Выбрать главу

Археолаг быў бязьмежна шакаваны, разгубіўся ад Колевых “наіўных” пытаньняў і прапановаў. Быў прызначаны тэрмін, калі “знаходка” можа быць знойдзена ў бяздонных доктарскіх шуфлядах.

І Коля сёньня з вялікім Іван-Крамкоўскім шкадаваньнем атрымаў першыя старонкі таго “фаліянту”. Астатнія атрымае, можа, заўтра.

Коля ня мае права дакумент публікаваць, да зьяўленьня ў друку афіцыйнага паведамленьня, “што гэта такое, каму належыць, дзякуючы каму выцягнутая на паверхню”. (Клятву Коля ня толькі такую даў, але яшчэ ў знак падзякі старэйшаму калегу зьбіраецца даць нейкую адну ці нават дзьве старых рэлігійных кнігі.)

Цяпер перада мною дзьве старонкі Сапраўды Выдатнага Дакумента, хоць ён і ў выглядзе фотакопіі.

Бедны Мікола! Ён увесь гэты час надта ўзбуджаны. Ён жа і не чакаў такіх магутных пацьверджаньняў сваёй праўды!

Сёньня ж ён мяне “зьдзівіў” і яшчэ адным дакументам: на поўных дзьвюх старонках машынапісу – ягоны ліст да славутага яцьвяга Пятра Клімука. З вялікім хваляваньнем і з ня меншымі “перахлёстамі” ён расказвае яму пра апошнія падзеі на гэтым сваім сапраўдным фроньце, запрашае Пятра Ільіча прыняць удзел у тэлеперадачы, альбо нагаварыць што-небудзь для яе на плёнку, альбо, на худы канец, напісаць нешта ў яе адрас.

Прачытаў бы “Пытрук” гэты ліст і падумаў бы, што ўжо сапраўды заўтра-пасьлязаўтра будуць створаныя друкаваныя органы, паадчыняюць школы, а то, можа, і цэлы універсітэт на яго роднай мове, а магчыма, і будзе абвешчаная нейкая дзяржаўная аўтаномія палешукоў.

Аўтар ліста спытаў у мяне, ці ўсё я прымаю ў ім. Я сумленна адказаў, што прымаю ня болей, чым 30 адсоткаў, але ж наогул лічу гэты ліст непатрэбным. Сказаў, чаму. Коля пагадзіўся адразу, нават скамечыў лісткі. Ад апошняга намеру – выкінуць у кош – я адгаварыў яго, сказаў, няхай “на ўсякі выпадак” ляжыць у далёкай шуфлядзе.

Мікола не пакрыўдзіўся. Я імкнуўся быць вельмі тактоўным у сваіх разважаньнях-парадах. Мы разьвіталіся цёпла, душэўна, – як заўсёды.

Па абедзе, як правіла, заўсёды ў адзін і той самы час – а 17-ай гадзіне прыйшоў Коля. (Ён ужо размножыў фотаапаратам тыя дзьве старонкі Яцьвяжскага лемантара. Астатняга тэксту яшчэ ня мае. Па дарозе да мяне, у раёне кінатэатру “Піянер”, ён сустрэў Рыгора Барадуліна, і паказаў яму гэтыя адбіткі. Гэта была першая іх сустрэча пасьля таго слыннага абмеркаваньня Колевых вершаў на секцыі паэзіі. Як значна маладзейшы, Коля папрасіў (паводле яго словаў) прабачэньня ў Рыгора за тадышнюю няёмкасьць. Рыгор “на разьвітаньне” буркнуў (у Колевай інтэрпрэтацыі “сказаў”): “Яшчэ ня час друкаваць гэта…”

Я адчуваю, што ў Колі не зусім гладкія адносіны з Навіцкім, з Крывіцкім (навуковым кіраўніком), з Гілевічам. А, можа, і яшчэ з кім-небудзь? Гэта непатрэбнае напружаньне ў яго дзейнасьці.)

Зусім ужо вечарам, як на нашыя шпітальныя меркі, да мяне раптам зьявіўся мой колішні і добры, шчыры, сапраўдны сябар – Рыгор Панфіленка. Гэта была вялікая нечаканасьць, бо мы ня бачыліся гадоў дваццаць, і нішто не прадказвала нашай сустрэчы.

Я ўстаў насустрач, і мы пацалаваліся. Ён толькі і вымавіў: “Пазнаў…”

А пасьля пайшлі дзівосныя і невясёлывя зьвесткі: у 1981 годзе Грыша страціў жонку. Яна памерла, пакінуўшы яму васемнаццацігадовага сына і дзьвюх меншых дочак. Сын скончыў сёлета Менскі РТІ і разьмеркаваны на працу ў Менск. Старэйшая дачка ў Маскве, меншая скончыла нейкую сярэднюю сьпецыяльную навучальную ўстанову мастацка-прыкладнога профілю і цяпер працуе ў Менскім метрабудзе.

Сам Грыша, шмат гадоў маладзейшы за мяне, ужо… на пенсіі. Гэта зусім дзіўна. Яму ж няма і пяцідзесяці! Кажа, што “па стане здароўя”, быццам бы па прычыне “псіхалагічнага захворваньня”. Ніхто, кажа, не прапаноўваў мне пакідаць працу. “Я сам пайшоў і сказаў, што працаваць ужо не змагу”. Далі яму сьпярша 150 рублёў пенсіі, пасьля па чырвонцу двойчы памяншалі.

5 кастрычніка 1985 году. Субота. Усюды звычайны рабочы дзень. Марыі сёньня ня будзе: пасьля працы іх пагоняць у нейкі басейн “здаваць нормы па плаваньні на значок “ГПА”. Значыцца, ня будзе і дзяцей: яны таксама на сваіх участках інтэнсіўна будуць працаваць.

Перад абедам мяне наведалі Валянцін Блакіт, Сяргей Законьнікаў. Законьнікаў удзельнічаў учора ў тым самым справаздачна-выбарчым партсходзе. Расказаў крыху пра яго – больш пра сваё выступленьне. Падкрэсьліў, што ў прысутнасьці там М. Дзяльца ён “даў рэзкую ацэнку тыражнай палітыкі Камітэта і абодвух упраўленьняў кніжнага гандлю.”

Яшчэ пасьля сьнеданьня пазваніў Серафіму ў выдавецтва. Гэта было перад Сяргеевым візітам, якога я, дарэчы, не чакаў. Таму мне хацелася сёе-тое даведацца пра ўчарашні сход. Але ж Серафім такі гаварун, што ня надта можа абагаціць нечым свайго субяседніка. Размова наша зьвялася ў асноўным да майго расказу пра сваю хваробу. Я завяршыў гэты расказ абяцаньнем “днямі быць у выдавецтве”.