Выбрать главу

Пры ўсім гэтым прысутнічаў Міша Ч. (Міхаіл Чуднікаў, сваяк Марыі Дубянецкай – рэд.) – ён апярэдзіў нават маіх мілых птушак. Разьвітваючыся, яны наказалі мне абавязкова ў 24 гадзіны запаліць сьвечку. Я з прыемнасьцю выканаў іх наказ.

У палаце, апроч мяне, яшчэ трое хворых: Фёдар Апанасавіч Бачыла – славуты партызан, цяпер фотакарэспандэнт “Чырвонай змены”; Міхал Васільевіч Дражын – некалі журналіст-“раёншчык”, пасьля партыйны работнік аднаго з Менскіх райкамаў, цяпер – прафсаюзны дзеяч абласнога маштабу; Уладзімір Апанасавіч Рымша – да апошняга часу узначальваў адно з вядучых упраўленьняў у Міністэрстве сувязі БССР, цяпер “малады” пенсіянер. Усе трое цікавыя людзі, больш-менш раскаваныя, на падзеі, што займаюць голавы “савецкіх людзей”, глядзяць рэалістычна. Толькі Бачыла час ад часу ўпадае ў апалагетыку ладу, Вялікай Айчыннай вайны (відаць, каб стварыць магчымасьць пахваліцца сваімі подзьвігамі, што ён і робіць у кожную вольную хвіліну).

Мая елка ўсіх іх мабілізавала, падбадзёрыла. Поўнач мы і сустрэлі вакол яе, з запаленаю сьвечкаю. Усе захапляліся маёй сям’ёю.

15 студзеня 1986 году. Дачытаў кнігі А. Кудраўца “Сачыненне на вольную тэму” і “Апавяданьні”. Добры раман і сімпатычныя ўсе апавяданьні. Перад гэтым прачытаў ужо тут аповесьць В.Распуціна “Пажар” (“Наш современник”, 1985, №7), літаратуразнаўчую працу Я.Івашкевіча “Людзі і кніжкі” (на польскай мове).

16 студзеня 1986 году. Каля дзесяці гадоў назад у мяне была выпадковая суст­рэча з прафесарам Калядой. Тады я лячыў у оталарынголага горла, як раптам зайшоў з суседняга кабінету Васіль Іванавіч Каляда. Ён закончыў там кансультацыю хворых і выйшаў да ракавіны-ўмывальніка. Зірнуўшы ў наш бок, зьвяртаецца невядома да каго з нас – да ўрача ці да хворага: “Можна і мне паглядзець?”. Урач ажыўлена прагаварыла: “Ой, што вы Васіль Іванавіч! Я буду вельмі вам удзячна! Хоць гэта вам і ня планавы хворы…” Прафесар таксама весела сказаў, зьбіраючыся сесьці перада мною: “Я не люблю ні слова план, ні таго, што за ім стаіць… асабліва ў медыцыне”.

Памятаю, я тады адзначыў сабе, што такога чалавека нельга не любіць ці хаця б проста паважаць. Кожнаму такому сьпецыялісту паліклініка рыхтуе пэўную колькасьць хворых на кансультацыю. І яны рэдка калі самі шукаюць сабе “звыш­планавых” пацыентаў. А гэты – калі ласка.

В. І. уважліва абсьледаваў усе мае органы, якія пералічаны на шыльдзе, што на дзьвярах гэтага кабінету, – “вуха, горла, нос” – і сказаў, што праз дзень-другі голас мой вернецца, парушэньняў ніякіх тут у мяне няма.

– А дзе вы думаеце адпачываць сёлета? – спытаў прафесар, незабыўшы, што за акном гуляе час летніх адпускоў.

– Зьбіраюся з сям’ёю ў Малдавію, – адказаў я коратка.

– Цудоўна, цудоўна! – малдаўскія каньякі і віны паспрыяюць канчатковаму выздараўленьню, – весела заключыў добры прафесар.

– Васіль Іванавіч! Што вы робіце, – заенчыла мой урач.

– А! Вы запісваеце мае парады? – убачыўшы перад урачом разгорнутую маю “гісторыю”, сказаў прафесар. – Дык я зусім сур’ёзна сказаў, запішыце, калі ласка, і гэтую параду.

Дома жонка-ўрач не паверыла ў маю байку пра добрага прафесара і яго чароўныя лекі.

Сёньня я другі раз сустрэўся з прафесарам Калядой. Гэту кансультацыю прызначыла мне ўрач Тацяна Віктараўна: некалькі дзён у мяне трымаецца хрыплы голас, хоць галасавыя зьвязкі яна знайшла ў парадку.

Прафесар прыняў мяне ў сваім кабінеце – на чацьвёртым паверсе Рэспубліканскай бальніцы (у старым корпусе). Я застаў яго за вывучэньнем маёй “гісторыі”. Ён паказаў мне на крэсла, і сам сеў каля мяне. Кароткае апытаньне. Уважлівае абсьледаваньне.

– Зьвязкі – нармальныя, беленькія, – кажа прафесар. – Зараз паглядзім глыбей…

Пасьля было прапальпіравана горла звонку, абсьледаваны вушы, нос. І гэта ўсё адпавядае норме. У выніку прызначана некалькі сеансаў лячэньня ва ўрача, дадзены неабходныя парады.

Усё гэта заняло некалькі хвілінаў. Тым ня менш мой візіт цягнуўся дзьве гадзіны. Прафесар у маёй “справе” вычытаў маю пасаду. Яна, відаць, выклікала ў яго мноства асацыяцыяў, павярнула яго думкі ў часы маладосьці. Да таго ж, як высьветлілася, у яго і цяпер ёсьць сувязі з выдавецкім сьветам.

Васіль Іванавіч “здаў” нядаўна ў выдавецтва “Беларусь” першую частку (кнігу) трохтомнай працы па… гісторыі Менску. Я быў нямала зьдзіўлены такім нечаканым хобі шырока вядомага дзеяча медыцыны. Аднак за гэтыя дзьве гадзіны я пераканаўся, што ён усім сваім сьвядомым жыцьцём рыхтаваўся да стварэньня такой кнігі.