Выбрать главу

У час прыёмаў мяне наведаль Стась (брат М.Ф. Дубянецкага Станіслаў – рэд.), Эдуард і Лёня. Апрача, канешне, галоўнага майго наведвальніка – жонкі.

12 верасьня 1985 году. Сёньня перанёс “Бардзінаўскую экзекуцыю”. З раніцы ціск быў 170/90. Тэмпература і пульс у мяне заўсёды нармальныя, так было і цяпер.

Да гэтай аперацыі я рыхтаваўся, як на той сьвет: падправіў пасьцель, тумбачку, прыбраў усё лішняе, забраў з “пісьмовага” століка свой рукапіс і схаваў яго… пад падушку, чамусьці яшчэ раз працёрся мокрым рушніком, памыўся, як і раніцаю, з прымяненьнем сваёй парфумерыі, прычасаўся і пайшоў у пасьцель. Прыйшла “сьпецбрыгада” – мой урач і працэдурная сястра. Урач заняла месца на крэсьле ў маіх нагах, сястра справа ад мяне паставіла кропельніцу і пачала рыхтаваць “кровапусканьне”.

Урач наладзіла “літаратурную дыскусію”. Удзельнічаючы ў ёй, я ўсё-такі больш стараўся глядзець на сястру. Урач прама сказала, каб я туды не глядзеў. Гэтую мэту, я добра разумеў, “прасьледавала” і “дыскусія”. І ўсё-такі я пару разоў зірнуў управа. Я прыемна расчараваўся: усё на самой справе аказалася прасьцей і лягчэй, чым я сабе ўяўляў. Мяне зьдзівіла, аднак, што яны пачалі мне гэта рабіць ня ў мерны посуд, а ў абы-якія слоікі, невядома якой ёмістасьці: абедзьве “экзекутаркі” “гадалі” па колькі ж яны грамаў? Можа, па сто пяцьдзесят, а можа, і па дзьвесьце?” Не скажу, каб гэтая акалічнасьць мне спадабалася: “Кроў людская ж – не вадзіца” і да яе не павінна быць такіх, мякка кажучы, лёгенькіх адносінаў. Прынамсі, да чужой крыві! І, прынамсі, у прысутнасьці вольнага ці нявольнага донара.

Усё абышлося добра. Прытомнасьці я ня страціў, чаго вельмі баяўся; нават не было галаўнога болю.

Адразу ж, можа, нават у тую самую вену, з якой спускалі кроў, мне загналі новую іголку, толькі ўжо не ў прадплечча, а ў кісьць рукі. Замест сцэджанай чырвонай натуральнай вадкасьці жыцьця ў мае вены пайшла бясколерная празрыстая штучная вадкасьць – рэаполіглюкін.

Кровапусканьне адбылося “ў рытме струменю”, а ўліваньне – кропелькамі ў рытме 56 кропель у мінуту. Праз дзьве з паловаю гадзіны ўся комплексная – двуадзіная – аперацыя была пасьпяхова завершаная. Я быў задаволены, што застаўся ў адносна добрым настроі, мае лекары былі задаволеныя сабою і мною.

Пасьля палудня мяне наведалі Жонка і Дачка – кожная самастойна. Не дамаўляючыся паміж сабою, абедзьве прынесьлі па плітцы шакаладу. Рознага. Марыя недзе купіла невядомы мне дагэтуль шакалад “Улыбка” Ленінградсскай кандытарскай фабрыкі №3 імя Н. К. Крупскай. Упершыню, мабыць, маю магчымасьць прачытаць увесь тэкст на манжэтцы-абгортцы, разгледзець яе афарм­леньне. Так, імя вытворцы ведаю.А з чаго зроблены гэты ласунак? “Шакалад прыгатаваны, – чытаю, – з цукру, какавы-бабоў, цёртага арэха і соевай мукі з дабаўленьнем сьпірту. Араматызаваны каньячнай эсенцыяй”. Ніжэй зьлева – таварны, верагодна, знак – у невялічкім, менш аднаго сантыметра ў дыяметры, кольцы профіль контурны вавёркі з арэхам у лапцы. А ў самым куточку пад ёю – тры радочкі найбольш абагуленых і, можа, самых важных зьвестак: “Нетта 130 грамаў. Цана 1р. 95к. ГОСТ (Дзяржаўны стандарт – М. Д.) 6534-69”. Кляйма цэнзара няма, хоць у правым радочку стаіць нейкая “сігнатурка” – ЛКЦП. Можа, умоўны знак друкарні, а можа, і пад такой лічынаю хаваецца цэнзура. Яна ж і такія рэчы “заклікана” правяраць – ня толькі тэкст і тыя ружачкі-незабудачкі.

13 верасьня 1985 году. Учора пад вечар ціск упаў да 120/80, а сёньня з раніцы – зноў “стабільны” – 140/90. Правёў няўдалы эксьперымент падчас сьнеданьня: у каву з малаком паклаў добрае кольца апельсіна, і атрыманы напітак давялося выліць – малако ў шклянцы “згарнулася” імгненна. Ня ведаю чаму: не павінна б згарнуцца.

Сёньня таксама паляжаў дзьве гадзіны пад кропельніцаю. Добра, што хоць можна чытаць. Прачытаў цэлую “Літгазетаўскую” старонку з матэрыяламі ў надзённай мне рубрыцы “Сучасная медыцына: рэальнасьць і прымхі” – “Жывая” вада і “мёртвая” – што за сенсацыяй?” Кожны з двух матэрыялаў рубрыкі, апрача, натуральна, загалоўкаў, маюць яшчэ і свае “рубрыкі”. Першая – “Думка журналіста”. Маецца на ўвазе аўтар артыкулу “На гребне молвы” Е. Навагрудскі. Другая – “Каментарый сьпецыяліста”. У ролі “сьпецыяліста” выступіў тут доктар медыцынскіх навук В. Ляпахін з артыкулам “Шклянка з казак”.

Абодва артыкулы аб’ядноўвае адно – “невразумительность”, як кажуць рускія. Але нічога, усё-такі хоць нейкую інфармацыю атрымаў.

Затое багатую інфармацыю пачэрпнуў пасьля, ад сваіх дарагіх наведвальнікаў – Марыі, Галі К. (сястра жонкі Марыі Дубянецкай – рэд.), Міколы.