіць гэта…

Зьвярнуўшы ўвагу на даты здачы ў набор і падпісаньня да друку кнігі эпіграмаў і шаржаў, я падумаў вось пра што. Казека, будзь ён тады яшчэ галоўным рэдактарам выдавецтва, не дазволіў бы такую, па сутнасьці, антысавецкую эпіграму на сябе. А яна пісалася менавіта на яго як галоўнага рэдактара выдавецтва, а ня як загадчыка рэдакцыі БелСЭ, куды яго накіравалі з выдавецтва “Беларусь”, бо там таксама патрэбна было пільнае партыйнае вока! Значыць, не пасьпела астыць у выдавецтве Казекава месца, як адразу была дадзеная належная ацэнка ягонай шматгадовай паліцэйскай дзейнасьці ў ім. Казека пакінуў выдавецтва ў 1967 годзе. Прыкладна ў гэты час паступіў туды і рукапіс гэтага выданьня ад аўтараў са зьедлівым куплетам на ўчарашнюю пісьменьніцкую “гразу”.

Кідаецца ў вочы мізэрны тыражык гэтых эпіграмаў – 2000 экземпляраў. Ма­быць, з-за некаторых палітычна непажаданых рэчаў. Затое ў параўнаньні з сёлетнім аналагічным выданьнем “Абразы без абразы” той намнога менш каштаваў. Калі ласка: выданьне 1971 году – 6,69 ул.-выд. арк., каляровы афсетны друк, 2 р. 27 к.; выданьне 1985 году – 2,02 ул.-выд. арк., чорна-белы афсетны друк, 2 р. 95 к.

Аўтар эпіграмаў апошняга выданьня таксама Рыгор Барадулін. Сяброўскія шаржы стварыў Кастусь Куксо. 68-ая і 69-ая старонкі гэтай мініяцюры (79 мм х95 мм) прысьвечаныя мне. На першай з іх эпіграма:

“Як перакладчык,

Як дырэктар

Ён талент мае дужа рэдкі,

Бо непахіснага Міхала

Трывала кніга пакахала.”

На другой – шарж (маё “падабенства” ў профіль і з эмблемаю выдавецтва на піджаку). Цэнзар – АТ 12004. Але перш, чым паставіць такое таўро, той, хто пад ім хаваецца, моцна застрахаваў сябе ад магчымых непрыемнасьцяў. Праз свайго шэфа А. Маркевіча ён у якасьці цэнзараў выкарыстаў міністра М. Дзяльца (!) і загадчыка аддзелу культуры цэка І. Антановіча (!). Пасьля іх умяшаньня, як я яшчэ пісаў “па гарачых сьлядах” выкінулі з выданьня згадкі пра Андрэя Таркоўскага і Юрыя Любімава. “Бо яны ўцяклі за мяжу, здрадзілі камуністычнай партыі і сацыялістычнай радзіме”; правілі эпіграмы на Андрэя Бембеля, Валеру Раеўскага, Валеру Рубінчыка; перараблялі шаржы на Васіля Быкава і Міхася Савіцкага (“бо мастак завялікі фантазёр”) і іншае.

Прайшоў праз строгую, прыдзірлівую цэнзуру і зборнік выбраных твораў Янкі Купалы “Выйдзі з сэрцам, як з паходняй!..”, выдадзены да 100-годзьдзя Паэта. Укладальнік Алесь Разанаў усё-такі абхітрыў цэнзара. Ён уключыў у зборнік ня толькі такія творы, што вельмі рэдка дапускаюцца ў розныя зборнікі, але ж і некалькі наогул забароненых дагэтуль твораў Янкі Купалы, у тым ліку і цудоўную паэму “На куцьцю” (192 радкі, 1911 год напісаньня), магутны верш “Беларушчына”, што і цяпер я гатоў абвясьціць яго гімнам Беларусі.