Выбрать главу

Вось цана вашаму “прывітаньню” выдаўцам і пісьменьнікам сьвету! Спыніце калечыць нашыя думкі! Вызвальце нас ад свайго шматгаловага цмока-галоўліту! Распусьціце вон сваіх “вычёркивателей”-цэнзараў – з друку, тэлебачаньня, радыё! Не хавайце ад “свайго” народа голас праўды свабоднага сьвету! Толькі тады вы мелі б маральнае права наладжваць такія шырокамаштабныя кніжныя імпрэзы.

Ну, а раз наладзілі, дык і я сустрэну яе маім, ох якім знакамітым “падарункам”. Гэта ж у вашым стылі: заўсёды патрабуеце ад сваіх падданых да ўсякіх важных вашых падзеяў “несьці працоўныя падарункі”. Праўда, я нясу свой падарунак ня з вашага прымусу, а з прымусу майго сумленьня, майго пакалечанага вамі сэрца. І ня толькі вам, а майму гораду, маёй Радзіме, Сьвету.

Я, беларускі выдавец Міхал Дубянецкі, абвяшчаю аб заснаваньні мною шматтомнага безцэнзурнага літаратурнага зборніка, у якім будуць публікавацца ўсе забароненыя лютай савецкай цэнзураю творы. У зборнік будуць уключацца таксама і творы, адваёваныя з кіпцюроў цэнзуры, бо такія творы, як правіла, застаюцца і надалей непажаданымі рэжыму і дапускацца да друку ня будуць! Вось сьвежы, яскравы прыклад. Недзе ”нагары” вырашана выпускаць праз цэнтральнае маскоўскае выдавецтва “Художественная литература” збор твораў Васіля Быкава. У чатырох тамах. Вядома, на рускай мове. Ну і што ж? Добра! Добра, але не зусім. Выдавецтва атрымала каманду не ўключаць у гэтае выданьне адну з найлепшых Быкаўскіх аповесьцяў – “Мёртвым не баліць”. Тую самую, якую вырваў я ў свой час з іх зубоў і апублікаваў у чацьвёртым томе беларускага збору твораў Васіля Быкава. Значыць, Крэмль не перастаў лічыць гэты твор шкодным і ўсяляк перашкаджае яго папулярызацыі.

Умоўна (а можа і ня ўмоўна) зборнік мэтазгодна падзяліць на наступныя серыі.

Серыя першая. Творы дасавецкага перыяду, забароненыя савецкай цэнзураю.

Серыя другая. Творы савецкай літаратуры, мастацтваў і навукі, забароненыя савецкай цэнзураю.

Серыя трэцяя. Створанае ў эміграцыі і забароненае на Радзіме савецкай цэнзураю.

Серыя чацьвёртая. Творы замежнай літаратуры, мастацтваў і навукі, забароненыя ў Савецкім Саюзе.

Серыя пятая. Адваёванае ў савецкай цэнзуры.

Накід прыкладнага прасьпекту гэтага выданьня патрабуе пэўнага часу. Таму мне давядзецца разгортваць і ўдакладняць яго і ў сваіх наступных дзеньнікавых запісах. Магу ўзяць “сацыялістычнае абавязацельства” закончыць распрацоўку першага варыянту гэтага свайго помніка савецкай дэмакратыі да дня завяршэньня ММКВК-85 – пазашлюбнага дзіцяці гэтай “дэмакратыі”.

Прафесара-кансультанта назвала мне ў час абыходу Алена Сяргееўна. Гэта Яўген Васільевіч Бардзін. Ён ужо глядзеў мяне тады ў рэанімацыі. Але неяк сьледу ў памяці маёй не пакінуў. Мабыць, усё няміла было мне тады, усё праходзіла праз маю сьвядомасьць, не закранаючы яе…

У кабінеце загадчыцы аддзяленьня я ўбачыў высокага стройнага прыгожага мужчыну сярэдняга ўзросту. Гэта і ёсьць прафесар Бардзін, вядомы і паважаны ў Беларусі кардыёлаг. Ён сустрэў мяне шырокай ветлівай усьмешкаю на добра загарэлым круглым твары. Пасьля неабавязковых, але прыемных ветлівых словаў прыступіў да сваёй справы. Выслухаў уважліва інфармацыю ўрача, мае “скаргі” і аўтаназіраньні, паслухаў фанендаскопам (я не выпадкова акцэнтую увагу на гэтым інструменьце: шэф Я. В. Бардзіна, прафесар Сідарэнка “слухае” хворага толькі ўласным вухам ) праз грудзі і сьпіну, што робіцца ў маёй сярэдзіне, прапальпіраваў жывот, пячонку, прааналізаваў чатыры ці пяць электракардыяграмаў і зрабіў сваё заключэньне. Па-першае, ухваліў і пакінуў у сіле назначэньні Алены Сяргееўны, па-другое, дабавіў і сваё – кровапусканьне. “Мы рэдка прыбягаем цяпер да гэтага спосабу, але давайце паспрабуем, – сказаў Бардзін. – Спусьціць 300-400 мілілітраў крыві і ўвесьці (назваў колькі) рэаполіглюкін”.

Разьвіталіся мы з ім прыяцелямі. Ён пацікавіўся, што папярэднічала майму інфаркту, я з большага расказаў пра “сацыяльна-палітычны характар свайго захворваньня. Вельмі дзякаваў за такую інфармацыю. Сказаў, што “ўпершыню выразна і нават вобразна ўбачыў і адчуў сапраўдную прычыну шматлікіх трагедыяў, якія я ведаю, але ж не разумеў”.

Перад візітам ціск у мяне быў 170/90, пачынаючы недзе з сямі гадзінаў раніцы і да адзінаццаці праглынуў тры “сваіх” таблетачкі.