Выбрать главу

Далей Васіль Уладзіміравіч закрануў, як ён сказаў, “вечную праблему” літаратуры: для каго пісаць? Хто нас чытае?” Тут прамоўца ня раз выходзіў на “калючыя” моманты нашага існаваньня ў рэальных умовах, як, напрыклад:

– зьніжэньне значэньня друкаванага слова;

– “звужэньне моўнага нацыянальнага арэалу” (шкада, што не разьвіў гэтую думку);

– разбуральная роля “бюракратычных інстанцыяў” (ён іх заўсёды памінае);

– прыстасаванства, кан’юктурызм асобных пісьменьнікаў, якія даюць толькі “сезонны тавар шырспажыву”;

– пакуль што ў нашай літаратуры застаецца “белая пляма на месцы незабыўнага Уладзіміра Караткевіча, чалавечы лёс да якога, дарэчы, паставіўся так няўдзячна”;

– замест колішняга юнацкага максімалізму, цяпер некаторыя маладыя вельмі “лёгка і ахвотна засвойваюць ахраніцельскі кансерватызм, уласьцівы старэйшым пакаленьням, і калі распачынаюць канфлікты са старэйшымі, дык зусім не на літаратурнай глебе”.

Як бачым, тут кожны тэзіс мае выбуховую сілу. Пасьля бліскучай сваёй прамовы Быкаў “сфарміраваў” прэзідыум зьезду ажно з 66 чалавек і ўступіў вядучае месца Нілу гілевічу. А гэты ўмее трымаць аўдыторыю ў жалезных руках. Тым больш, што сцэнарый зьезду ня без яго рыхтаваўся, ды й будуць стымуляваць самыя важныя госьці зьезду, якія побач з ім – намесьнік Масквы па Беларусі таварыш сьлюнькоў1, “прэзідэнт” рэспублікі Г. Таразевіч2, “прэм’ер” М. Кавалёў3.

Апроч іх, у прэзідыум “выбралі” непасрэдных кіраўнікоў беларускай літаратуры, чыноўнікаў з ЦК КПБ: сакратара па ідэалогіі А. Кузьміна, загадчыкаў аддзелаў І. Антановіча, С. Броньнікава, М. Дзямчука, С. Паўлава, сакратароў Менскіх абкаму і гаркаму партыі А. Жыльскага, П. Краўчанку; вядома, С. Законьнікава і невядома чаму П.Украінец4.

ЦК КПСС на нашым зьезьдзе і ў яго прэзідыуме быў прадстаўлены нейкім інструктарам з аддзелу культуры, камсамол – першым сакратаром ЦК камсамолу Беларусі.

Сярод “шасьцідзесяці шасьці” ўласна пісьменьнікаў было менш паловы. Ды і то гэта пісьменьнікі-начальнікі. Каманда Сьлюнькова была больш прадстаўнічая (як, зрэшты, і ў зале). У ёй было шмат міністраў, кіраўнікоў і відных прадстаўнікоў і іншых творчых і нятворчых арганізацыяў.

Звыш “66” у прэзідыум былі запрошаны госьці – пісьменьнікі з брацкіх рэспублік на чале з Аляксандрам Чакоўскім. Не абышлося і бяз гэтак званага “ганаровага прэзідыуму ў складзе палітбюро ЦК КПСС на чале з генеральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Сяргеевічам Гарбачовым”. Выгукнуць з трыбуны гэтую тыраду даручылі таксама не абы-каму, а вядомаму і сапраўды паважанаму ў нашым асяроддзі крытыку, літаратуразнаўцу і педагогу Уладзіміру Калесьніку. “Зганьбілі добрага чалавека такім удзелам у гэтым сьпектаклі”, – падумаў я, слухаючы з якой цяжкасьцю цэдзіць ён са сваіх вуснаў гэты рытуальны тэкст савецкай прымусовай рэлігіі.

Каля дзясятку выбрана было на зьезьдзе ўсялякіх “рабочых”, “кіруючых” і іншых органаў. Праз іх прапушчана адсоткаў семдзесят агульнага складу пісьменьніцкай арганізацыі. Можна было б і не спыняцца на гэтым фрагменьце нашай “бягучай” статыстыкі. Але ж на адпаведную думку наштурхнулі мяне дзьве заўвагі ў мой адрас.

Першая. У адным з перапынкаў Іван Чыгрынаў спытаў мяне, у якую я выбраны камісію. Мяне зьдзівіла гэтае пытаньне. Чыгрынаў жа ўваходзіў у склад “штаба”, які рыхтаваў ці абмяркоўваў сцэнарый зьезду, і ня мог ня ведаць, што мяне прынцыпова, яшчэ на кабінетнай стадыі, нікуды не ўвялі – небясьпечна.

Другая – пацьвярджае дальнабачнасьць, празорлівасьць тых заплечных справаў майстроў.

Амаль самы канец зьезду. Толькі што прынята яго рэзалюцыя. Падняліся ісьці на чарговы перапынак перад абвяшчэньнем вынікаў галасаваньня. Раптам нехта, здаецца, Генрых Далідовіч, голасна сказаў, зьвяртаючыся да мяне:

– І ўсё-такі вы, Міхал Фёдаравіч, прадэманстравалі сваю годнасьць лідэра мас. – О! Так-так! Правільна! – чулася адусюль.

За заўвагай Далідовіча стаяў наступны эпізод. У зачытаным з трыбуны праекце рэзалюцыі былі словы, што “зьезд ухваляе арганізатарскую і арганізацыйна-масавую работу праўленьня” (маецца на ўвазе перыяд паміж VIII і IX зьездамі). А фактычна, калі давалася ацэнка дзейнасьці Праўленьня, зьезд прагаласаваў за іншую фармулёўку – “лічыць работу праўленьня… здавальняючай”. Я падняўся і прыгадаў гэта. Максім Лужанін, які вёў рэй, сказаў, што ня бачыць розьніцы ў абедзьвюх фармулёўках. Я зноў устаў і растлумачыў, што розьніца ня проста тэрміналагічная, але і юрыдычная. Тэрмін “ухваліць” азначае найвышэйшую ацэнку, тады, як тэрмін “здавальняюча” – толькі пасрэдную. Там можна, як кажуць, спачыць на лаўрах, а тут мусова яшчэ варушыцца, каб выпраўляць хібы.