Выбрать главу

Гэтага грамадзяніна будуць заўсёды суправаджаць штрафы і страх перад імі. Незадоўга перад яго прыходам на сьвет я быў сьведкам яшчэ і такога пакараньня яго бацькоў. Участковы міліцыянер аштрафаваў іх на 10 рублёў за тое, што прывезены для будоўлі жвір ссыпалі перад парканам, ад вуліцы. Яму тлумачылі, што гэта часова, каб не трымаць машыну, што жвір будзе неадкладна перакінуты за паркан. Але, як вядома, Масква сьлязам ня верыць.

А ўзяць апошнія пастановы і законы “партыі і ўраду”! Усе яны нафаршыраваныя багатым асартыментам самых розных пакараньняў – ад расстрэлаў да штрафаў. Кожны дзень зьяўляюцца новыя штрафы. Вось ня так даўно ўвялі новы, павышаны штраф за безьбілетны праезд у гарадскім транспарце: некалі быў 50 капеек, цяпер – 2 рублі. А паспрабуй прадаваць свае кветкі каля кветакавага магазіну на вуліцы Прытыцкага, атрымаеш штраф на 150 рублёў! Суседка Ніна днямі ледзь не памерла, уцякаючы адтуль ад міліцэйскай пагоні.

11 жніўня 1986 году. Як звычайна, без кансультацыі з народам, нават без абвяшчэньня ў сродках масавай інфармацыі, савецкі ўрад зноў правёў значнае павышэньне цэнаў на прадукты харчаваньня.

Так, напрыклад, кілаграм сьвінога сала каштаваў 2 р. 30 к. З 10 жніўня ён ужо каштуе 3 р. 60 к., альбо на 64 адсоткі даражэй. Каўбаса “сервілат” паднялася ў цане роўна ўдвая – з пяці з паловай да адзінаццаці рублёў за кілаграм. Дзіўна і крыўдна, што самая папулярная параўнальна недарагая з вэнджаных каўбаса, якая каштавала 2 р. 60 к., цяпер ужо падскочыла ў цане аж утрая, на яе пачапілі сярпаста-малаткастую бірку з выразьненькай цаною ў сярэдзіне: “Адзін кэгэ 7 рэ 80 кэ”.

А народ пакуль што яшчэ маўчыць. Нават не патрабуе падагнаць адпаведна зарплату. Сапраўды выхавалі новага запалоханага чалавека.

У нашым гастраноме Марыя з Вераю Рыс (сваячка М. Дубянецкага – рэд.) былі сьведкамі, як работнікі магазіну лавілі нейкага мужчыну, што вырашыў прыхапіць сёе-тое з гэтых прадуктаў дарма, бяз грошай. Ён аказаўся спрытнейшы, лаўчэй скакаў праз скрынкі, але выбег адтуль змакрэлы і парожні: растрэс увесь свой набытак. Цяпер, вядома, усе гэтыя кавалкі пусьцяць на даважкі.

Чакаецца таксама значнае павышэньне цэнаў на мяса і… зноў на сьпіртныя напіткі. А недзе ў нейкіх канцылярыях ляжаць “прынцыпы” новай, вядома, падвоенай і патроенай, аплаты за кватэры.

Вось так і жывем!..

28 жніўня 1986 году.

Тэлеграма

220030 Менск, вуліца Купалы 7, кватэра 31, Г. М. Бураўкіну

Дарагі Генадзь

Вельмі рэальна адчуваю жар і бляск твайго Залатога Поўдня Кропка Рады што ты менавіта такі Працяжнік сапраўдны паэт грамадзянін сябра чалавек Кропка Горача віншую і зычу надалей захоўваць і разьвіваць гэтую форму Кропка

Шчыра твой Міхал Дубянецкі

29 жніўня 1986 году. Нарэшце аб’явіўся клірык Генрык. І ўжо ня проста клірык, а сьвятар. Згодна з падпісаным кардыналам накіраваньнем ён прыехаў вікарыем у Менскі Кальварыйскі касьцёл.

Прыехаў і адразу ж пачаліся пакуты. Упаўнаважаны СМ БССР па справах культаў Андрэй Залескі прыняў яго вельмі холадна. Сказаў, што тут месца ксяндзу няма, адпраўляйцеся ў Гродзенскую вобласьць. Малады ксёндз адмовіўся, сказаў, што яго духоўная ўлада накірвала яго сюды, і што тут сапраўды ён патрэбны.

Ну што ж, хітра сказаў ваяўнічы атэіст, калі вы такі ўпарты, дык шукайце месца прапісацца ў Менску. Без прапіскі, паводле закону, ніхто ня можа быць дапушчаны да працы. Але папярэджваю, кажа Залескі, у Менску амаль нельга прапісацца, бо патрабуецца па 12 м2 і на тых, хто жыве ў той кватэры, куды вы хочаце пасяліцца, і на вас таксама. А дзе ў нас такія кватэры?

Пайшоў ксёндз Генрык у пагоню за жар-птушкаю… і дагнаў: знайшоў кватэру, дзе на 56 м2 жыве адна толькі старэнькая кабета. Яна з задавальненьнем прыняла бяздомнага сьвятара, дала яму сваю дамавую кнігу і пайшла з ім у міліцыю на прапіску.

Тут адбыўся цуд. Чыноўнік міліцыі, спраўдзіўшы накіраваньне і жылую плошчу, – прапісаў.

На другі ж дзень а. Генрык зьявіўся да Залескага. Ён сустрэў яго ледзь ня вокрыкам: “новага я вам нічога не скажу, трэба прапісацца!” О, як пазялянеў ён, дазнаўшыся, што немагчымае – зроблена. “Дзе?! Як?!” – зьбянтэжана паўтараў ён. Запісаў адрас таго палаца, дзе знайшлося вольнае месца… Прыйдзіце праз пару дзён, – завяршыў гаворку чыноўнік.