Выбрать главу

– О, ды ў вас у кожнай розныя расьліны, хоць, бачу, вы заадно.

– Добра, дзетка, сказаў: “заадно”. Вось таму, што “заадно”, дык мы імкнемся не перашкаджаць адна другой. А ў нас у кожнае амаль адно і тое самае. Але ж, калі паклала што-небудзь адна, другая ўжо тое самае не кладзе. Нашто строіць канкурэнцыю?

У гэтых “сябровак” шкляначкі такія самыя, як і ва ўсіх. Але я бачыў, як яны “мераюць” імі: ня трусяць, а літаральна трамбуюць, а пасьля яшчэ кладуць жменю зьверху, прытрылімваючы яе, каб не рассыпалася. У выніку аддаюць замест адной шклянкі ўсе чатыры. Аднак на вялікія шклянкі і яны – сумленныя, дабрачынныя – не пераходзяць. Можа, існуе ў іх нейкі няпісаны закон? Закон, каб выстаяць ва ўмовах пастаяннага прыціску з боку дзяржавы і адкрытай варожасьці з боку пакупнікоў-дэмагогаў?

7 верасьня 1985 году. На працягу прыкладна тыдня я вельмі кепска сябе адчуваю. Ня ведаю нават, як назваць гэты свой стан, калі так часта трэба зьвяртацца да нітрагліцэрыну – спазмы сардэчнай мышцы (сасудаў), ці сардэчныя прыступы? Адчуваю тады болі “за грудзінай”, нібы там утварылася і забалела нейкая рана. Добра, што хоць нітрагліцэрын здымае гэтыя болі. Такая малюпасенькая таблетачка, а так імгненна суцяшае боль! Раней пасьля яе сардэчны боль спыняўся, але пачынала вельмі балець галава. А цяпер галаўнога болю ўжо не адчуваю, мабыць, прывык.

Ужо нямала дзён вымушаны прымаць па тры-чатыры гэтыя таблеткі на дзень. Часта прачынаюся пасьля спакойнай ночы ад болю ў грудзях і адразу цягнуся да “патрончыка” з гэтымі беленькімі сьняжынкамі. Пакуль зьбяруся ісьці ў выдавецтва, – яшчэ раз, а то і два разы хапаюся за нітрагліцэрын. Пасьля, ідучы ў выдавецтва, яшчэ адзін раз – недзе на сярэдзіне дарогі. А далей дзень праходзіць больш-менш нармальна. За выключэньнем апошняга тыдня. А ўчора я павёў сябе як варвар у адносінах да свайго здароўя: дванаццаць разоў прыбягаў да нітрагліцэрыну! Але і гэтым не дакладна акрэсьліваецца мой стан, бо ня кожны раз пры спазмах я хапаўся за таблеткі. Абавязкова трэба было зьвяртацца ў паліклініку. Але ж не зьвяртаўся таму, што, напэўна, паклалі б у шпіталь, а мне трэба было рыхтаваць Серафіма (Андраюка – рэд.) да яго ўдзелу замест мяне ў ММКВК-85.

Сёньня таксама пачалося з раніцы… За дзьве з паловаю гадзіны пяць прыступаў. Марыя (тут і далей – жонка М.Ф.Дубянецкага – рэд.), не ўзгадняючы са мною, выклікала меддапамогу. Прыехалі, надавалі уколаў, памералі ціск (180/100), пульс (76 удараў) і зрабілі электракардыяграму. На жаль не было з чым параўнаць, бо тую, што я меў, завёз у Нясьвіж, а там, выпісваючы мяне з санаторыя, не пасьпелі падрыхтаваць мне экземпляр для сябе. Не пасьпелі не выпадкова – гэта скуткі ( тут я лепш адчуваю гэтае слова, чым “вынікі”) няспыннай палітыкі эканоміі на кадрах. Адна работніца – я яе назваў нават “многастаночніцай” – і робіць ЭКГ, і ўзважвае і “мерае” людзей і, здаецца, яшчэ нешта. За трох чалавек!!!

8 верасьня 1985 году. Зноў бальніца! І, здаецца, тая самая палата – 406! Як гэта здарылася?

Учарашнія мае “экагісты”, вярнуўшыся ў паліклініку (у іх, апрача мяне, было яшчэ некалькі выклікаў), адшукалі маё дасье і параўналі сьвежанькую кардыяграму з апошняй. Запеленгавалі пагаршэньне! Яно ў асноўным у “Т-зубцах”, як мне сказалі па тэлефоне. Ня ведаю, што гэта такое “тэ-зубцы”. Спытаў. Замест тлумачэньня сказалі, што “гэта будзеце бліжэйшыя два дні пад пільным наглядам паліклінікі. Гадзін у восем вечару нехта да вас прыйдзе. Зробіць уколы, а там будзем бачыць…”

Прыехалі ня ў восем вечару, а ў дзевяць. І ня ўколы рабіць, а проста забіраць мяне ў бальніцу. Дзеля формы ўрач (другі ўжо, мужчына, а тады была жанчына) яшчэ мяне паслухаў, памераў пульс (74 удары), ціск (190/100) і запрапанаваў ехаць з ім. “Паедзеце цяпер, дык патрымаем тыдзень, а не захочаце, – пасьля і месяца мала будзе”. Я вымушаны быў адправіцца ў гэты невясёлы шлях.

У прыёмны пакой выклікалі дзяжурнага ўрача – кардыёлага. Ім аказалася Алена Сяргееўна – урач, які цяпер вядзе маю будучую палату. Даволі пільна (бо зацікаўленая) яна мяне абсьледавала і дазволіла везьці ў палату. Ціск застаўся ранейшы, які быў сорак хвілінаў таму назад – 190/100. Вельмі высокі для мяне!

Нанач атрымаў укол у жывот, карвалол у мензурцы і тры нейкія таблеткі. Не спытаў пра іх, падумаўшы, што яшчэ будзе час на гэта.

Сёньня нядзеля. Частка персаналу не працуе. У суботы і нядзелі тут заўсёды спакайней. Устаў каля дзявятай гадзіны – з прыходам сястры-“укольніцы”. Не сьпяшаючыся, зрабіў ранішні туалет і падаўся ў сталоўку. Тут ужо ні душы. Чую нехта варушыцца на кухні, падышоў туды, папрасіў прабачэньня за спазьненьне. Замест чаканай індульгенцыі атрымаў серыю папрокаў і пытаньняў: “Нас ніхто не папярэдзіў”; “Як гэта вы яшчэ ня сьнедалі”; “А ў якой вы палаце?”; “А калі паступілі?”. Пасьля, не спыняючы сваіх непрыемных мне роспытаў, жанчына выносіць і ставіць на стол талерку “з нечым” і шклянку з чаем. Хлеб і цукар – на стале. “Нешта” аказалася пячонкаю з бульбяным пюрэ. Яшчэ гарачая і даволі смачная. Падзякаваў і пайшоў далей “па сваіх справах”. Яны і тут ёсьць у чалавека! Вось у мяне з ранку: трэба прыняць лекі, паказацца ўрачу, патэлефанаваць сям’і, супакоіць, што пагаршэньня няма, а нават, наадварот, жыву без нітрагліцэрыну.