Выбрать главу

Вось, нарэшце, гэтая кніга ў маіх руках.

Цёмна-балотнага колеру, прадаўгаватая, 192 старонкі, 8.75 ул.-выд. аркушаў 84х90 1/32. І галоўнае, цешыць маё сэрца і, мабыць, недзе ў магіле Гурскі пабіў у ладкі, што ёсьць і галоўны элемент у кнізе – АТ 12234! Гэта ж яго родная служба, кроў ад крыві, плоць ад плоці. Цудоўны тыраж – 2300: больш яна нікому не спатрэбіцца. А што ж у сярэдзіне? Тое, што пасьпеў ужо прачытаць – жах!

Адкрывае зборнік успамін самага “заслужанага” паплечніка і самага мацёрага прысаветчыка ў літаратуры і культуры – Пятруся Броўкі. Пяць з гакам маразматычных старонак. Аказваецца, гэтае трызьненьне апублікаванае ў 6-м томе Броўкавага збору. Выкінуць! Не пускаць у наступнае выданьне!

Зусім не абавязковым стаіць і ўспамін Мікалая Аляксеевіча, генерала – “салдат рэвалюцыі”.

А як успрымаць словы гэтага генерала: “…мы шчыра ўдзячныя нашай партыі і савецкай уладзе, што яны выхавалі нас такімі, зрабілі ўсё, каб мы сталі сапраўднымі камуністамі, высокаадукаванымі людзь­мі, пісьменьнікамі, а самае галоўнае – вернымі салдатамі нашай ленінскай партыі”.

Бедны генерал, мабыць, спатрэбілася капейка, і ўзяў гэтае глупства прапусьціў праз “Полымя” – яшчэ ў 1978 годзе. А можа, удава, сімпатычная старэнькая Марыя Якаўлеўна паціху даўно ўжо зьбірала – заказвала такія ўспаміны. І вынік цікавы. Са сьпецпаказальніку, што дадзены ў канцы кнігі пад назваю “заўвагі”, відаць: усяго ўспамінаў надрукавана ў гэтай кнізе трыццаць два (па “зьмесьце” гэта можна прасьцей падлічыць!), з іх шаснаццаць былі “прапушчаныя” праз друк, а другія шаснаццаць суправаджае подпіс: “Напісана для кнігі”. Ну, а тыя першыя ці хоць частка з іх, напісаныя сьпецыяльна да нейкага юбілею.

Кнігу, відаць, цалкам арганізавала ўдава. Не было б яе клопату, не было б ніколі гэтай кнігі – нікому, рашуча нікому непатрэбнай. Сама ж Марыя Якаўлеўна яшчэ і прасіла тых, хто ня ўмее пісаць па-беларуску: “Вы толькі адно напішыце, а я перакладу на беларускую мову”. Можа, і тэмы раздала, каб ня надта былі адны паўторы. Яна кемлівая.

Пераклала М. Я. Гурская ўспаміны такіх, як: М. І. Аляксееў; З. І. Азгур; М.М. Жарко; А. Х. Асіпенка; А. Я. Міронаў; Н. А. Сукат; Я. І. Садоўскі. Можа, калі-небудзь я і вярнуся да гэтай кнігі.

27 верасьня 1985 году. У палату 303, паверхам ніжэй, сёньня прывезьлі зноў Льва Салаўя. Пра гэта мне паведаміла яго жонка Клара Яфімаўна.

Быў Лёня Дранько-Майсюк. Разьвітаўся перад ад’ездам аж на цэлы тыдзень (!) у саўгас “Доктаравічы”. З ім яшчэ едзе і Саша Дрозд. Цудоўны хлопец, але ж яму там заўсёды не шанцуе. Я ўжо прасіў сваіх грамадскіх дзеячаў, каб не пасылалі яго, але яны мне задалі сакраментальнае пытаньне: “А каго пасылаць?” Я не адказаў на яго.

Лёнева Воля з Васільком цяпер у Маскве, у бабкі. Да гэтай “бабкі” зьявілася раптам справа ў маёй Марыі. Лёня натхняе на тэлефонны званок. Але мая ніколі на гэта не ідзе “сходу”.

28 верасьня 1985 году. Субота. Страшэнна кепска сябе адчуваю. Зусім адчуваньне ня тое, калі цягнешся за нітрагліцэрынкаю. У мяне адразу чулася, што гэтай таблетачкі ці вельмі-вельмі будзе мала, ці яна зусім не паможа.

Віктар Дзьмітрыевіч убачыў мае мучэньні з самае раніцы і скамандаваў узяць пад язык сустак і 2-3 нітрагліцэрынкі. Сустак фортэ ўзяў і 2 нітрагліцэрынкі – 3 пабаяўся.

Ён жа, Віктар Дзьмітрыевіч, прасігналіў і на пост. Сёньня ж выхадны дзень. Аднак урач “явілася” неадкладна – Вольга Казіміраўна Доўгань.

Ціск быў вельмі высокі – мне нават і не сказалі які. Пульс ня ведаю таксама (хоць, думаю, ён нармальны)

Пачалі калоць… Апрача гэтага трэба захоўваць строгі пасьцельны рэжым №1, а сёньня толькі ляжаць.

Вельмі крыўдна, што такі рэдкасны стан у мяне, а вакол мяне нікога з родных няма – Марыя паехала з начоўкаю “на дачу”, Галя – на Каўказе, Ірынка – на практыцы. Лёня ўчора паехаў у саўгас, Алесь быў тыдзень таму назад, цяпер ня будзе. Уся надзея на Колю. Гэты, дзякаваць Богу, можа ў любы час прыбегчы.

Мне млосна, дзьве таблеткі нітрагліцэрыну здымаюць кепска. Дзе мая сям’я? А дзе Стась? Ах, ён возіцца з гэтымі маскоўскімі візіцёрамі. Я хачу бачыць некага знаёмага, каго люблю. Апрача названых, нямала яшчэ хто здольны супакоіць мяне. У мяне ж столькі сяброў і прыяцеляў, – як Лёня сказаў, “сотні вашых дзяцей, каму вы патрэбны”. А я скажу, што ня толькі “родных дзяцей”, але ж і паплечнікаў, братоў, дый дзядзькаў. Я ня буду тут нікога называць, каб нікога не прапусьціць.