Выбрать главу

Бэрман быў выбраны, а мужа майго праз паўтара месяца пасадзілі ў турму, а мяне зьнялі з пасады першага сакратара Варашылаўскага райкаму партыі гораду Менску. Вельмі груба, абразьліва трэсьлі нашую кватэру. (Мы жылі ў “доме Саветаў” на рагу вуліцаў Карла Маркса і Леніна). Пасьля папярэдняга жыльца гэтай кватэры на антрэсолях застаўся апарат для прыгатаваньня марожанага. Я ім і сказала, што гэта такое. Тым ня менш у пратаколе ён быў названы “апаратам невядомага прызначэньня”.

– Я напісала Сталіну ліст на 18-ці старонках. (Почырк у мяне быў тады выдатны, нават мужу перапісвала). Ліст дайшоў да Сталіна. Мне вядома і ягоная рэзалюцыя: “Тав. Берыя, тав. Панамарэнка. Праверце ўсё, што яна піша. Калі падманвае, – паступіць, як з ворагам народу. А калі праўду напісала, – задаволіць яе просьбу. Сталін”. Я напісала “праўду”. Праз паўтара гады мужа адпусьцілі. На 22 кілаграмы пахудзеў ён там, абнасіўся – трымалі ж ва ўсім сваім адзеньні. Рэабілітавалі, прызначылі старшынёю Менскага аблвыканкаму, мяне – загадваць упраўленьнем мастацтва. Вось чаму мы абодва і трапілі на тую Дэкаду ў Маскву, а там і ў Крэмль.

– Пасьля вызваленьня Заходняй Беларусі, – кажа Фаіна Дадзіёмава, – мяне паслалі туды наладжваць культуру – здабыткі не малыя! Напрыклад, Генадзь Цітовіч з яго калектывамі. Памятаю, прывезла я іх на Дэкаду ў Маскву. Добра сьпявалі. Але ўсе яны, апроч Цітовіча, апынуліся неўзабаве на баку фашыстаў.

Я прыгадаў, што сёньня якраз апублікаваны ў друку афіцыйны некралог на сьмерць гэтага вялікага сына Беларусі. Памёр ён чатыры дні таму назад на 76-м годзе жыцьця. Трэба неадкладна дазнацца, як там справы з выданьнем “Баранавіцкага фальклорнага зборніка”, які ён праз мяне выдаваў.

Апроч іншага, расказала Дадзіёмава сёе-тое і пра сваю працу ў цэнзуры. Не забылася перш за ўсё пахваліцца, што яна адзіны начальнік Галоўліту, які за працу ў цэнзуры ўзнагароджаны ордэнам. Я не ўдакладняў, ні які ордэн гэта быў, ні “геаграфію” названых начальнікаў – ці меліся на ўвазе “беларускія” ці ўсіх рэспублік.

Цікава, прынамсі мне, было слухаць пра яе адносіны са “славутым” Цанавам – міністрам унутраных справаў БССР. Яна ж была сама Цанавам у друку. Яе слоўца “душыла” – мае ўсе падставы, каб ім акрэсьліць яе ролю ў беларускім друку.

Аказваецца яна мела дачыненьне да выпуску ў сьвет гучнай двухтомнай “працы Цанавы” пра гісторыю партызанскага руху на Беларусі: пасьля цэнзара Савіцкай (якая “выдавала сябе за рэдактара падпольнай “Звязды”) быццам бы сама перачытала і шмат чаго выкрэсьліла. “А гэта ж Цанава!” Ён хацеў адпомсьціць мне на Бюро ЦК за памылку, дапушчаную ў ЦК КПБ Красоўскім і якраз выпраўленую мною. А справа вось у чым. За тры месяцы перад абвяшчэньнем чарговай дзяржаўнай пазыкі пачалі сакрэтна друкаваць лозунгі. Напісана ўсё было па-руску, але хацелася выпусьціць штокольвечы і на беларускай мове. І вось пераклалі “СССР – оплот мира и безопасности” – “СССР – аплот міру і небясьпекі”. Так надрукавалі і пасьпелі ўжо выслаць палове абласьцей. Яна рабіла чарговую “інсьпекцыю” ў друкарні (імя Сталіна) і ўбачыла. Адразу спыніла друкаваньне, выправіла “памылку”, дала тэлеграмы ў вобласьці, каб вярнулі тое нерасьпячатваючы. Вядома, пакарала свайго цэнзара. А Цанава падрыхтаваў на ЦК пытаньне, што гэта яго людзі праявілі пільнасьць і ўсё паставілі на свае месцы. Дадзіёмавай прапанавалася пакараньне. “Я выкрыкнула Цанаве: “Вы хлусіце!” Спалохаўся нават сам Патолічаў. Аднак мне няма куды дзявацца, я запатрабавала, каб знайшлі выпраўлены і падпісаны мною экземпляр. Знайшлі ў сейфе Красоўскага, які прамаўчаў, не ратаваў мяне. Патолічаў згладзіў канфлікт. А трэба было б усыпаць гэтаму хаму Цанаву!”

Дзяла! – як кажуць Быкаўскія героі ў аповесьці “Кар’ер”…

9 ліпеня 1986 году. Сёньня ў Лены і Мішы (сваякі Марыі Дубянецкай – рэд.) нарадзілася дачка (3,9 кг., 56 см.). Яна зьяўлялася на сьвет якраз у той самы час, калі яе бацька і бабуля стаялі перад разьюшанымі чыноўнікамі ў выканкаме Цэнтральнага райсавету “народных” дэпутатаў гораду Менску і з сардэчным болем слухалі іх лаянку і абразы. Мы ведаем дакладны час нараджэньня Веранічкі. Вылічылі таксама і час, калі савецкі хам выгукнуў яе бацьку: “50 рублёў штрафу!”. Атрымалася злавесная сімволіка: абедзьве падзеі адбываліся адначасова, хвіліна ў хвіліну!

Зрэшты няма чаго зьдзіўляцца: усё ідзе паводле савецкага сацыялістычнага заканадаўства. Гэтая сям’я зьвярнулася ў райвыканкам з просьбай даць дазвол на пабудову каля іхняга дому новай паветкі ўзамен старой спарахнелай і гаражу. Паветку дазволілі будаваць, а гараж – не. прапанавалі зьвярнуцца тады, калі будзе машына. Як ні ўпрошвалі, як ні ўмольвалі – не дазволілі. Не ўлічылі, што ў абодвух памяшканьнях павінны быць агульная сьцяна, агульны дах, што, значыць, кладку іх трэба весьці адначасова. Хутка Мішу выклікалі ў аўтамагазін, прапанавалі ўнесьці грошы за машыну. Ён унёс і пачаў будаваць паветку з гаражом. Суседка Юля данесла “куды трэба” – вось і вынік! Вось і сустрэча новага грамадзяніна па-савецку!