Выбрать главу

І вось гэты “партыец” – Толя Бутэвіч. Ну, паглядзім… Дай Бог яму шчасьця, сьмеласьці ў адстойваньні якраз непартыйнай справы – сапраўднай беларускай, агульначалавечай літаратуры!”

Прыкладна ў хвіліны рэпрэзентацыі майго пераемніка я быў у Літфондзе. Ідучы адтуль, купіў у кіёску некалькі газетаў і часопісаў, паштовых марак. Далей на рагу Карла Маркса і Камсамольскай (во назвы!) “напароўся” на фотаатэлье і, няведама чаму, ступіў на яго ганак. Ужо там, у сярэдзіне, у галаву прыйшла “задзірыстая” думка: а ці не пазнаёміцца мне з гэтай вячэрняй карэспандэнцыяй перад фотааб’ектывам. Задумана – зроблена. Усяго за 2 рублі і 90 капеек мне паказалі журнальны столік, за якім я змагу крыху адпачыць. Нават і не зусім “крыху”. На маё месца, як мне сказалі тут, прэтэндэнтаў ня будзе, бо ўсе наведвальнікі “не вызначаюцца разнастайнасьцю. Яны перад камераю стаяць альбо сядзяць пірамідаю, парамі, групамі ці па адным – дэманструючы свой рост ці бюст”.

Ну, што ж, лічу, што мне сёньня пашанцавала. Я сапраўды стаміўся і трэба было б адпачыць некаторы час. І добра зрабіў. Пасьля гэтага завітаў у мастацкі салон-магазін. У адной зале зьвярнуў увагу на багет, у другой купіў за 3 р. 27 к. тканевы каляндар на скарынаўскую тэму. Аўтар каляндара В. А. Асташонак. Гэта сувенір уяўляе сабою афсетны друк па тканіне. Упрыгожаную такім метадам тканіну, мая мама называла “набіўной”. Колісь майстры-“афсетчыкі” хадзілі ад вёскі да вёскі і гучна пыталі ўсю вуліцу: “Каму ручнік выгаўтаваць за 15 хвілінаў? Каму абрус вышыць за паўгадзіны? Каму хустку, каму насовак вышываных прадаць? Магу сваё вышыванае прадаць! Магу пры вас вышыць з вашага матэрыялу!” і г. д.

Як там ні было, каляндар мне падабаецца. Вось яго выгляд: на сьветла-бежавай тканіне фармату 144х300 мм на самым відным месцы надрукаваны кананічны скарынаўскі аўтапартрэт з “Кнігі “Быцьця”, яго Бібліі. Ніжэй – табель-каляндар на 1986 год. Канцы гэтага “ручніка”-вымпела, каб яго можна было падвесіць, забясьпечаныя карычневымі “палачкамі”. На верхняй з іх – шаўковая вішнёвая нітачка-касічка. Паміж верхнім арнаментам (ён удвая вужэйшы за ніжні) і партрэтам чырвонымі літарамі надрукавана “Францыск Скарына – вялікі беларускі асьветнік-гуманіст”. Маргінальна дадзены “буквіцы” “Ф” і “С”, скарынаўскія выдавецкія знакі і дзьве яго заставачкі.

Аднак нішто не магло мяне адцягнуць ад майго выдавецтва, ад пытаньня “Як там ўсё гэта адбылося?” Я пазваніў Васілю. Ён расказаў мне такое, чаго я і не чакаў. Паўлаў і Дзялец не павялі новага дырэктара ў выдавецтва, а выклікалі ўсё выдавецтва да сябе – “гару да Магамета”.

Рэпрэзентацыя А. Бутэвіча зьвялася да таго, што Савелій паўлаў выйшаў з-за стала прэзідыуму на трыбуну і хвілінаў пятнаццаць, літаральна, “расьпякаў” выдаўцоў за нашы крамольныя выданьні і намеры. А іх было нямала. Адзін альманах “Спадчына” чаго варты. З яго ён і пачаў шэльмаваць паважаных на ўсю Беларусь людзей, што сядзелі, панурыўшы галовы, перад ім. Як гэта яны, нягоднікі, хацелі надрукаваць у ім да 100-годдзя вялікага Купалы яго п’есу “Тутэйшыя?” “ЦК партыі вымушаны быў умяшацца і забараніць гэты яўна небясьпечны зборнік. Забараніць і першы яго выпуск і ўсе наступныя. Спыніць зусім гэтае выданьне!”

Ня згладзіў і Дзялец сваёй вернападданьніцкай прамоваю ўражаньне ад цэкоўскае лаянкі. А што ж Бутэвіч? Ён толькі падзякаваў “партыі за давер” і паабяцаў “апраўдаць” яго.

Цікава і тое, што некаторыя з прысутных, асабліва моладзь, упершыню ўбачылі перад сабою і пачулі прамову вялікага партыйнага боса, ацанілі партстыль адносінаў і “сувязі з масамі”.

Пасьля ў мяне была гаворка з двума вядомымі ў рэспубліцы дзеячамі культуры пра магчымыя паводзіны на чарговым беларускім пісьменьніцкім зьезьдзе…

5 красавіка 1986 году. Дык вось, наведаўшы ўчора мастацкі магазін, я ўбачыў там цікавы багет. Хацеў нават купіць, ня ведаючы, навошта – у мяне ж ляжыць яго прыхаваных трохмятровых палак шэсьць розных фасонаў. Некалькі год таму назад мне ўдалося дастаць адносна добрыя рэпрадукцыі з сусьветна вядомых твораў. Сярод іх “Мадону Канестабіле” і “Сіксьцінскую Мадону” Рафаэля Санці, “Мону Лізу” і “мадону Літу” Леанарда да Вінчы. Зьбіраўся аформіць іх і ўключыць у сваю калекцыю.

Вярнуўшыся дамоў, прыдзірліва перагледзеў свой багет і вырашыў ўсё-такі днямі купіць пару метраў аднаго з тых, што найбольш мне спадабаўся – для любімай мною “Мадоны Літы”. Найлепшы са старых дастанецца “Джакондзе”. І вось сёньняшні суботні дзень у такіх вось справаў, я пачаў прыкладна імі і скончыў яго. Павыграбаў адусюль дзясяткі розных трубак, рулонаў. Ведаю, што ў іх захоўваюцца ці чакаюць свайго зорнага часу матэрыялы, што калісьці мне спатрэбіліся ці спадабаліся.