Выбрать главу

Мяне не шакіруе “Литературная газета”, прынамсі не заўсёды і ня ўся. Там, як правіла, кожны раз можна нешта знайсьці. Але ж я адразу адкінуў яе прэч, калі ўбачыў у Колевых руках “Ніву”, нашую “замежную” беластоцкую гаротніцу, “беларускі грамадска-культурны тыднёвік” як значыцца ў “шпігелі” кожнага яе нумару.

Коля так паважна ўручыў мне цэлую падшыўку яе – з №15 (1509) за 14 красавіка па №27 (1521) за 7 ліпеня гэтага году. Ледзь ня тры месяцы! Гэтая ж газета цяпер у нас таксама забароненая. Яе таксама варта ўключыць у мой Зборнік (“Нашу ніву” і яе сучасьніц – абавязкова!). А там жа, за той мяжою, паўмільёна беларусаў. Прыкладна палова з іх кампактна і спрадвеку жывуць на Беласточчыне, дзе і выдаецца “Ніва”.

Як балюча мы адчуваем гэтую мяжу! І мы ніколі ня зьмірымся з ёю! Але што цяпер скажам Леніну, які, не пытаючы нас, аддаў ледзь не палову нашай Беларусі палякам? А што цяпер узяць “з вернага прадаўжальніка яго справы” ката Сталіна, які таксама за кошт Беларусі абцяпваў свае “пераможныя” брудныя справы?

Божа, як нам гэта баліць!

Вось першы нумар з гэтай падшыўкі. Велікодны. Адна трэць “фасаднай” старонкі займае сімпатычная падробка пад дзіцячы малюнак – усьміхнёнае велікоднае яйка. Над ім віншаваньне: “Вясёлых сьвят!” Пад ім: “Лёнік”, маўляў, аўтар. Далей – вялікі ўрывак з паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа “Вялікдзень”.

“Ого! Жывуць жа людзі”, – думаю з захапленьнем. У нас уся гэтая старонка паляцела б у цэнзарскі кош з лямантам: “Што за яйка! Што за сьвята! Што за ўрывак выбралі ў Коласа! Наскрозь рэлігія! Не маглі знайсьці нешта нейтральнае!”

Пра Вялікдзень яшчэ нямала ёсьць на іншых старонках. Вось у рубрыцы “з народнай абраднасьці” сімпатычны мне “іхні” паэт і журналіст Міхась Шаховіч даў добрую карэспандэнцыю, якую так і назваў “Вялікдзень”. Побач, на адну чацьвёртую старонкі, – сучасная народная разьба па дрэву “Ісус Хрыстос уязджае ў Іерусалім”.

У газеце маецца дадатак для дзяцей “Зорка”. Які празрысты намёк на бацькоў газеты і іх шэфаў! У ім таксама акцэнт зроблены на гэтым цудоўным хрысьціянскім сьвяце. На першай старонцы “дадатку” – рэдакцыя шчыра зычыць сваім маленькім чытачам “вясёлых і здаровых сьвятаў і шмат-шмат каляровых пісанак і маляванак”. Пажаданьне гэтае зьмешчанае пад вялікім яйкам, з нанесенымі на ім контурамі кветак, арнаменту і слова “Зорка”. Дзецям прапануецца “прыгожа расфарбаваць гэтае велікоднае яйка”.

На другой, апошняй дзіцячай старонцы таксама, ледзь не на чвэрць яе, – цудоўны россып прыгожых контураў пісанак-маляванак (Дзякуй мастаку газеты за іх!), бярозавых пупышак і лісьцікаў. І зноў запрашэньне да “самастойнай” творчасьці: “Размалюй карцінку каляровымі алоўкамі”.

Мне часта шкада тых хлопцаў, якія робяць гэтую газету і наогул беларускую справу ў Польшчы. З некаторымі я знаёмы асабіста. Большасьці, мабыць, ня ведаю. Але ж ведаю, што ім вельмі цяжка: кадраў мала, база слабая, “гаспадары!” – палякі, мякка кажучы, не заахвочваюць іх “do jakiejs odrebnej dzialalnosci”.

Але ж я часта і… зайздрошчу гэтым бедалагам! Сьмешна нават сказаць: у Польшчы, дзе крута гаспадараць генералы і палкоўнікі, палітычных свабодаў непараўнальна больш, чым у гэтым (устрымаюся ад эмацыянальных тэрмінаў, што расьпіраюць маю галаву і сэрца) ЭСЭСЭСЭРы!

Ды за такі нумар, скажам “нашай” “Звязды”, “Советской Белоруссии”, “ЛіМа” рэдактара падвялі б пад інфаркт, а ўвесь выпуск – пад нож. Гэта, калі правароніў цэнзар на “папярэднім кантролі”. А калі цэнзар “на месцы”, “бдит”, дык далей яго стала такія матэрыялы і не пайшлі б. Не, крыху я не дакладны: не пайшлі б у нумар, да чытача, затое пайшлі б у ЦЭКа – туды, дзе катуюць і расьпінаюць журналістаў і выдаўцоў, да Савелія Паўлава (яго кандыдатура пастаўленая ўжо на прыём у члены Саюзу пісьменьнікаў!).

Так мяне захапіла (і ўсхвалявала!) велікодная тэма ў “Ніве”, што ледзь не забыў, з чаго я хацеў рабіць яе агляд.

Значыць, балючая тэма разьяднаньня народу.

Уся трэцяя старонка “заўчасна” знаёмага ўжо нам нумару, апрача адной, правай, калонкі, прысьвечаная Вялікаму сыну беларускага народу Сымону Рак-Міхайлоўскаму. Якраз прыпалі сотыя яго ўгодкі. Зьмешчаны добры артыкул добрага пісьменьніка-патрыёта Сакрата Яновіча, а таксама фотапартрэт Выдатнага Чалавека (1924 г.) і фатаграфія сучаснай вуліцы ў вёсцы Максімаўка, дзе Ён нарадзіўся.

Гэта той Чалавек, які імкнуўся перашкодзіць ленінска-кайзераўскаму гандлю Беларусьсю ў 1918 годзе. Вядома, што Ленін не дапусьціў беларусаў на тыя “перагаворы”(!). І вось С. Рак-Міхайлоўскі з такімі самымі, як і Ён, патрыётамі прабіраецца праз савецка-германскі фронт, брыдзе пехатою ў Брэст, каб сказаць беларускае “Не!” каварным намерам Леніна.