Выбрать главу

Я падпісаў Кларын чэк і не адзін. Яна ня ўпэўненая была, што той рукою, у якой “нешта тырчала”, можна паставіць “правільны” подпіс, папрасіла падпісаць два-тры празапас. Я выканаў гэтую незаконную просьбу, улічваючы цяперашнія абставіны ў выдавецтве. Аддаючы чэкавую кніжку сказаў:

– А ўсё-такі, Кларачка, напэўна, пройдзе першы чэк, а тыя наўрад ці прымуць.

– Чаму?

– Таму, што надта стараўся. Падпісваў імгненна, а пасьпяваў сачыць за кожным кручком. А гэта гарантыя адступленьня ад подпісу-ўзору.

– Ну, хоць адзін, можа, прапусьцяць. На сёньня больш і ня трэба.

Так мы разьвіталіся, абмяняўшыся нейкімі “рытуальнымі” фразамі.

Папрасіў Марыю, каб да мяне сёньня не прыходзіла. Вядома, мне прыемна было б яе бачыць, маю верную спадарожніцу, адзіна магчымую маці маіх таленавітых дзяцей. Параіў, каб лепш схадзіла ў гэты час на сустрэчу з Краснадарскімі знаёмымі. Ды трэба ж падрыхтаваць у дарогу нашу Галю. А ў яе не абы якая дарога. Гэта ж першы яе працоўны адпачынак! Першая самастойная турыстычная паездка! Ды якая ж доўгая і далёкая – на цэлых дваццаць дзён і аж у Закаўказьзе, на турыстычную базу “Планерскае”. Я сказаў пра гэта ў маёй палаце, дык Віктар кажа, што ён ведае “Планерскае”. Пару гадоў таму назад езьдзіла туды яго дачка-дзесяцікласьніца. З ёю чалавек дваццаць. Працавалі там у саўгасе – на полі ці на саўгасных заводах.

– Дык вось, – кажа, Віктар, – цэлыя канікулы юнакі і дзяўчаты працавалі. За гэта ім налічвалі нейкія грошы. А дайшла справа да разьліку – амаль усё налічанае ўтрымалі на аплату харчоў ды розных штрафаў. Ледзь-ледзь хапіла на зваротны білет. А ў дарозе ж трэба есьці!..

Вечарам па тэлефоне я цёпла разьвітваўся са сваёй юнай турысткаю.

Была адзінаццатая гадзіна вечара, а Галечка яшчэ не рыхтавалася ў дарогу. Як высьветлілася, яна ледзь ня цэлы дзень займалася сваімі вершамі – вычытвала пасьля машынапіснай перадрукоўкі, адбірала разам з Лёнем (тут і далей – Дранько-Майсюком – рэд.) для альманаху “Дзень паэзіі – 86”. У альманах трэба адзін-два, а Лёня “выбраў” цэлы дзясятак. “А цяпер, сказаў, будзем выбіраць з гэтага. Ёсьць жа яшчэ ўкладальнік зборніку, ёсьць загадчык рэдакцыі. Але ім нялёгка будзе, бо з добрага выбраць лепшае ня так лёгка.

Лёня, як рэдактар, рабіў, вядома, свае заўвагі, даваў парады. Кожную з іх Галя, як яна сама мне прызналася, сустракала “ў штыкі”. Я пахваліў яе за “цьвёр­дыя перакананьні”, але ж параіў прыслухоўвацца да Лёневых парадаў – ён мае добрую падрыхтоўку ў паэзіі, а галоўнае, сам паэт таленавіты, з добрым густам.

Гэта Галіны арыгінальныя вершы. Свае вершы яна ўсё яшчэ баіцца публікаваць. Я і ня ведаю, як яна адважылася на абнародаваньне сваіх перакладаў з Р. Бёрнса. А цудоўная атрымалася нізка!

11 верасьня 1985 году. Серада. 10 гадзінаў раніцы. Да сьнеданьня пасьпеў прыняць дзьве нітрагліцэрыначкі і вось цяпер укінуў трэцюю. Ранішнюю дозу лекаў прыняў. А ўрачэбнага абходу чамусьці яшчэ не было. Затое Ірына Аляксандраўна мяне на калідоры папярэдзіла, каб далёка не адыходзіў ад палаты. “Хачу паказаць вас прафесару”, – вымавіла. А якому не сказала.