Выбрать главу

Чую па радыё, што ў 11 гадзінаў будуць перадаваць матэрыял загадчыка сектару газетаў і часопісаў (гэтак цяпер называецца сектар друку) аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК КПБ Міколы Зяньковіча. А можа сам будзе выступаць? Ведаю загадзя пра што скажа. Трэба добра запамятаць гэтую злавесную постаць у нашым беларускім друку! Пасьля Паўлава (толькі што перадалі, што за сваю “Імперскую паранойю” атрымаў прэмію СЖ СССР) гэта другі па шаленстве і лютасьці жандарм у нашым друку. Ён жа, разам з Паўлавым, зьяўляецца суаўтарам майго інфаркту...

Хопіць пра гэта. Сёньня з выпадку нядзелі культмасавік арганізоўвае экскурсію ў Івянец – “на радзіму Ф. Э. Дзяржынскага”, як ён абвясьціў. Туды кіламетраў 30. Я вырашыў паехаць. Ужо столькі часу ня рухаўся. Да таго ж я ніколі ня быў у Івянцы. А гэта ж цікавы населены пункт рэспублікі ня толькі, як радзіма оберката Дзяржынскага. Іду прымаць лекі, сьнедаць і… на “Ікарус”.

6 мая 1985 г. Экскурсіяй задаволены. Зрабіў цікавае адкрыцьцё. Музей існуе ў Івянцы з верасьня 1957, калі адзначалася 80-годдзе заснавальніка небывалага ў сьвеце чэкісцкага рэжыму. Ад Івянца да роднай сядзібы Дзяржынскага 15 кіламетраў. Трэба б было, вядома, там, у Дзяржынаве адкрываць музей, але ж яно было дашчэнту спаленае фашыстамі ў 1943 годзе(?). Давялося шукаць адпаведнае памяшканьне ў Івянцы, які тады быў, здаецца, раённым цэнтрам. Значыцца, персьпектыўным, значыцца, натоўп да “жалезнага Фелікса” будзе пастаянны. І знайшлі сапраўды адпаведны будынак – вялікі, двухпавярховы, мураваны, прыгожы. Крыху падправілі і ён стаў нагадваць (перш за ўсё сваёй вежай) цытадэль, за сьценамі якой можа ціха і сакрэтна рабіцца тое, што патрэбна гаспадару.

Я пацікавіўся былымі гаспадарамі гэтага збудаваньня. Паводле дзівоснага зьбегу абставінаў дом належаў да 1939 году аднаму жыхару мястэчка (шкада, што ня ведаю пакуль яго імя і прозьвішча), мясьніку па роду сваіх штодзённых заняткаў. Дом быў ня толькі жыльлём сям’і мясьніка, але ж і “фабрыкай”. Сюды заводзілі жывёліну, забівалі, секлі на адпаведныя кавалкі і накіроўвалі што ў падвалы, што ў склеп (магазін).

Я быў шакіраваны гэтым адкрыцьцём: музей Дзяржынскага ў былым доме мясьніка! Нават зьдзіўляюся цяпер, як я здолеў пасьля такой моцнай асацыяцыі задаць экскурсаводу яшчэ адно “нявіннае” і наіўнае пытаньне:

– А гэты мясьнік так і “раскашаваў” у гэтым доме аж да 1957 году?

– Ну што вы, хто б дазволіў такое? – чую ў адказ тое, што і сам ведаю. Але ж мая цікаўнасьць была па-каралеўску ўзнагароджаная працягам адказу. З прыходам у 1939 годзе савецкай улады ў гэтым доме разьмяшчаўся раённы камітэт дзяржаўнай бясьпекі, тады, здаецца, ён ня так называўся.

Я ледзь не самлеў ад такога адкрыцьця. На языку круцілася пытаньне, дзе цяпер мясьнік. Але я ня стаў так доўга трымаць чалавека, бо я ж у яго не адзін. Да таго ж упэўнены, што тое НКУС сьпярша арыштавала мясьніка, вывезла ў Сібір яго сям’ю, адмыла са сьценаў кроў хатняй жывёлы і толькі пасьля гэтага пачало пырскаць на яе чалавечай крывёю.

О, Богі! І цяпер менавіта тут музей менавіта Дзяржынскага!

Дом пафарбаваны ў густа-чырвоны колер. Мабыць, маляры сьвядома ці з нечые каманды гэта робяць – колер рэвалюцыі, маўляў. Я ж уяўляю сабе, гледзячы на гэты будынак, кроў. Кроў мясьніковых ахвяраў. Кроў ахвяраў таго НКУС. Кроў тых усіх разнайменных крывавых органаў, бацькам і патронам якіх быў і ёсьць той, як палякі яшчэ да 1939 года казалі, crwawy Feliks.

Экскурсавод сабраў усіх перад гэтым дзівосным домам дзеля фатаграфаваньня. Я з маімі думкамі ня мог ні пазіраваць, ні тым больш малітоўна стаяць на фоне гэтага злавеснага мясьніковага дому. Другі раз фатаграфаваньне было арганізаванае перад помнікам гэтаму Феліксу ў яго бацькоўскай сялібе. І таксама без мяне.

З мяне было досыць таго, што я здабыў. Праўда, дзеля поўнага “шчасьця” вынаходцы мне ўсё-такі трэба дазнацца ўсё пра таго мясьніка і яго сям’ю, пра іх лёс, што-небудзь аб працягу мясьніковай дзейнасьці яго “пераемнікаў”, а можа, і пра іхніх сёньняшніх нашчадкаў.